МОВА — НАЙБОЛЬШ ЭФЭКТЫЎНАЯ ЗБРОЯ АБАРОНЫ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ІНТАРЭСАЎ

posted Jul 26, 2011, 12:54 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 26, 2011, 12:56 AM ]
Чым жыве сучаснае беларускае грамадзтва? Якія каштоўнасьці яму даражэйшыя? Якія ў яго прыярытэты? Ці ведаюць нашыя людзі сапраўдную гісторыю сваёй Радзімы? Ці задумваюцца яны пра яе будучыню? Ці хвалюе нашых людзей стан духоўнага і фізічнага здароўя іх дзяцей, унукаў? Гэтыя ды іншыя падобныя пытаньні ня можа ня ставіць перад сабой нармальны чалавек, як і ня можа ён не шукаць на іх сумленныя і шчырыя адказы.

Адным з найбольш актуальных пытаньняў сучаснага беларускага грамадзтва ёсьць пытаньне пра сёньняшні стан беларускай мовы ў нашай краіне.

Навуковымі даследваньнямі ўстаноўлена, што мова і сьвядомасць непарыўна ўзаемазьвязаны. Сьвядомасьць матэрыялізуецца праз мову. Толькі выяўленая ў мове калектыўная сьвядомасьць становіцца сацыяльнай рэальнасьцю. Гэта значыць, што з ўмацаваннем і разьвіцьцём беларускай мовы будзе мацнець і разьвівацца нацыянальная сьвядомасьць беларусаў. Ці не таму вынішчэньне ў нашай краіне беларускай мовы стала галоўнай палітычнай мэтай антыбеларускага рэжыму з першага дня яго існаваньня.

Многія людзі яшчэ не ўсьвядомілі даўно вядомую ісьціну, што губляючы родную мову, чалавек разам зь ёй губляе ўсё лепшае, што яму назапасілі продкі: гісторыю, культуру, духоўнасьць, інтэлект, свабоду, і, як апошні вынік, — маёмасьць і дабрабыт. Так, так даражэнькія, і маёмасьць, і дабрабыт, якія, на вялікі жаль, сталі галоўным прыярытэтам ці не бальшыні сучасных беларускіх людзей. Гэта яскрава пацьвердзілі падзеі ў нашай краіне за апошнія 7-8 месяцаў, калі большасьць беларусаў з жахам заўважыла, што раптоўна згубіла вялікую частку свайго дабрабыту.

Расея палітычна зацікаўленая ў тармажэньні разьвіцьця беларускай нацыі, у дамінантнай інфармацыйнай прысутнасьці ў Беларусі, у распаўсюджаньні ў нашай краіне расейскай мовы, у маргінальным статусе беларускай мовы ды ў іншых падобных рэчах. Такі падыход застаецца нязьменным ужо шмат гадоў.

Яшчэ на пачатку пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя ў нашай краіне школы ў сваёй большасьці былі беларускімі, дзе ўсе прадметы выкладаліся толькі па-беларуску. Мне пашчасьціла вучыцца ў такой школе. Тады галоўныя падручнікі мелі вельмі прыгожыя і дакладныя назвы: “Родная мова” і “Родная літаратура”. Менавіта так — родныя, бо іншымі для беларусаў яны і не маглі быць. Цяпер гэтыя падручнікі называюцца так, як і іншыя, у тым ліку, замежныя — “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. Мусіць гэта таму, што для тых, хто зьмяняў назву падручнікаў, беларуская мова не была роднай.

Навукова абгрунтавана, што беларускія дзеці, якія навучаюцца на беларускай мове, лепш засвойваюць матэрыял, маюць больш грунтоўныя веды, чым такія ж беларускія дзеці, якія навучаюцца на рускай мове. Гэта было пацьверджана ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі па ўсёй краіне дзейнічалі беларускія школы і беларускія дзіцячыя садочкі. Тады ўсе выпускнікі Беларускага Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, дзе навучаньне праводзілася выключна на беларускай мове, (усе 100 %) без прблем паступалі ў ВНУ, дзе быў вельмі высокі конкурс. Гэта праўдзівы факт і, падобна на тое, што гэта ёсьць галоўная прычына ліквідацыі ліцэя кіруючым антыбеларускім рэжымам.

