ЗНАКІ ЎВАГІ

posted Jun 21, 2011, 9:16 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 21, 2011, 9:20 AM ]
Фэльетон маскоўскага публіцыста Льва Рубінштэйна, апублікаваны ў расейскім інтэрнэт-выданьні Грані.Ру, выкананы ў стылі Ільфа-Пятрова. У кішэнным люстэрку іроніі адлюстроўваецца клінічная псіхапатыя манумэнтальнай імпэрыі, якая ўсё больш становіцца падобнай на выміраючага дыназаўра. Адстаўная недарэчнасьць прыроднай эвалюцыі поўзае пасярод новага краявіду і намагаецца напалохаць яго жыхароў, ашчэрваецца, пускае агонь з ноздраў, аглушальна раве. Усе вакол азіраюцца на хворую гіганцкую істоту і заклапочана думаюць, як бы гэта хутчэй пазбавіцца ад яе. А дыназаўр трубіць аб тым, што ён ёсьць дасканалым стварэньнем і будучыняй чалавецтва... Экзатычнае пудзіла павінна быць урэшце ўсталявана ў музэйнай вітрыне пасярод іншых імпэрскіх выкапняў у вялікай зале палітычнай палеанталогіі.

Наша грамадзка-палітычная сьвядомасьць наскрозь прасякнута эгацэнтрызмам, які часам прымае даволі хваравітыя формы. Плюс традыцыйная вясковая падазронасьць. Плюс ня менш традыцыйная абразьлівасьць старых дзевак. Ці не таму розныя падзеі ў сьвеце, якія, здавалася б, зусім ня маюць ніякіх адносінаў да расейскіх справаў, прымаюцца тут выключна на свой рахунак. Накшталт таго, як амбіцыйны, але пры гэтым няўпэўнены ў сабе чалавек нэрвова азіраецца, пачуўшы ў гуле натоўпу слова “дурань”.

Таму ў сьвеце, як вы, мабыць, заўважылі, ўвесь час адбываюцца розныя антырасейскія падзеі.

Вось, дапусьцім, у адной з краінаў былой савецкай імпэрыі завядуць размову пра забарону камуністычнай, а таксама нацыстоўскай сымволікі. Гэта, каб вы ведалі, антырасейская акцыя. Ну, якая ж яшчэ — не антыгерманская ж!

Або, наадварот, у іншай краіне прымуць закон аб люстрацыі былых савецкіх функцыянэраў і чэкістаў. Гэта ўсё супраць Расеі. А вы як думалі?

Або ў зусім далёкай краіне шахнуць ракетай па палацу маньяка з апэрэтачным выглядам, але з зусім не апэрэтачнай манерай пастраляць з верталёта ў жывых людзей, якія наважыліся прадэманстраваць недастатковае захапленьне ў адносінах да надта доўгага сядзеньня на іхным карку шалёнай гадзіны.

Гэта ўсё супраць Расеі, калі вы яшчэ не зразумелі. Тыпу — казка мана, але ў ёй намёк.

Або, скажам, у адной балканскай краіне выкалупваюць з-пад сапрэлай саломы нейкага чарговага Гнідка Ушывіча, чарговага нацыянальна арыентаванага жывадзёра — бескампраміснага барацьбіта за сьвятую справу этнічнай стэрыльнасьці. Ды і павядуць яго пад белыя па локаць рукі ў горад Гаагу для ягонага асабістага ўдзелу ў працэсе публічнай юрыдычнай кваліфікацыі яго ж палымянай дзейнасьці.

Ці ня ёсьць гэта злачынствам супраць чалавечнасьці? Ці ня зьдзек з нацыянальнай годнасьці народа, які ганебна купіўся на салодкія абяцанкі бессаромнай і бездухоўнай эўразоны, замест таго, каб да апошняга патрона і апошняга кавалка хлеба бараніць веліч імені сербскага?

І, зразумела, ўсё гэта супраць Расеі. Таму што гэта ўдар па традыцыйнай нашай закарэлай сусьветнай чуласьці, якая выяўляецца, як правіла, ў па-снайпэрску дакладным выбары ўсяе, якая толькі водзіцца на планэце, сусьветнай дрэні ў якасьці аб'ектаў любові і спагады.

А на каго, як вы думаеце, накіраваныя натаўскія ракеты? Для таго яны, каб у выпадку чаго які-небудзь ашалелы аятала ня ўздумаў пагуляцца з запалкамі? Ха! Не будзьце лахамі, пацаны. Расея ёсьць іхнай мэтай. Толькі яна. І яе рэсурсы, зразумела. Ну і духоўнасьць, зразумела.

Антырасейскія вылазкі не спыняюцца. Таму што Расея — костка ў горле. Таму што толькі яна адна стаіць на шляху канчатковага панявольваньня народаў заакеанскай закулісай, драпежнымі ястрабамі Пэнтагона і сквапнымі дзялкамі Уол-стрыта.

