ФАЛЬШЫЎКА Ў СЕЦІВЕ

posted Jul 31, 2011, 12:27 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 31, 2011, 12:30 PM ]
У другой палове мінулага году ў нас здарыўся абвал ў Сеціве (інтэрнэтная катастрофа, як я гэта называю). Амаль адначасна (па розных прычынах) мы страцілі шэсьць нашых інтэрнэтных старонак, якія перасталі дзейнічаць. Сярод іх і наша партыйная старонка <pbpf.org>. Прычына ў безадказнасьці асобы, якой было даверана тэхнічна весьці нашае адраджэнскае Сеціва. Узьнікла сытуацыя, якая выйшла з-пад кантролю. У выніку — страта.

Аднак праз некалькі месяцаў (ужо ў гэтым годзе) у Сеціве зьявілася іншая старонка пад нашым старым партыйным інтэрнэтным “дамэнам”. Там — поўная “каша”. У афармленьні — лукашысцкая савецкая сымволіка суседнічае з Пагоняй, ангельская мова (не прафесійнага кшталту), на якой напісана поўная абракадабра, мяжуе зь беларускай і з нашымі старымі партыйнымі паведамленьнямі.

Наш партыйны “дамэн” быў прададзены на аўкцыёне за вялікую суму, якая ў дзясяткі разоў пераўзыходзіць ягоную цану. Выплылі цікавыя падрабязнасьці, якія праясьняюць пытаньне, каму магла спатрэбіцца такая “містыфікацыя”. Нехта хацеў, відаць, зрабіць блытаніцу ў галовах беларусаў, і найперш — у карыстальнікаў за мяжой. Але, пэўна, “перамудрыў” самога сябе, ня ведаючы наперад, што мы зробім. А мы тым часам стварылі новую старонку “Народная партыя” (http://www.narodnaja-partyja.org/) і працягваем нашу вызвольную справу.

Такім чынам, карыстальнікі нашай старонкі, сябры і прыхільнікі павінны ведаць, што пад старым адрасам нашага “сайта” цяпер узьнікла ў Сеціве лукашысцкая фальшыўка. Характар яе ўзьнікненьня і мэтодыка добра паказваюць, хто гэтым мог бы займацца.

26 ліпеня 2011 г.

Зянон ПАЗЬНЯК