Асабліва вялікую шкоду прынёс ганебны рэферэндум 1995 года, які даў старт працэсам вынішчэньня беларускай мовы і разбурэньня сістэмы беларускай адукацыі.

Галоўнай мэтай таго рэферэндуму была ліквідацыя статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, і наданне ёй маргінальнага статусу.

Паспрабуйце ўявіць сёньняшнюю сытуацыю ў нашай краіне, калі б не было таго ганебнага рэферэндуму. У якім стане былі б сёньня беларуская мова, беларуская адукацыя, беларуская культура і беларуская эканоміка? Які быў бы склад беларускага парламенту, беларускага ураду, беларускіх судоў? Ці былі б сёньня пры ўладзе варожыя да ўсяго беларускага “русскоязычные” служачыя дзяржаўнага апарату?

Як бы за гэтыя 16 гадоў расквітнела наша краіна — адна з самых культурна і эканамічна разьвітых краін былога СССР!

У нашай краіне на самым высокім дзяржаўным узроўні адкрыта дэманструецца непавага да беларускай мовы. Ні той, хто займае сёньня пасаду кіраўніка дзяржавы, ні яго бліжэйшыя памочнікі, міністры, — ніхто з высокіх дзяржаўных асобаў публічна не ўжывае мову дзяржавы, на вяршыні ўлады якой яны апынуліся. Такога няма больш нідзе ў сьвеце.

Ці не таму ў нашай краіне сёньня няма ніводнага беларускамоўнага дзіцячага садочку, ніводнай цалкам беларускамоўнай школы і ніводнай беларускамоўнай ВНУ.

Ніводнае дзяржаўнае прадпрыемства, ніводная дзяржаўная ўстанова не вядуць справаводзтва на беларускай мове, а толькі на мове суседняй дзяржавы.

І гэта адбываецца ў краіне, дзе большасьць насельніцтва — беларусы.

Вынік антыбеларускай дзейнасці кіруючага рэжыму відавочны.

1. Дэмаграфічная сытуацыя ў нашай краіне характарызуецца працэсам дэпапуляцыі. Штогадовая колькасьць памерлых перавышае колькасьць нарадзіўшыхся. За 17 гадоў колькасьць насельніцтва нашай краіны зьменшылася больш як на 600 тыс. чалавек. Замест таго, каб стварыць спрыяльныя сацыяльна-эканамічныя ўмовы для паляпшэньня дэмаграфічнай сытуацыі ў Беларусі, рэжым плануе прыцягнуць у нашу краіну перасяленцаў з іншых краін (найбольш верагодна, што з Расеі), выплочваючы ім пад'ёмныя ў памеры 1000 долараў на кожнага. Відавочна, што прыстойны чалавек і дбайны гаспадар за такія грошы не будзе адрывацца ад свіх каранёў. На такое можа спаквапіцца толькі лайдак. Такім чынам рэжым плануе замяняць выміраючае беларускае насельніцтва люмпен-пралетарыятам з суседніх краін. Гэта ёсць звычайны генацыд.

2. Рэжым сьвядома стварыў спрыяльныя ўмовы для алкагалізацыі насельніцтва. У выніку паводле ацэнкі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, кожны беларус у пераліку на чысты спірт ў 2010 годзе спажыў 15,13 літра алкаголю. Гэта выводзіць нашу краіну ў дзясятак найгоршых па гэтым паказчыку ў свеце. Па гэтаму паказчыку Беларусь у хуткім часе можа дагнаць Расею, дзе ў год на аднаго чалавека спажываецца 18 літраў чыстага алкаголю.

Па дадзеных сусьветнай аранізацыі аховы здароўя 8 літраў чыстага алкаголю на душу насельніцтва ёсьць мяжа, за якой пачынаецца дэградацыя нацыі. Такім чынам, кіруючы рэжым ужо падвойна перацягнуў беларускую нацыю за гэту небясьпечную мяжу.

3. Катастрафічна падае маральны ўзровень грамадзтва, асабліва сярод моладзі.

