ПРА ТЭКСТ У СЕЦІВЕ

posted Aug 2, 2011, 9:05 AM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 2, 2011, 9:06 AM ]
28 ліпеня сёлета ў Сеціве зьявіўся непадпісаны нікім асабіста тэкст пад тытулам “Народное собрание и Народный суд”. Тэкст суправаджаўся фотаздымкам В. Івашкевіча. Паводле гэтага намёку, мяркуем, што ён далучны да гэтага тэксту. Тэкст апублікаваны на расейскай мове (мове псэўдаапазыцыі) і вытрыманы ў стылі “грамадзка-палітычнай сэнсацыі”. Там ёсьць хлёсткія фрагмэнты: “бандитское ограбление всего народа”, “бандитское насилие над людьми, имевшими смелость сказать правду”, пра абурэньне “подлостью и наглостью белорусского (?) диктатора” і г.д. Яно нібыта ўсё так і ёсьць (цікава толькі, што за “белорусскій диктатор”, хіба акрамя антыбеларускага існуе яшчэ іншы?).

У выніку разважаньняў аўтар (або аўтары) дакуманта заклікаюць сотні тысячаў людзей у розных гарадах Беларусі правесьці 8 кастрычніка сёлета “Народное собраніе”, а калі будзе трэба, то і “Народный суд” над рэжымам. Заяўлена, што гэтыя падзеі ўжо рыхтуюць аргкамітэты ў розных месцах. Названыя і дзеячы гэтых аргкамітэтаў. Сярод іншага гэта вядомыя дзеячы псэўдаапазыцыі, якія на працягу гадоў пераконвалі наша грамадзтва, што трэба ўдзельнічаць у лукашыстоўскім шоў пад назовам “выбары”, што “байкот — гэта несур'ёзна і неэфэктыўна”. У шэрагу імёнаў ёсьць асобы з пэўнай рэпутацыяй. Камуніст-посткамуніст тав. С. Калякін, запісны правальшчык дэмакратычнага прафсаюзнага руху Г. Фядыніч, 30-гадовы “вэтэран” шэрагу псэўдарухаў Я. Афнагель, “культуролаг”-самазванец В. Арэшка. Ёсьць там і Вінцук Вячорка. Адным словам, усё знаёмыя твары, якія актыўна існавалі і існуюць у рэчышчы “палітычнага бізнэсу”, зарабляючы на грантаўскае жыцьцё. На жыцьцё яны зарабілі, але вось усё ў нацыянальнай палітыцы правалілі і давялі да абсурду. Цяпер яны гукаюць народ на “собраніе”.

Паралельныя дыктатуры структуры ўлады (народнай улады) — цікавая ідэя, якая мае прэцэдэнты ў гісторыі народнага змаганьня ў розных краінах сьвету. Але ёсьць таксама ўнівэрсальнае правіла: да арганізацыі гэтых структураў ні пад якім соўсам нельга дапускаць асобаў, якія дэ-факта раскрыліся як імітатары, правакатары і прафанатары ўсяго сьвятога і палітычна мэтазгоднага. Ну, нельга (няма даверу) ісьці на любыя, тым больш маштабныя палітычныя акцыі за такімі асобамі.

Нацыянальна-вызвольны Беларускі Рух павінен разгортвацца ў роднай беларускай мове, пад роднымі нацыянальнымі сымваламі і сіламі сапраўдных патрыётаў Бацькаўшчыны, а не пад кіраўніцтвам падстаўной псэўдаапазыцыі, якая ўжо шмат разоў сваім удзелам і агітацыяй на выбарах ды рэфэрэндумах дапамагла Лукашэнку замацавацца ва ўладзе.

Валеры Буйвал