ПАЛІТЫКА НЯНАВІСЬЦІ ДА БЕЛАРУСАЎ

posted Jun 21, 2011, 9:19 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 21, 2011, 9:20 AM ]
У розных рэгіёнах нашай краіны адбыліся пратэстныя выступы працоўных людзей. Улада і яе гэбельсаўская прапаганда ўсімі сіламі хаваюць гэтыя факты. Пра шэраг выступаў чамусьці маўчыць і мясцовая “незалежная дэмжурналістыка”. (Пэўна, занятая атрыманьнем чарговай прэміі на Захадзе за “праўдзівасьць у інфармацыі і гераізм пры выкананьні прафабавязкаў”.) Тым часам абсалютная большасьць паведамленьняў, фота- і відэаматэр'ялаў па пратэстах грамадзтва атрымлівае з вуснаў і рук простых, непрафэсійных удзельнікаў і сьведкаў народных выступаў.

Дробныя прадпрымальнікі ў Гомлі і Менску, “чаўнакі”-гандляры на беларуска-польскай мяжы, рабочыя кавальскага цэху сталічнага трактарнага заводу, рабочыя аграрамонтнага прадпрыемства ў Дзяржынску — гэта далёка няпоўны пералік удзельнікаў папераджальных страйкаў у абарону сваіх правоў, за выплату заробкаў, супраць адміністрацыйнага гвалту. Падзеі не набылі (пакуль яшчэ) агульнанацыянальных маштабаў. Але антыбеларускі рэжым ужо напалохаўся. Генпракуратура РБ ужо зрабіла публічную заяву аб перасьледзе і пакараньні за “заклікі да парушэньняў у працы прадпрыемстваў”. Рэжым баіцца маштабных акцыяў пратэсту мільёнаў абрабаваных хунтай людзей.

Начальнік рэжыму зноў езьдзіў па правінцыі і выказваўся пра “спекулянтаў”. Хворая лексіка гэтай асобы ўжо нікога не зьдзіўляе. З цынічнай крывой усьмешачкай, з хамскай упэўненасьцю беспакаранага пахана вулічнай шпаны ён апісваў, як “спекулянты нажывалісь”, як езьдзілі замяжу і як ён іх цяпер прыдушыць. Што ж гэта за “спекулянты” такія? Можа гэта нейкія “цёмныя лічнасці”, што парушалі “сьвяшчэнную мяжу саюзнай дзяржавы”, каб цягаць у Беларусь з замежжа наркотыкі, зброю і фальшывыя даляры? Можа гэта рэцыдывісты, што даўно заслужылі народнага асуджэньня? Як жа іх столькі часу цярпеў лукашызм?

Вядома, што ў адрозьненьні ад шэрагу іншых этнасаў, беларусы не надта любяць зрывацца з месца жыцьця і працы, жыць у вечных прыгодах і вымушаных падарожжах, нас не надта вабіць мітусьня чужых рынкаў і канкурэнцыя з асобамі ў чалмах і папахах. Тое, што за апошнія 20 гадоў многія тысячы нашых людзей пачалі займацца гэтым дробным бізнэсам і падарожжамі з таварам — сьведчаньне даўняга правалу дзяржаўнай валюнтарысцкай эканомікі рукамі антынароднага рэжыму. Каб пракарміць свае сем'і, беларусам ужо не хапала мізэрных заробкаў на месцах сталай працы. Інжынэры, кваліфікаваныя рабочыя і работніцы, настаўнікі пачалі езьдзіць у Польшчу, Украіну і Расею, каб хаця б крыху выгадаць грошай для сваіх сем'яў продажам цыгарэтаў, алкаголю і падобных тавараў.

Пасьля ўступленьня Польшчы ў Эўразьвяз плынь нашых людзей рэзка зьменшылася, у бок Эўропы ідуць амаль пустыя цягнікі і аўтобусы. На памежных пераходах практычна няма руху. Тысячы сем'яў згубілі гэтую крыніцу малых прыбыткаў. Апошнія гады ў тую ж Польшчу езьдзілі адзінкі беларускіх перавозчыкаў тавару. Іхняя колькасьць была настолькі нізкай, што ні пры якіх абставінах яны не складалі ніякай канкурэнцыі лукашыстоўскай дзяржмашыне.

І вось сам начальнік рэжыму абрынуў на іх пагрозы і абвінавачваньні. Цяпер ім дазволена выязджаць у Польшчу толькі раз у пяць дзён. У баках іхных аўтамабіляў павінна быць ня больш за пяць літраў паліва. Забаронена вывозіць тавар з тэрыторыі Беларусі. Гэта значыць, што грамадзянін ня можа цяпер нават заправіць свой транспартны сродак у сваёй дзяржаве, каб даехаць да першай заправачнай станцыі ў Польшчы.

Усё гэта прадыктавана выключна нянавісьцю рэжыму да беларусаў. Ніякай эканамічнай мэтазгоднасьці ў здушэньні апошніх магіканаў памежнага гандлю проста няма. Лукашызм імкнецца завяршыць “зачыстку” любой незалежнай дзейнасьці беларусаў, пазбавіць як мага больш нашых людзей сродкаў да існаваньня.

Так рабіць можа толькі чужая, акупацыйная, небеларуская ўлада. Чым раней гэта зразумеюць абрабаваныя беларусы (якія ўжо 17 гадоў яшчэ нічога не разумеюць), чым раней яны зробяць высновы са становішча, якое склалася, тым будзе лепш для нас усіх.

Вельмі важна, каб эканамічна актыўныя беларусы зноў не патрапілі на вуду падасланых рэжымам “прафсаюзных лідэраў”, якія зноў будуць гукаць пра “главное нікакой політікі, товарішчі торгаші” і мабілізаваць людзей на напісаньне скаргаў на Лукашэнку ў адрас самога Лукашэнкі.

Толькі палітычная самаарганізацыя і палітычныя дзеяньні грамадзтва ёсьць шляхам паратунку для нашага народу і вызваленьня ад зла, што валадарыцьу нашай акупаванай краіне.

Юрка Марозаў