РЭЖЫМ ПАЛОХАЕ БЕЛАРУСАЎ

posted Jun 14, 2011, 9:24 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 14, 2011, 9:25 AM ]
Кожны дзень прыносіць нашым людзям новыя клопаты. Праблемы з валютай распаўсюдзіліся ўжо і на прыватныя ўклады грамадзянаў. Калі грамадзяне зьвяртаюцца ў банк, каб забраць з рахункаў свае зьберажэньні (у каго 5, у каго і больш тысячаў даляраў), ім прапануюць узяць уклады ў беларускіх рублях, прычым па афіцыйным курсе. Агаломшаныя людзі абураюцца, адмаўляюцца ад такога жульніцкага варыянта, крычаць і патрабуюць. Але робяць усё гэта ня доўга. Банда ёсьць банда. Ахова гвалтам выдаляе людзей з банку...

Некаторыя падказваюць гэтым грамадзянам, што трэба было браць у любым выглядзе і хутчэй бегчы купляць нейкія тавары, бо праз пэўны час не прапануюць нават рублёвай кампэнсацыі за даўні банкаўскі давер рэжыму.

Грамадзтва пачынае “гудзець”. Рэжым заўважыў гэта і прыняў прэвэнтыўныя захады. Стукачы і стукачыкі пачалі казаць у працоўных калектывах і грамадзкіх месцах: “У моей жены сестра в Бресте. Она стала возмушчаться ценамі в магазіне. Только вышла за порог, а тут под'ехал патруль, её схватілі і увезлі...” Падсадных “аратараў” ня так і шмат. Але іхныя расповеды пра “схватілі і увезлі” перадаюцца далей людзьмі, якія ніколі не былі стукачамі. Рэжым спрабуе, такім чынам, раскруціць махавік застрашэньня. Фронтаўцы і проста рацыянальныя людзі сьмяюцца з гэтых расповедаў. Кажуць напалоханым: “Ну, гэта ж лухта. Нават калі падслухалі размову па мабільніку. Ім жа трэба расшыфраваць запіс, аддаць загад па інстанцыі, выслаць патруль, каб “схватіть і увезті”... Усё гэта канторская хлусьня”. На шэрагу прадпрыемстваў і ў многіх арганізацыях кіраўніцтва паводле загаду “з гары” зьбірала працоўныя калектывы і з рэзкімі жэстамі рук заклікала не абмяркоўваць сучасныя праблемы і не крытыкаваць уладу. Нават сам начальнік рэжыму выказваўся па БТ наконт таго, што “обсуждать можно только на кухне”. Гарыла камандуе мільёнамі людзей, дзе і пра што ім размаўляць у сваёй краіне...

Хаця палохаюць і самога начальніка. 31 траўня адбылося шумнае інтэрв'ю ў Савеце фэдэрацыі Расеі. Віцэ-спікер С. Арлова выказалася пра небясьпеку для Лукашэнкі, якога “можа зьвергнуць народ”. СМІ цытуюць С. Арлову: “Калі Лукашэнка ня зьменіць сваю пазыцыю і не зразумее, што трэба займацца не папулісцкімі заявамі, а заняцца ўшчыльную, сур'ёзным чынам разьвіцьцём рынкавай эканомікі і рынкавых адносін, то прагноз для яго будзе вельмі дрэнны... ніякае ваеннае становішча ня выратуе Лукашэнку”.

Прагучала эфэктна. Толькі трэба спытаць у дорогіх москвічей з вышэйшых крамлёўскіх сфэраў: а чый “сукін сын”? Хто паставіў яго камандваць маскоўскім акупацыйным марыянэткавым рэжымам? Хто праз ягоныя структуры нішчыў нашу культуру, нацыянальнае школьніцтва, беларускі бізнэс і беларускую эканоміку? Хто навязаў Беларусі шалёную арыентацыю на п'яную і гнілую расейскую імпэрыю? Няхай бы дзеяньні падстаўной хунты крытыкавалі нават Кадафі з Кім чэн Ірам. Але толькі не Масква. Каму ня верылася, то цяпер стала канчаткова зразумела, што Крэмль праводзіць чарговую дзею ў жанры палітычнага тэатру, рэжысіруючы ўсё ад пачатку да канца. Тут і расейскія СМІ вытурваюць з РБ, і народ загудзеў каля разьбітай ночвы... Масква папярэджвае Лукашэнку, што калі не аддасьць за бясцэнак вядучыя беларускія прадпрыемствы, то “можа скончыць, як Мубарак”. Заадно і ў сьвеце Крэмль выглядае дэмакратычнай структурай, занепакоенай лёсам беларусаў.

У нас на вачах зноў разгортваецца чарговы кіруемы канфлікт, і выразна бачна, хто ім кіруе. Імпэрцы гуляюцца ў вельмі небясьпечныя гульні і нават ня крыюцца з сваімі мэтамі ў Беларусі. Яны, пэўна, спадзяюцца, што наш народ будзе скакаць пад іхную дудку і дзейнічаць строга паводле іхнага сцэнару.

Янка Базыль