ХІРАТОНІЯ Ў НЬЮ-ЁРКУ

posted Jun 23, 2011, 12:47 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 23, 2011, 12:49 PM ]
19 чэрвеня ў катэдральным саборы Сьв. Кірылы Тураўскага на Атлянтык Эвэню 401 у Нью-Ёрку ўрачыста прайшла хіратонія новага япіскапа Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ). Ім стаў уладыка Серафім.

Высьвячэньне адбылося з удзелам галавы БАПЦ уладыкі Сьвятаслава і прадстаўнікоў Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў ЗША — архіяпіскапа Аляксандра з Дэтройту, архіяпіскапа Макарыюса з Хьюстану, айца Міхаіла зь Філядэльфіі, айца Аляксея з Дэтройту і дзейных сьвятароў БАПЦ — айца Міхаіла з сабору Сьв. Кірылы Тураўскага і айца Зіновія з Царквы Жыровіцкае Іконы Божае Маці ў Гайленд Парку. На ўрачыстасьці прысутнічалі вернікі беларускіх цэркваў зь Нью-Ёрку, Нью Джэрзі і Канады, прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў.

Уладыка Серафім (да хіратоніі архімандрыт Серафім у манаскім сане) ажыцьцяўляе сьвятарскую і выкладчыцкую працу ў Севастопалі, валодае правам весьці службу па-беларуску для беларусаў-вернікаў на Ўкраіне; беларус народжаны ў Белазёрску на Берасьцейшчыне, мае духоўную і юрыдычную адукацыю, доктар у галіне тэалёгіі і міністэрыі, намінаваны як кіруючы япіскап Віленскі і Нью-Ёрскі.

-інф-