ЗАМЕЖНЫ ДРУК (25-26.07.2011)

posted Jul 28, 2011, 7:47 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 28, 2011, 7:48 AM ]
Жудасныя вынікі

25 ліпеня 2011 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” напісала, што па ўсёй Нарвэгіі прайшлі “кветачныя маршы” у памяць 76 ахвяраў падвойнага тэракту.

Наш камэнтар: Высакародныя і шчырыя мэмарыяльныя мерапрыемствы... Але нарвэжскае грамадзтва ўрэшце павінна разабрацца, што адбываецца ў яго краіне — якія жудасныя вынікі дае жудасная палітыка лібэралізма зь яе збачэнцамі, “шматрасавым грамадзтвам”, “правамі чалавека”, якія ёсьць правамі злачынца на беспакаранасьць і г.д.

Юрка Марозаў


Шаленец зразумеў Расею

26 ліпеня 2011 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” апублікавала артыкул пад тытулам “Расея і Пуцін былі прыкладам для выканаўцы тэрактаў”. У сваім маніфэсьце, зьмешчаным у Сеціве, сэрыйны забойца Брэйвік выказваў захапленьне Расеяй і Пуціным, “справядлівым і цьвёрдым лідэрам, які заслугоўвае павагі”. Прэс-служба Пуціна назвала напісанае Брэйвікам “дэлірыюмам шаленца”.

Наш камэнтар: А тым часам шаленец зразумеў і па-свойму ацаніў галоўную здольнасьць пуцінскай Расеі — забіваць уласны народ (ня кажучы ўжо пра іншыя народы).

Юрка Марозаў


Абарона злачынцаў

25 ліпеня 2011 г. нарвэжская газэта “Aftenposten” напісала пра дыскусію, якая разгортваецца ў Нарвэгіі. Тэма дыскусіі — максімальны прысуд, які можа атрымаць сэрыйны забойца Брэйвік паводле нацыянальнага заканадаўства. Гэта ўсяго 21 год турмы. У Нарвэгіі даўно адменена нават пажыцьцёвае зьняволеньне. Людзі сьцьвярджаюць, што пакараньне павінна быць больш сур'ёзным.

Наш камэнтар: Вядома, што ва ўмовах лібэралізма злачынцы пачуваюцца беспакаранымі. Закон бароніць у першую чаргу іх, а не іхныя ахвяры і не грамадзтва. Ці здолее народ вымусіць лібэральнае кіраўніцтва краіны зьмяніць гэты ідыёцкі парадак?

Алесь Хадасевіч


Надзьмуваюцца ў амплуа

26 ліпеня 2011 г. бэльгійская газэта “Het Volk” паведаміла, што ў Маскве былі разьвешаны вялікія каляровыя плакаты з выявай Медведева ў строі кінагероя “Капітана Амэрыкі” з надпісам “Капітан Расеі”. У галівудскім фільме “Капітан Амэрыка: Першы мсьціўца” малады чалавек у выніку навуковых экспэрымэнтаў становіцца супэргероям і бароніць амэрыканскія ідэалы. Увесну ў Маскве ўжо вывешвалі вялікія плакаты з узброеным Пуціным і надпісам “Ён бароніць”.

Наш камэнтар: Такое ў расейскай фальклёрнай традыцыі назваецца “ряженые”. Імпэрскія паханы надзьмуваюцца ў амплуа супэргерояў. Але яны ўжо нікога ня могуць падмануць. Вядома, што бальшыня расейскага насельніцтва не зьбіраецца ісьці на выбарчыя ўчасткі, каб удзельнічаць у лубянска-крамлёўскім шоў пад назовам “выбары”.

Алесь Хадасевіч


Дата прайшла незаўважанай

26 ліпеня 2011 г. іспанская газэта “АВС” апублікавала матэр'ялы, прысьвечаныя 75-м угодкам пачатку грамадзянскай вайны ў Іспаніі (18 ліпеня 1936 г. — сакавік 1939 г.). Зьмешчаны непублікаваныя раней фотаздымкі і дакумэнты з архіваў, успаміны ўдзельнікаў падзеяў, карты.

Наш камэнтар: Сталінскі Крэмль паслаў на тую вайну тысячы беларускіх афіцэраў і жаўнераў, каб “землю крестьянам в Гренаде отдать” (чытай — пашырыць крамлёўскі райх). Большасьць з нашых вайскоўцаў загінула на франтах, многія былі зьнішчаны ў ГУЛАГу пасьля вяртаньня. На жаль, у Беларусі гэтая дата прайшла незаўважанай. Наперадзе беларускія дасьледваньні, кнігі, выставы і фільмы на тэму іспанскай вайны.

Алесь Хадасевіч


Народ не дапусьціць “амністыі”

26 ліпеня 2011 г. французкая газэта “Le Monde” напісала, што ў Каіры стане перад судом першы з мубаракскіх вышэйшых чыноўнікаў — былы прэм'ер-міністар Назіф. Яго абвінавачваюць у карупцыі. У будынак трыбунала прывезьлі таксама былога міністра ўнутраных справаў Хабіба эль-Адлі, які аддаў загад страляць па дэманстрантах. Яго сустрэлі дзясяткі сямейнікаў ахвяраў, якія закідалі машыну з эль-Адлі камянямі.

Наш камэнтар: Эгіпецкі народ патрабуе справядлівага пакараньня дзяржаўных злачынцаў. Яны не схаваюцца ад пакараньня. Народ не дапусьціць “амністыі” або яшчэ якой формы псэўдасправядлівасьці.

Юрка Марозаў