ДЭМАГОГІЯ АДБУДЗЕЦЦА НА БАНГАЛОРЫ

posted Aug 17, 2011, 10:04 AM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 17, 2011, 10:05 AM ]
12 жніўня так званы “Аргкамітэт Народнага сходу” заявіў (на мове акупантаў нашай краіны), што “Минский городской сход будет проводиться 8 октября, в парке Дружбы народов с 13.00. Цели акции протеста — освобождение всех политзаключённых, протест против ухудшения социально-экономической ситуации в стране и новые президентские выборы”.

Інфармацыю агучыў В. Івашкевіч. Пра неабходнасьць абароны Айчыны ад агрэсіі расейскага імпэрыялізма, пра нацыянальна-дзяржаўную здраду лукашыстоўскай хунты і кіруемы з Масквы разгром беларускай эканомікі, культуры і дзяржавы весьці размову на гэтым “сходзе” не заплянавана. Для псэўдаапазыцыі важным аказалася патрабаваць ад хунты “новых выбараў”, якія (як усе разумеюць) будуць праводзіцца пад кіраўніцтвам гэтай жа хунты.

Хаця для некаторых грамадзянаў гуканьне псэўдаапазыцыі пра “верніте зарплаты і пенсіі до размеров начала года” могуць гучаць прывабна. Ня будзем забывацца, што менавіта на такіх дэмагагічных абяцанках-патрабаваньнях у 1994 годзе да ўлады ў Беларусі прышоў вядомы зьнішчальнік усяго беларускага.

Патрабаваць ад антынароднай улады, каб яна нешта “вярнула” — тупіковы і нядобры шлях. Вынік такіх заяваў — абалваньваньне людзей і дэзарыентацыя палітычных дзеяньняў. На пачатку мінулага дзесяцігоддзя псэўдаапазыцыя, якая адкалолася ад Беларускага Народнага Фронту і пайшла на “палітбізнэс” і “прагматызм”, увяла моду на “маршы”. Былі маршы “за хорошую жізнь”, “за лучшую жізнь”, “марш свободы-1”, “марш свободы-2”, “европейскій марш” і г.д. З кожным “маршам” да іх далучалася ўсё менш людзей, якія здагадаліся, што маюць справу з дэмагогамі і падстаўнымі асобамі. Цяпер, мабыць, івашкевічам ніякімі абяцанкамі не ўдалося б падняць грамадзянаў некуды маршыраваць пад блакітнымі сьцягамі і іншай стракатай небеларускай сымволікай. Разумеючы гэта, псэўдаапазыцыя абрала больш статычны варыянт на добра знаёмым месцы выгулу сталічных сабак — плошчы Бангалор.

Чаму псэўдаапазыцыя займаецца гэтым? Пра яе несамастойнасьць, пра несамастойнасьць прымаемых ёю рашэньняў і чужыя праекты мы пісалі ўжо ня раз. Вось і цяпер, калі мільёны беларусаў сталі ахвярамі лукашыстоўскіх злачынцаў, кіруемых Масквой, псэўдаапазыцыя актывізуецца. Яна нават рэжым сваім “сходам” спрабуе “напалохаць”. Толькі дзеяньнямі гэтай публікі рэжым не напалохаеш. Самае “страшнае”, што яны здольныя прадэманстраваць рэжыму — гэта паход на ганебны Бангалор і шумавіньне пра “новыя выбары” і “вярніце зарплаты” (ізноў жа) пад небеларускай сымволікай.

Беларусам варта разабрацца ў сытуацыі і не дазволіць сябе падмануць ні рэжыму, ні ягонай псэўдаапазыцыі. Нельга нічога прасіць, маліць або патрабаваць у гнілога рэжыму правальшчыкаў. Трэба памятаць, што за рэжымам і яго псэўдаапазыцыяй стаіць імпэрская Масква. Вырашыць праблемы нашага нацыянальна-дзяржаўнага жыцьця можна толькі шляхам палітычнай ліквідацыі антыбеларускага рэжыму. Беларуская рэвалюцыя — гэта форма змаганьня за незалежнасьць Радзімы і супраць імпэрскай маскоўскай экспансіі. Гістарычны досьвед народаў паказаў, што ў рэвалюцыйны пэрыяд нельга давярацца папам-гапонам і іншага кшталту авантурнікам і дэмагогам.

Юрка Марозаў