Вялікая задача і місія беларускай інтэлігенцыі ёсьць гістарычнае асьветніцтва народа. Нацыянальная асьвета найперш павінна быць ськіравана на верхнія адукаваныя актыўныя пласты грамадзтва і на моладзь. Асабліва такое асьветніцтва патрэбнае ў краіне, дзе акупацыйным рэжымам і антынацыянальнай уладай зьнішчаныя нацыянальная школа, нацыянальнае радыё і тэлебачаньне, нацыянальныя кнігі і вольны друк. Але разам з тым ёсьць яшчэ адна вобласьць дзейнасьці, якая мае вялікае значэньне ў міжнародным статусе і палітыцы дзяржавы. Гэта інфармаваньне міжнароднай супольнасьці, іншых краінаў і народаў аб нашай гісторыі і культуры, аб нашым гістарычным месцы ў сістэме сусьветнага культурнага разьвіцьця. Гэтакай працай павінна займацца ня толькі эміграцыя, але і беларусы ў Бацькаўшчыне, асабліва злучаныя ў розныя нацыянальныя арганізацыі, фонды, партыі і таварыствы, нягледзячы на цяжкі стан, этнацыд і перасьлед за слова. ![]() Перада мной кніжка (255 старонак фармату А-5) Валеры Буйвала “. Un paese nel centro dell' Europa” (“Беларусь — краіна ў цэнтры Эўропы”), якая толькі што выдадзеная ў Італіі ўнівэрсітэтам у Пэруджы. У кнізе з навуковых беларускіх пазыцыяў асьветлены важныя этапы нашага гістарычнага разьвіцьця і культурныя дасягненьні. Тут распавядаецца італьянцам пра беларускую тэрыторыю і народ, пра прыняцьце Хрысьціянства і змаганьне з ворагамі, пра Люблінскую Вунію і Патоп XVII-га стагоддзя (“Вялікую катастрофу”), пра імпэрскую палітыку маскоўшчыны і змаганьне з агрэсыўным Усходам; асьветлены таксама час нашай найноўшай гісторыі XX-га стагоддзя (найперш — 90-я гады), дзейнасьць Народнага Фронту, здабыцьцё незалежнасьці і змаганьне за пабудову Беларускай незалежнай дзяржавы. Як мастацтвазнавец і гісторык мастацтва Валеры Буйвал зь веданьнем расказаў у кнізе пра эстэтычную сутнасьць і дасягненьні беларускага мастацтва, найбольш спасылаючыся на культуру Рэнесансу і Барока, калі быў сапраўдны росквіт (залаты час) беларускага мастацкага духу. З вопыту дачыненьняў мы ведаем, што італьянцы пасьлядоўна прыхільныя справе нашай беларускай незалежнасьці і свабоды (і ўвогуле прыхільныя да нас, беларусаў). Мяркую, што кніжка Валеры Буйвала ўмацуе іх у іхнай прыхільнасьці (дарэчы, узаемнай) і паспрыяе нашым добрым стасункам у сьвеце. 20 ліпеня 2011 г. Зянон ПАЗЬНЯК |
• Навіны - Галоўная > Навіны - Цалкам >