ВЫСЬПЕТАК КРАМЛЁЎСКАЙ ГАПАЦЕ

posted Jul 26, 2011, 12:52 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 26, 2011, 12:53 AM ]
Маскоўскі публіцыст Ільля Яшын у інтэрнэт-выданьні Грані.Ру з сарказмам камэнтуе апошні правал Крамля на міжнароднай арэне. Пуціну далі, а потым забралі назад прэстыжную нямецкую прэмію “Квадрыга”. Многія, вельмі многія людзі ў сьвеце сказалі на гэта: “Так яму і трэба!” Канфуз, сапраўды, атрымаўся нештодзённы. Нават цяжка адразу ўспомніць, калі такое адбывалася ў эўрапейскай гісторыі з узнагародамі. Напрыклад, дэмакратычная Польшча запатрабавала вярнуць ёй Ордэн Белага Арла, якім камуністычныя лідары ПНР узнагародзілі былі Л. Брэжнява. Але гэта здарылася ўжо праз дзесяцігоддзі пасьля сьмерці лаўрэата, і ордэн пыліўся ў ягоным сямейным сэйфе. А тут, як у дзіцячай пясочніцы — аддавай назад мае цацкі!

А немцам так хацелася заахвоціць свайго лепшага маскоўскага камрада сваім лепшым падарункам. Хацелася лішні раз уславіць Расею “за дэмакратыю і свабоду”. А потым тлумачыць беларусам і іншым народам, што “да дэмакратыі і свабоды трэба ісьці разам з Расеяй і ў яе складзе” (так як дагэтуль тлумачыць гэта ў Менску маладзейшы пераемнік Ганса Віка Аляксандр Рар). Мяркуем, што гэтым разам Масква не заплаціла ані цэнта за пуцінскую намінацыю. Мітусьлівыя немцы арганізавалі ўсё самы. Але з журы “Квадрыгі” пачалі выходзіць у знак пратэсту вядомыя людзі, грукнуў кулаком па стале Вацлаў Гавэл. І немцы “обмішурілісь” разам з гэбоўскім намінантам.

Падзея паказала вельмі выразна, што нават невялікая колькасьць людзей (якія, аднак, цьвёрда трымаюцца сваёй пазыцыі) можа перакуліць мафійны маскоўска-берлінскі хаўрус, які самым хаўрусьнікам здаецца непахісным.

Дзядуля і хуліган

Даўно жо так не зьневажалі нашага самаабвешчанага нацыянальнага лідара. Журы прэстыжнай нямецкай узнагароды “Квадрыга” спачатку абвясьціла Уладзіміра Пуціна яе лаўрэатам, але неўзабаве адмяніла сваё ж рашэньне. Ужо лепш бы зусім не прысуджалі — чыталася на твары прэм'ерскага прэс-сакратара, якому давялося гэтую гісторыю публічна камэнтаваць.

Пуцін прызвычаяўся да зусім іншых адносінаў за мяжой. Прызвычаяўся быць “чалавекам году” паводле вэрсіі часопіса Time. Прызвычаяўся стукаць хрушчоўскім чаравікам на трыбуне Мюнхэнскай канфэрэнцыі на фоне застылых твараў натаўскіх генэралаў. Прызвычаяўся па-свойску вырашаць пытаньні з “сябрам Джорджам” і “сябрам Сільвіа”. І тут такі канфуз.

Што ж здарылася з старэчай Эўропай?

Падобна, яна ўрэшце ўспомніла пра сваю рэпутацыю і зразумела, што так можна і да ўсхваленьня Лукашэнкі дайсьці. Бо прысуджэньне прэмій былым кіраўнікам дзяржавы (раней “Квадрыга” уручалася, напрыклад, Гарбачову і Гавэлу) — гэта даніна павагі палітыкам, якія адышлі на спачын. А ўзнагароджваньне дзейснага высокапастаўленага чыноўніка — гэта падтрымка ягонага курса і заахвочваньне таго, што ён робіць тут і цяпер.

