АДЗНАЧЭНЬНЕ ДНЯ ДЭКЛЯРАЦЫІ АБ СУВЭРЭНІТЭЦЕ Ў МЕНСКУ

posted Jul 28, 2011, 7:48 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 28, 2011, 7:49 AM ]
27 ліпеня сёлета група сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ сабралася ў цэнтры нашай сталіцы, каб ушанаваць 21-я ўгодкі прыняцьця Дэкларацыі аб сувэрэнітэце Беларусі. Грамада ўсклала кветкі зь бел-чырвона-белымі стужкамі да помнікаў вялікім беларусам Янку Купалу і Максіму Багдановічу. Людзі прасьпявалі духоўны гімн “Магутны Божа”.

Перад грамадой выступіў выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту і КХП-БНФ сп. Юры Беленькі. Ён распавёў пра перадгісторыю таго знамянальнага дня. Як з першых дзён працы ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня дэпутаты-фронтаўцы рыхтавалі дакумэнты, якія забясьпечвалі сувэрэнны статус і незалежнае разьвіцьцё Рэспублікі Беларусь. Камуністычная большасьць у парляманце і слухаць не хацела пра сувэрэнітэт. Але пад кіраўніцтвам старшыні БНФ “Адраджэньне” і парляманцкай апазыцыі БНФ Зянона Пазьняка гэтая праца вялася пасьлядоўна і настойліва.

І вось, калі ў чэрвені 1990 года з Масквы прыйшла афіцыйная “разнарадка на сувэрэнітэт” (тут была вядомая маніпуляцыя Гарбачова па захаваньні СССР), Апазыцыя БНФ скарыстала яе і ўмелым манэўрам прымусіла Вярхоўны Савет прыняць, фактычна, свой тэкст Дэклярацыі аб сувэрэнітэце.

Ужо праз год, пасьля правалу жнівеньскага крамлёўскага путча ў Маскве, намаганьнямі дэпутатаў-фронтаўцаў і ўсяго Беларускага Народнага Фронту, які вывеў тысячы людзей на плошчу перад парлямантам, Дэклярацыі (пасьля цяжкага змаганьня і дыскусіі з камуністамі) надалі статус канстытуцыйнага закону. Беларусь рэальна (дэ юрэ) стала незалежнай дзяржавай.

Гэта была найвялікшая нацыянальная перамога беларускага народу ў ХХ стагоддзі. Народ на плошчы вітаў свой доўгачаканы дзень Незалежнасьці і свабоду. Гэта быў вынік самаахвярнай барацьбы беларускіх патрыётаў-фронтаўцаў.

Выступілі таксама іншыя ўдзельнікі мерапрыемства. Людзі казалі пра неабходнасьць нацыянальнай асьветы перш за ўсё беларускай моладзі, якую антыбеларускі рэжым ўсімі спосабамі імкнецца дэзарыентаваць і дэмаралізаваць. Нельга дапусьціць, каб хімера русіфікацыі запанавала на нашай сьвятой зямлі. Беларусы павінны ствараць паралельныя структуры і цэнтры беларускай культуры і адукацыі, незалежныя ад рэжыму. У гэтых цэнтрах трэба вучыць нашых дзяцей і моладзь на роднай мове, далучаць іх да нашых нацыянальных традыцый, да беларускай духоўнасьці. Гэта ёсьць сапраўдны народны супраціў акупантам, шлях салідарызацыі ўсіх беларусаў. Гэта ёсьць шлях паратунку ад зьнішчэньня, якое творыць над нашым народам акупанцкі рэжым. “Беларуская Салідарнасьць пераможа імпэрыю!” — так казалі ўдзельнікі сьвяточнага мерапрыемства.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

27 ліпеня 2011 г.