Але гэта, так бы мовіць, на ўзроўні сьвядомасьці. Нават не сьвядомасьці — рыторыкі. На ўзроўні ж падсьвядомасьці справа, мне здаецца, ў тым, што яны, гэта значыць тыя, хто любыя сусьветныя падзеі зьвязвае з тымі ці іншымі адносінамі да іх, самі пра сябе цудоўна разумеюць, хто яны такія і што яны такое. А таму і любое асенізацыйнае мерапрыемства ў любой кропцы плянэты зусім шчыра ўспрымаецца як накіраванае непасрэдна супраць іх. А як яны ўпэўненыя, што яны і Расея — гэта сінонімы, то, зразумела, згаданыя мерапрыемствы маюць выключна антырасейскі характар.

Чаму тут так нэрвова рэагуюць на размовы пра тое, што камуністычная ідэалогія роднасная фашыстоўскай? Чаму ўзьнікае настолькі істэрычная рэакцыя на спробы былых ускраінаў былой імпэрыі пазбавіцца ад савецкай пошасьці? Адкуль такая палымяная жарсьць з нагоды лёсу помнікаў, манумэнтаў, знакаў, партрэтаў, сьцяжкоў, назоваў вуліц? Таму што ўсё гэта ў гады савецкай улады маркіравалася як антысавецкае, пачало ўспрымацца як антырасейскае?

Чаму калі нехта ўспрымае цяперашнюю Расею як духоўную спадчыньніцу калгаса імя Сталіна, гэта выклікае такую нэрвовую рэакцыю? Калі вы, панове-таварышы, і самы лічыце так (а шэраг выказваньняў і ўчынкаў некаторых відных палітычных і дзяржаўных дзеячаў гэта цалкам пацьвярджае), то навошта крыўдаваць? Гэта нібыта і добра. Нібыта і слушна. Трымаем, маўляў, не выпускаем з рук сьцяг дзядоў-ахоўнікаў. Або вы так ня лічыце і ўпэўненыя, што Расея даўно ўжо пазбавілася ад камуністычнай утопіі і сьмела далучылася да сям'і цывілізаваных народаў? Тады тым больш — навошта крыўдаваць на дурняў? Вось калі б, дапусьцім, англічанаў нехта пачаў падазраваць у масавай схільнасьці да камуністычных або нацыянал-сацыялістычных ідэй — як бы адрэагаваў на гэта сярэднестатыстычны англічанін? Слушна: ён бы ўсьмяхнуўся і паціснуў бы плячыма.

Чаму ўсё гэта? Расея ўжо нібыта іншая краіна. Яна нібыта ўжо не СССР. Яна ўжо нібыта мае цывілізаваную канстытуцыю. Палітычная сістэма ўжо нібыта не аднапартыйная. Нібыта маюцца ў асартымэнце розныя правы і свабоды, такія ж, як “у іх”, а часам і лепшыя. Нібыта і рынак і прыватнае прадпрымальніцтва. Або гэта ўсё тоўсты слой касмэтыкі, пад якой хаваецца азызлы зморшчаны савок? Я, зазначым, ўсяго толькі пытаюся, хаця адказ мне больш ці менш вядомы.

Ёсьць, мне здаецца, і яшчэ адзін матыў гэтай павышанай надумлівасьці. Вельмі, трэба сказаць, сумны матыў. У розныя часы да Расеі ў сьвеце былі розныя адносіны: яе баяліся, яе спрабавалі разгадаць, ёю захапляліся, яе ненавідзелі, ёю цікавіліся. Па-рознаму было.

У нашы дні намаганьнямі нудных нікчэмнасьцяў, што дарваліся да ўлады, Расея стала для сьвету невыносна нецікавай краінай — сумнай, безнадзейна правінцыйнай і да таго ж ня надта карыснай для здароўя. Краінай, якая загнала саму сябе — нібыта як у свой час раку Неглінку — у нафтагазавую трубу. І ў вельмі хуткім часе можа здарыцца так, што адно праз гэтую трубу і будзе зьдзяйсьняцца крохкая сувязь краіны з сьветам.

Калі ўнутры краіны і сустракаюцца паасобныя асобіны, якія шчыра вераць, што Пуцін даў народам Расеі пісьмовасьць, навучыў іх карыстацца запалкамі, Інтэрнэтам і ўнітазным вожыкам, то ў дарослым сьвеце ён як быў, так і застаецца дробным дрэздэнскім сексотам без твару і складу, якога Расея, як гэта не сумна, аказалася дастойнай.

Як тут не лавіць паўсюль уяўныя знакі ўвагі? Як тут пазьбегнуць спакусы прымаць усё, што адбываецца ў сьвеце, на свой рахунак? Ну, хаця б і са знакамі мінус. Ну, хаця б так.

Леў Рубінштэйн


Пераклад з расейскай В. Буйвала