4. Мэтанакіравана разбураецца сістэма беларускай адукацыі. У мінулым годзе пры правядзенні ў ВНУ дзяржаўнага тэставаньня высветліўся вельмі нізкі ўзровень ведаў выпускнікоў школ па ўсіх прадметах. На бюджэтную форму навучаньня вымушаны былі залічваць абітурыентаў, агульны бал якіх па профільных прадметах не перавышаў 25 з магчымых 100. Гэта значыць, што месцы ў беларускіх ВНУ пачалі займаць двоечнікі і троечнікі. Сёлета сытуацыя ня толькі не палепшылася, а стала яшчэ горшай. Раней заўсёды ў беларускіх ВНУ былі вялікія конкурсы. Каб стаць студэнтам, трэба было ўступныя экзамены здаць не ніжэй, як на “добра” і “выдатна”.

Зьдзіўляе тое, што міністр адукацыі Беларусі за такія “дасягненьні” не толькі не быў пакараны, а нават атрымаў павышэньне па службе. Гэта сьведчыць пра тое, што працэс разбурэньня сістэмы беларускай адукацыі, як і беларускай мовы — не выпадковы. Ён спланаваны антыбеларускімі сіламі і мэтанакіравана імі ажыцьцяўляецца.

5. Разбураецца беларуская эканоміка. Зьніжаецца канкурэнтаздольнасьць найбольш важных відаў прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. У выніку расьце адмоўнае сальда зьнешнегандлёвага балансу — аднаго з важнейшых макраэканамічных паказчыкаў. Гэта — адна з прычын сёньняшняга валютна-фінансавага крызісу.

6. Каб не дапусціць поўнага краху эканомікі і часова прадухіліць сьпеючы ў грамадстве сацыяльна-эканамічны выбух рэжым набірае замежныя крэдыты, якія вяртаць павінны будуць нашы дзеці і ўнукі. Зьнешні доўг краіны ўжо перавысіў 30 млрд. даляраў ЗША. (больш як па 3000 даляраў на кожнага беларуса).

7. Каб працягнуць далей сваё ганебнае існаваньне рэжым гандлюе нацыянальнай маёмасьцю, набытай многімі папярэднімі пакаленьнямі беларусаў.

8. Расейскі крымінальны капітал пры спрыяньні антынароднага рэжыму апанаваў, практычна, усе камандныя вяршыні ў беларускай эканоміцы. Унутраны гандаль манапалізуецца праз супэрмаркеты, якія ствараюцца і кантралююцца не беларусамі. Беларускае ж прадпрымальніцтва пасьлядоўна і мэтанакіравана разбураецца. Пад выглядам навядзеньня парадку рэжымам ліквідавана большасьць кропак дробнага розьнічнага гандлю, не разьвіваецца сярэдні бізнес.

9. Забаронены спрадвечныя нацыянальныя дзяржаўныя сымвалы — герб “Пагоня” і сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, а іх носьбітаў жорстка перасьледуюць. Дзяржаўнымі абвешчаны штучныя сымвалы савецкага часу, якія не адпавядаюць сапраўднай беларускай гісторыі і зьяўляюцца акупацыйнымі прыдумкамі.

10. Сёньняшняя падрэжымная Беларусь — сусьветны і эўрапейскі лідар па колькасьці асуджаных і па колькасьці міліцыянераў на 100 тысяч насельніцтва, а таксама лідар па самазабойствах.

Галоўнай прычынай гэтых і іншых праблем беларускага грамадзтва зьяўляецца антынацыянальная, антыбеларуская сутнасьць кіруючай у нашай краіне ўлады.

Відавочна, што вяртаньне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы дало б магчымасьць ачысьціць органы дзяржаўнага кіраваньня ад рускамоўных чыноўнікаў, якія ненавідзяць беларускую мову і варожа ставяцца да ўсяго беларускага. Гэта дазволіла б сфармаваць дзеяздольны беларускі урад, беларускі парлямант, беларускае правасуддзе, палепшыць стан беларускай адукацыі, беларускай культуры, беларускай навукі, беларускай эканомікі, беларускага войска і беларускай міліцыі.

Дык абаронім жа чалавечую годнасьць і свае нацыянальныя інтарэсы.

Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня

Мікалай Крыжаноўскі