Паважаныя землякі, дарагія беларусы! Віншую ўсіх нас з 20-годдзем Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь! 25 Жніўня 1991 года на нечарговай 5-й Сэсіі Вярхоўнага Савета БССР пасьля доўгіх дыскусіяў і змаганьня дэпутатаў Апазыцыі БНФ з камуністычнай бальшынёй Вярхоўнага Савета была прыпыненая дзейнасьць КПБ (КПСС) у Беларусі і аднагалосна аб'яўлена незалежнасьць краіны шляхам наданьня Дэклярацыі аб суверэнітэце статуса канстытуцыйнага закону. 200 гадоў пакаленьні беларусаў праз ахвяры, паўстаньні, турмы і вынішчэньні ішлі да гэтага дня. І вось ён настаў. Перад нацыяй адчыніліся сьветлыя пэрспэктывы сацыяльна-культурнага разьвіцьця. У сярэдзіне 90-х гадоў гэтыя пэрспэктывы былі спыненыя з прычыны ўнутраннай акупацыі краіны і падтрымкі Масквой, аднаасобнай ўлады антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі. Аднак, які б цяжкі час мы зараз не перажывалі, нашая Незалежнасьць ёсьць! Ёсьць дзяржава, ёсьць свой народны дом, а значыць ёсьць і будучыня, якая залежыць ад таго, як пакіруемся мы ў сваім доме, які мы навядзем у доме парадак. Гэта значыць, што наша народная будучыня залежыць найперш ад нас самых. Такія магчымасьці дае нам наша незалежнасьць. Шануйма яе, як бацьку з маткай, як каханую жонку і родных дзяцей! Дбайма пра гонар і веліч нашай дарагой Бацькаўшчыны Беларусі. Абараняйма яе ад страты і няволі, трымайма яе ў сэрцы. Жыве Беларусь! Слава героям! 25 Жніўня 2011 г. Зянон Пазьняк |
• Навіны - Галоўная > Навіны - Цалкам >