ТРЭБА ГАНАРЫЦЦА ІМЕМ СВАЙГО НАРОДА

posted Jul 21, 2011, 6:37 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 21, 2011, 6:37 AM ]
На вуліцы і ў мэтро ў Менску можна часам убачыць невысокага ростам чалавека сярэдняга ўзросту. Ён крочыць энэргічна, высока ўзьняўшы галаву. Ва ўсім адчуваецца самаўпэўненае жыцьцёвае крэда і задаволенасьць сабой. Гэта той выпадак, калі творчая асоба сапраўды можа пачуваць вялікае самазадавальненьне. Гісторык Генадзь Сагановіч — аўтар выдатных кніг з нацыянальнай гісторыі мінулых стагоддзяў, якія дапамаглі многім асэнсаваць веліч нашай мінуўшчыны. Ён быў заўважаны на акцыях пратэсту ў сакавіку 2006 году на плошчы Кастуся Каліноўскага, дзе разам з усімі дэманстраваў свой пратэст супраць дыктатуры. Праўда, фронтаўцы былі зьдзіўлены, што калі яму давалі ў рукі матар'ялы Народнага Фронту на тэму актуальных падзеяў, ён адмаўляўся іх браць. Справа асабістая. Гісторыку і бяз гэтых матэр'ялаў лепш за іншых было бачна, што адбываецца з краінай. Ён жа гісторык...

15 ліпеня сёлета польскі тэлеканал “Гісторыя” паказаў дакумэнтальны фільм, прысьвечаны міфам на тэму Грунвальдзкай бітвы. Выступалі польскія, летувіскія і нямецкія гісторыкі. Прагучала шмат цікавых прамоваў і ацэнак, але ўсе распавядалі пра свае народы. Толькі адзін пажылы кракаўскі прафэсар згадаў наш народ, сказаўшы, што “Грунвальд важны таксама для спадчыны беларусаў”.

Пасярод маналогаў паказалі і сп. Г. Сагановіча. Ён сказаў: “У Грунвальдскай бітве ўдзельнічалі палкі з тэрыторыі сучаснай Беларусі...” Атрымалася, што толькі кракаўскі інтэлектуал наважыўся згадаць пра беларусаў проста і адназначна, без мудрагелістасьці, да якой мы прызвычаяліся яшчэ ў савецкія часы.

Дарэчы, на экране наш гісторык гэтым разам не трымаў сваю галаву высока і неяк апускаў вочы, казаў без імпэту і самазадавальненьня. Адчувалася, што стваральнікі фільма “папрасілі” яго сказаць пра наш народ менавіта так, а не інакш. Казаць яму гэта было некамфортна і можа нават сорамна. Адчувалася, што грантаўскі цяжар — гэта не жарт і не вясёлы інтэлектуальны шпацыр. Грант дыктуе свае ўмовы...

Нашай творчай эліце ня трэба забывацца, што менавіта яна адказная за праўдзівую інфармацыю пра наш народ, нашу культуру і гісторыю. Што яна павінна зьберагаць нашу спадчыну і славіць у сьвеце імя беларускага народу. Што ня трэба саромецца імя свайго народу. Нават калі ёсьць пагроза нейкіх “грантаўскіх рэпрэсій”.

Валеры Буйвал