Эўрапейскія палітыкі (асабліва тыя, што пры ўладзе) навучыліся рабіць добрую міну, калі йдзецца аб падзеях у Расеі. Вельмі кепска, што ў Маскве разганяюць пратэстныя дэманстрацыі. Як шкада, што апазыцыя не дапушчана да выбараў, а журналістаў калечаць адмарозкі з крамлёўскіх рухаў. Абуральна! Гэр Пуцін не ідэальны, але ён гарантуе стабільнасьць расейска-эўрапейскіх адносінаў. У перакладзе з дыпляматычнай на рускую: гарантуе стабільнасьць паставак газу.

Наагул, калі йдзецца пра сыравінныя рэсурсы, эўрапейцы часьцяком пачынаюць гаварыць на іншай — зусім не эўрапейскай — мове. Лёгка ўспомніць, як яшчэ нядаўна лідары заходніх краін абдымаліся з палкоўнікам Кадафі: тыя самыя лідары, што цяпер накіроўваюць у Лібію нагружаныя бомбамі самалёты. Ня раз заігрывала Эўропа і з Лукашэнкам, у якога карысных выкапняў няма, затое яго можна выкарыстаць у інтрызе з Крамлём, каб выгандляваць сабе больш танны расейскі газ. А калі ўжо для Эўропы Лукашэнка час ад часу становіцца “прыймальным сукіным сынам”, то аб чым турбавацца Пуціну?

Крэмль прызвычаяўся паводзіць сябе ў эўрапейскай палітыцы, як расейскі турыст нападпітку на пляжы недзе ў Турцыі Гэта вам не сьціплая чароўнасьць расейскай буржуазіі. Гэта п'яны чад гопніка, які выпадкова ўзбагаціўся: “Якія там правілы? Якая павага? У мяне за ўсё заплочана, ол інклюзіў! Скачы давай, чэлядзь! ТАГІІІІІЛ!!!”

Прычыны такога зьнешнепалітычнага курсу расейскага кіраўніцтва, мабыць, схаваны ў псіхалогіі. Сучасная Расея перажывае рэваншысцкі этап постімпэрскага сіндрома. Савецкі Саюз прайграў халодную вайну, збанкрутаваў і разваліўся. Але прамінуў час, і ў нас зноў ёсьць грошы і ўплыў. Слухаць сюды! Стаяць, баяцца!

На месца Пуціна паставіў дзядуля Вацлаў Гавэл, легендарны дысідэнт і першы прэзыдэнт незалежнай Чэхіі. Ён проста паабяцаў адмовіцца ад “Квадрыгі”, калі такая ж прэмія будзе ўручана расейскаму прэм'еру. І высьветлілася, што голас легендарнага чэшскага дысыдэнта для Эўропы пакуль што яшчэ важней за голас былога падпалкоўніка КГБ СССР.

Так часам бывае ў звычайным жыцьці. Людзі баязьліва абыходзяць расперазанага п'янага хулігана, які гарланіць і мочыцца на клумбу. Нехта пачынае нават зь ім заігрываць, называць “альфа-самцом”. Але ў двор ціха спускаецца пэнсіянэр з кійком, дае зуху высьпетка, і той без словаў і прыніжаны сыходзіць прэч.

Вось і дзядуля Гавэл даў высьпетка Пуціну. Разам — за ўсё. За вайну ў Чачэніі, за растаптаную Канстытуцыю, за нахабства і за зьняважлівыя адносіны да ўласнага народа. А адначасова дзядуля даў высьпетка і нямецкім лізаблюдам, якія лісьлівяць Крамлю. Даў ім добрую лекцыю і нагадаў аб тым, што такое самапавага.

Шкада, што ў Расеі сёньня ня бачна такіх дзядуль. І шкада, што мы — грамадзяне Расеі — працягваем амаль маўкліва назіраць за шабасам крамлёўскіх гопнікаў, якія раскрадаюць краіну. Мы ціха радуемся, калі каму-небудзь стае сілы і аўтарытэта хаця б час ад часу паставіць гэтую шпану на месца.

Ільля Яшын


Пераклад з расейскай В. Буйвала