АБ БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ

posted Sep 1, 2011, 7:30 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 1, 2011, 7:31 PM ]
Галоўным чыньнікам, які кансалідуе і стварае нацыю, ёсьць нацыянальная мова плюс памяць гісторыі. З усьведамленьнем важнасьці мовы ствараліся ўсе эўрапейскія нацыі. Выключэньнем сталіся ірляндцы, якіх у змаганьні з Англіяй акрамя гісторыі лучыла прыналежнасьць да каталіцызму, і габрэі, у якіх кансалідуючым прыярытэтам ёсьць прыналежнасьць да вялікай біблійнай гісторыі.

Беларусь — тыповая эўрапейская краіна з традыцыйнымі каштоўнасьцямі нацыі, якая існуе (ці патэнцыйна існуе) пакуль жыве мова.

Двухсотгадовая расейская акупацыя засьведчыла, што менавіта беларуская мова была галоўным аб'ектам зьнішчэньня з боку ўсёй рускай палітыкі і імпэрскай ідэалёгіі.

Аналіз паказвае, што антыбеларускі рэжым унутранай акупацыі нашай краіны за 17 гадоў мэтанакіраванага этнацыду вынішчыў беларускую мову ў Беларусі больш, чым рускі камунізм за 73 гады савецкай улады.

Нацыя спынілася ў духоўным разьвіцьці. Прыкмета дэградацыі — хуткае выміраньне насельніцтва (духоўна прагрэсуючая нацыя не вымірае). Кожны дзень існаваньня ўлады цемры ў Беларусі аплочваецца сьмерцю сотняў беларусаў.

Мы зьвяртаемся да моладзі і да адукаваных людзей, да эліты грамадзтва: шануйма беларускую мову, паважайце яе нават калі на ёй не гаворыце, бо гэта наша мова, яна сфармавала наш генатып, на ёй некалі размаўляла ўся Усходняя Эўропа. Чытайце, пішэце, гаварэце па-беларуску, каб захаваць сваю будучыню, каб адрадзіць веліч нашай Беларусі.

ХІ Зьезд Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і ІХ Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

27 жніўня 2011 г.

г. Менск