АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (25-26.05.2011)

posted May 28, 2011, 3:24 PM by Адміністратар Навін   [ updated May 28, 2011, 3:25 PM ]
Цёмныя, як бутэлька

25 траўня 2011 г. нідэрляндская газэта “Algemeen Dagblad” напісала пра новую кнігу прафэсара Кардзіфскага ўнівэрсітэту (Вялікая Брытанія) Яна Бодэсана. Прафэсар напісаў пра так званую “Dierspraakschool”. Адольф Гітлер загадаў быў навукоўцам таемна стварыць армію сабак, якія маглі б размаўляць, чытаць і пісаць. Вяліся актыўныя экспэрымэнты з сабакамі, на гэта былі выдаткаваны вялікія грашовыя сродкі.

Наш камэнтар: У Беларусі даўно ўжо заўважаны адзін дзеяч. Ён то Гітлера публічна пахваліць, то дасьць вялікія сродкі на выраб perpetuum mobile. Апошнім ягоным праектам перад ідыёцкімі “лядовымі палацамі” быў праект супэрказы, якую павінны былі вывесьці беларускія навукоўцы. Лукашызм, як і гітлерызм — ня толькі небясьпечная і бесчалавечная, але па-свойму і кур'ёзная зьява. Дарэчы, гэта тыповыя паводзіны цёмных людзей, якія валодаюць неабмежаванай уладай.

Юрка Марозаў


Іх чакаюць доўгія нары і... канец

25 траўня 2011 г. бэльгійская газэта “Nieuwsblad” напісала, што былы прэзыдэнт Эгіпту Мубарак і абодва ягоных сыны ў бліжэйшы час стануць перад судом. Іх абвінавачваюць у забойстве маніфэстантаў і ў карупцыі. Сыны сядзяць у турме, Мубарак — пад аховай у шпіталі.

Наш камэнтар: Яшчэ нядаўна фараонская сямейка куражылася, абкрадала свой народ і краіну, загадвала страляць па людзях. Сынкі не адставалі ад пахана. І вось ужо нары, пайка баланды, пільная ахова і народны праклён...

Алесь Хадасевіч


Гаага набліжакцца

26 траўня 2011 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” паведаміла, што падчас спэцапэрацыі, праведзенай спэцслужбамі Сэрбіі, быў арыштаваны Радка Младзіч. Генэрал Младзіч з 1996 г. расшукваецца паводле ордэру на арышт Міжнароднага Гаагскага трыбуналу за злачынствы супраць чалавечнасьці і ваенныя злачынствы. Ён быў ваенным лідэрам сэрбаў у Босьніі. Сярод іншага камандваў забойствам больш за 8 тысячаў чалавек у Срэбраніцы.

Наш камэнтар: Чарговы сябручок Лукашэнкі ходзіць з кайданкамі на руках і пад аховай. Кола сьціскаецца...

Юрка Марозаў


Прымазваюцца да культуры

26 траўня 2011 г. славацкая газэта “SME” напісала пра плакаты ў Пецярбургу. Напярэдадні сьвяткаваньняў угодкаў заснаваньня горада на вуліцах Піцера былі выстаўлены вялізныя плакаты з выявамі эмблемы пуцінскай партыі “Едіная Россія” і партрэтамі знакамітых людзей: Пятра І, акадэміка Ліхачова, акцёра Лаўрова, паэта Пушкіна, кампазітара Шастаковіча, пісьменьніка Дастаеўскага. Унучка Шастаковіча Анастасія Чукоўская заявіла, што “мы ня хочам мець нічога агульнага з палітычнай партыяй”. Пасьля грамадзянскіх пратэстаў гарадзкое начальства пачало плакаты здымаць.

Наш камэнтар: Гэбоўская партыя запісала ў свае члены шэраг знакамітых нябожчыкаў — перадвыбарчы піяр проста паводле Гогаля. Унучка вялікага беларуса Дзімітрыя Шастаковіча добра дала адлуп правакатарам.

Алесь Хадасевіч


Адабралі “мігалку”

26 траўня 2011 г. польская газэта “Zycie Warszawy” апублікавала артыкул пад тытулам “Цар кіно абразіўся на ўрад”. Вядомы расейскі рэжысёр Нікіта Міхалкоў выйшаў са складу грамадзкай рады пры мінабароны Расеі, бо ўрад адабраў у яго “мігалку” на машыне. Газэта напісала: “Пясьняр патрыятызму, царызму і даўняй Русі, прыхільнік Уладзіміра Пуціна, які апошнім разам ўславіўся сьцьверджаньнем, што землятрус у Японіі ёсьць божай карай для чалавецтва. СМІ пачалі заклікаць рэжысёра, каб ён аддаў мігалку. Бо, як жа так — сымвалам касты алігархаў і чыноўнікаў карыстаецца Міхалкоў — сумленьне Расеі? Але Нікіта Сяргеевіч сказаў крытыкам: “х... с вамі”.

Наш камэнтар: Вось такое “сумленьне” Расеі... Дарэчы, апошнія фільмы пра сталіншчыну і вайну аўтарства гэтага “сумленьня” скончыліся поўным правалам нават у Расеі. Манумэнтальная кінахлусьня — творы самазамілаванага выскачкі — круцілася ў пустых кіназалях. Эстэтыка гэбізма-пуцінізма не хвалюе людзей.

Алесь Хадасевіч


У Грэцыі дрэнна

26 траўня 2011 г. швэдская газэта “Dagens Nyheter” апублікавала артыкул пад тытулам “Грэцыі пагражае банкруцтва дзяржавы”. Газэта напісала: “Эканамічны крызіс у Грэцыі рызыкуе распаўсюдзіцца на шмат іншых краін. Грошы Грэцыі ў хуткім часе скончацца, а краіна не дае рады драматычным грамадзкім пераменам, якія вымушае сытуацыя”.

Наш камэнтар: Грэцыя і іншыя краіны ёсьць ахвярамі авантурніцкай і тупіковай палітыкі брусэльскай бюракратыі. А папярэджвалі разумныя людзі ў Эўропе, што лібэральныя бездары на чале з Нямеччынай ствараюць на Захадзе новы Савецкі Саюз. Ды, на жаль, народы іх не пачулі.

Алесь Хадасевіч