ГАЛОЎНАЯ НЕБЯСЬПЕКА — ЛУКАШЭНКА І РАСЕЙСКІ ІМПЭРЫЯЛІЗМ

posted Jul 11, 2011, 9:33 AM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 8, 2011, 4:55 AM ]
(Ліпеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

10 ліпеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі.

Крызіс рэжыму паглыбляецца і набірае абароты. Нашым людзям ужо ня трэба доўга тлумачыць, што антынацыянальны рэжым давёў да краху беларускую эканоміку, разграміў беларускі бізнэс і зрабіў наш народ калектыўным закладнікам сваёй шалёнай палітыкі. Вельмі часта людзі, раней не заўважаныя ў аналітычнай дзейнасьці, самы выказваюць думкі аб катастрафічных тэндэнцыях у існаваньні лукашызму, кажуць, што “Расея хоча захапіць нас і нашу краіну”.

Беларусы губляюць страх, пачынаюць адкрыта казаць пра праблемы і неабходнасьць іх вырашэньня, шукаюць аднадумцаў і сацыяльнага апірышча. Спакваля адбываецца кансалідацыя грамадзтва ва ўмовах агульнай бяды. Зразумела, што лета і агульная настроенасьць на ўраджай і адпачынак, накладаюць свой адбітак на працэсы ўсьведамленьня таго, што адбываецца. Але многія разумеюць, што з часам крызіс ва ўсіх яго праявах будзе абвастрацца і набываць усё больш пачварныя формы. Людзі паўтараюць, што ўвосень трэба чакаць далейшага абвалу рэжымнай сістэмы, а пад новы год настане яе поўны калапс.

Але нават тыя, хто заплянаваў сабе летні адпачынак, сустрэліся з непераадольнымі праблемамі: вырасьлі кошты турпаездак, немагчыма купіць замежную валюту, грошы абясцэніліся. Турыстычныя фірмы церпяць страты, адмяняюць бальшыню турпаездак і маршрутаў. І гэта толькі адзін з аспэктаў агульнага крызісу. Хлусьлівая тэлепрапаганда пра “посьпехі” раздражняе людзей і выклікае адмоўную рэакцыю. Беларусаў бянтэжыць, што рэжым лічыць іх за дурняў, якія нічога не разумеюць. На самой справе грамадзтва за паўтара месяцы пасьля фінансавага калапсу лукашызму (24 траўня 2011 г.) пазбавілася ад многіх ілюзій і перажыло вялікую сацыяльна-псіхалагічную эвалюцыю.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі аб рэакцыі людзей па ўсёй Беларусі на рэжымныя парады і рэжымныя рэпрэсіі супраць грамадзтва. Беларусы ўбачылі, як нікчэмна мала грамадзянаў сабралося вакол Лукашэнкі і ягонага атачэньня на пампезных мерапрыемствах 3 ліпеня. Усе заўважылі, як гэтыя грамадзяне баяліся пляскаць у ладкі пасьля выступу дыктатара, каб на іх не накінуліся дзяржыморды рэжыму і не арыштавалі ды не зьбілі за “пратэстныя апладысмэнты”.

Дзікая расправа над мірнымі дэманстрантамі ў сталіцы і іншых гарадах краіны, удзел у расправе расейскай акупацыйнай паліцэйшчыны выклікаюць у грамадзтва непрыняцьце лукашэнкаўскай дыктатуры і жаданьне як мага хутчэй пазбавіцца ад яе. Многія зрабілі выснову, што беларускае грамадзтва ў цэлым адвярнулася ад лукашыстоўскай дыктатуры і дыктатара. Грамадзтва знаходзіцца ў новай стадыі супрацьстаяньня з акупацыйным рэжымам. Рэжым таксама разумее гэта і калоціцца ад страху.

Вядома, што апошнім часам рэжым рэзка павялічыў заробкі рэпрэсіўным структурам: амонам, спэцназам і ўнутраным войскам, якія і без таго атрымлівалі значна лепшыя заробкі, чым афіцэры і падафіцэры беларускай арміі. Антыбеларускі рэжым спадзяецца, што гэтыя структуры будуць ратаваць яго ў выпадку народных выступаў, але спадзяваньні яго марныя — рэжым ужо ня выратуецца. Па ўсёй краіне людзі задаюцца пытаньнямі: а што будзе пасьля краху лукашызма? Як адбудоўваць Беларусь? Як абараніць Айчыну ад маскоўскага нашэсьця? Абавязкам патрыётаў-фронтаўцаў ёсьць падрыхтоўка кадраў і структураў для працэсу нармалізацыі нашага нацыянальна-дзяржаўнага жыцьця пасьля падзеньня дыктатуры і ліквідацыі імпэрскай пагрозы. Трэба тлумачыць грамадзтву, што наперадзе ёсьць шмат працы, якую трэба рабіць салідарнымі намаганьнямі ўсяго нашага народу.

Сойм разгледзеў плян мерапрыемстваў па дзейнасьці Руху “За новыя выбары без Лукашэнкі”.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

10 ліпеня 2011 г.