НОВАЯ ЗЬДЗЕЛКА РЭЖЫМУ З МАСКВОЙ

posted May 28, 2011, 3:25 PM by Адміністратар Навін   [ updated May 28, 2011, 3:25 PM ]
24 траўня (якраз пад грукат рэжымнай дэвальвацыі беларускага рубля) газэта “Нар. Воля” апублікавала рускамоўны артыкул пад тытулам “Российские С-400 разместятся в Беларуси”. Прапануем пераклад фрагмэнта гэтага паведамленьня:

“Масква і Менск дамовіліся аб пастаўцы ў Беларусь зэнітнай ракетнай сістэмы С-400 “Тріюмф”. Магчымасьць закупкі гэтых комплексаў у Расеі беларускі бок разглядаў з ліпеня мінулага года. Пытаньне аб пастаўцы ў Беларусь найноўшай зэнітнай ракетнай сістэмы С-400 практычна вырашана. Пра гэта заявіў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі Павел Барадзін напярэдадні міжнароднай выставы ўзбраеньняў і вайсковай тэхнікі MILEX-2011, што адкрылася ў Менску. “Яны будуць базавацца на тэрыторыі Беларусі і Рсаеі. У нас адна тэрыторыя, у нас няма межаў”, — заявіў Барадзін, перадае БЕЛТА. (...) Сістэма прызначана для паражэньня самалётаў-выведчыкаў, самалётаў стратэгічнай і тактычнай авіацыі, апэратыўна-тактычных балістычных ракет, балістычных ракет сярэдняй дальнасьці, гіпергукавых мэтаў і іншых сродкаў паветранага нападу”.

Адным словам, цяжка нават сказаць, для чаго яшчэ прызначаны гэты ўнівэрсальны найсучасьнейшы зэнітна-ракетны комплекс. Роўна ў дзень, калі абрынулася нацыянальная валюта і мільёны беларусаў з больш-менш забясьпечаных людзей ператварыліся ў беднякоў, рэжым паведамляе пра закупку ў Расеі шалёна дарагой зброі.

Цынічны “саюзны дзяржсакратар” Барадзін казаў пра “адсутнасьць межаў” паміж РФ і РБ. Дык калі няма межаў і “саюзная дзяржава”, то чаму беларусы павінны плаціць за расейскую зброю? Дарэчы, за зброю, якой беларусы павінны будуць абараняць перш за ўсё Маскву і Расею.

Аказваецца, і жульніцтва бывае каласальных маштабаў. Беларускія войскі супрацьпаветранай абароны ўжо некалькі гадоў таму былі аддадзены прамаскоўскім рэжымам у непасрэднае падпарадкаваньне Маскве. Беларусь была абвешчана першым эшэлонам абароны расейскай сталіцы. Агульнавядома, што ў выпадку ваеннага канфлікту першы, самы сакрушальны ўдар наносіцца менавіта па першым эшалоне абароны. Сярод іншага і для таго, каб праціўнік, убачыўшы маштаб разбурэньняў і стратаў, пайшоў бы на мірныя перамовы або капітуляцыю. У каторы раз нашу Беларусь робяць жывым шчытом імпэрскай Масквы.

Беларускі народ ні з кім не зьбіраецца ваяваць. У Эўропе ў нас няма канкурэнтаў і тым больш ворагаў. Вядома, што менавіта Масква на клясычнай стадыі разьвіцьця гэбізму шукае выйсьця з вострых сацыяльна-эканамічных праблем у традыцыйнай рускай забаве — “маленькой победоносной войне”. З гэтай мэтай велізарныя сродкі, неабходныя для эканомікі і сацыяльнага сэктару, аддаюцца Крамлём на ваенныя праграмы і разьвіцьцё ўзбраеньняў. Гэбоўская імпэрыя ўжо апрабавала свае сілы ў агрэсіі супраць маленькай Грузіі ў жніўні 2008 года. Гэтага Маскве падалося мала.

Мільёны абрабаваных рэжымам беларусаў становяцца закладнікамі маскоўскіх ракет. Кур'ёзнасьць сытуацыі заключаецца ў тым, што закладнікі мусяць самы аплаціць мілітарысцкую дзейнасьць захопнікаў. На вялікі жаль, нашыя адсталыя “незалежныя дэмСМІ” неяк “не заўважылі” новы віток расейскай акупацыі Беларусі. Для іх гэтае паведамленьне падалося малаважным. У выніку, пакуль беларусы штурмуюць крамы і стаяць у чэргах каля абменьнікаў, маскоўцы завозяць на нашу зямлю сьмерць і зьнішчэньне. Неяк не заўважылі гэтых падзеяў і на Захадзе. Нібыта не супраць заходніх краін будзе накіравана купленая на беларускія грошы расейская ракетная махіна. Цікава, ці заўважылі падзею ў заходніх вайсковых штабах? Ці там ужо канчаткова асьлеплі?

Нельга ўвесь час беспакарана гуляцца “у вайну” з Масквой. Наш гістарычны досьвед дэманструе, што гэта канчаецца страшнай бядой (1812, 1914-18, 1941-44 гады). Нельга выконваць загады зьнішчальніка народаў і людзей. Так, трэба абараняць свае дзяржаўныя межы (якіх, як кажа саюзны Барадзін, ужо няма), але арганізоўваць абарону якраз на ўсходнім напрамку, на парозе экзатычнай і небясьпечнай для чалавечай цывілізацыі Імпэрыі Зла. І ў гэтай справе трэба далучацца да высокаразьвітых дэмакратычных дзяржаваў Эўропы. Эўропы, арганічнай часткай якой заўсёды была Беларусь. Эўропы, а не расейска-мангольскай арды (пазначанай на старых эўрапейскіх картах як Barbaricum).

Толькі ад нас — беларусаў — залежыць, ці мы будзем бяспраўнымі і падманутымі закладнікамі чужога мілітарызма, ці назаўсёды вырвемся з гэтай цёмнай ямы.

Юрка Марозаў