ЯК РАБІЛІ АНШЛЮС АЎСТРЫІ

posted Sep 8, 2011, 4:42 AM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 8, 2011, 4:44 AM ]
Мы публікуем разьдзел з кнігі польскіх гісторыкаў Юліты Мікульскай-Бэрнась і Францішака Бэрнася “V калёна”. Разьдзел прысьвечаны так званаму Аншлюсу (па-нямецку — “далучэньню”) Аўстрыі да гітлерскай Нямеччыны. Фашысты не хаваліся з сваім плянам захопу і “далучэньня” незалежнай Аўстрыі да свайго Райху. 25 ліпеня 1934 года аўстрыйскія гітлерцы, узброеныя Берлінам, распачалі путч супраць легітымнай улады Аўстрыі. Яны захапілі шэраг урадавых будынкаў па ўсёй краіне, быў сьмяротна паранены канцлер Аўстрыі Дольфус. Але кіраўніцтва Аўстрыі здолела выстаяць, армія разграміла путчыстаў.

Тады Гітлер зьмяніў тактыку. Ад адкрытай атакі на дзяржаву фашыстоўская агентура перайшла да палітыкі паступовага разбурэньня аўстрыйскай дзяржавы, яе дыскрэдытацыі і аслабленьня. Калі Гітлер палічыў, што дзяржаўная сістэма Аўстрыі дастаткова грунтоўна падарвана знутры, ён выставіў краіне брутальны ўльтыматум, а потым увёў нямецкія войскі ў Аўстрыю і ўрэшце “далучыў” краіну да Райху

Чытаючы гэты разьдзел, немагчыма пазбавіцца ад думкі, што ўся карціна нагадвае нам палітыку маскоўскага Райху ў нашай незалежнай Беларусі. Супадае шмат што: падрыў дзяржаўнага арганізма сіламі чужынскай агентуры, нахабства і ўпэўненасьць гэтай агентуры ў сваёй беспакаранасьці, зьмена імпэрскіх дзеяньняў у залежнасьці ад абставінаў — і ў выніку паралюш волі да супраціву, які апанаваў ня толькі дзяржаўныя структуры Аўстрыі, але і аўстрыйскае грамадзтва.

Ёсьць, аднак, і вельмі грунтоўная розьніца паміж гістарычнай сытуацыяй і цяперашнім становішчам у нашай краіне. Дыктату Гітлера і правакацыям аўстрыйскіх гітлерцаў ўсё-ткі супрацьстаяла патрыятычнае нацыянальнае кіраўніцтва Аўстрыі, нацыянальная армія і нацыянальная паліцыя. Аўстрыйскі афіцыёз супраціўляўся няўпэўнена, непасьлядоўна, са страхам, але супраціўляўся. У Беларусі з 1994 г. у адкрытую існуе рэжым хунты, якая складаецца з стаўленьнікаў Масквы (мясцовых і імпартаваных з імпэрыі сэйс-урквартаў). Такімі ж здраднікамі нацыянальных інтарэсаў і расейскай агентурай апанаваныя ўсе дзяржаўныя структуры. Умовай для рабленьня афіцыйнай кар'еры ў рэжыме ўнутранай акупацыі зьяўляецца адмаўленьне ад усяго беларускага і нянавісьць да Беларускай дзяржавы.

Другой важнай розьніцай зьяўляецца пазыцыя грамадзтва. Многія, вельмі многія аўстрыйцы пасьля паразы Аўстра-Угорскай імпэрыі ў І Сусьветнай вайне жылі парэшткавым комплексам імпэрскай паразы. Яны былі зусім ня супраць далучэньня радзімы да Берліна і “адраджэньня германскай велічы і магутнасьці”. Гэта і было прычынай пасыўнасьці многіх людзей у Аўстрыі падчас барацьбы за рэспубліку, а потым іхнай радаснай рэакцыі на Аншлюс. Яны не адчувалі небясьпекі, не задумваліся над тым, што Гітлер абрыне на іх жахі вайны і разбурэньняў. Беларускае грамадзтва за 20 гадоў існаваньня незалежнай дзяржавы ў сваёй большасьці ўжо перажыло савецкія комплексы і пазбавілася ад настальгіі па СССР. Моладзь дык і зусім ня ведае, што такое маскоўскі “пралетарскі рай”. Як бы не шумела маскоўская прапаганда, абсалютная бальшыня беларусаў ня хоча далучацца да п'янай, шызафрэнічнай, фашыстоўскай Расеі. І калі Гітлер абгрунтавана лічыў, што “час працуе на нас”, гэта значыць, на фашыстаў, то ў Беларусі, наадварот, з кожным годам людзям становіцца ўсё больш зразумелай каштоўнасьць сваёй дзяржавы.

Аўстрыйскі аналаг дае нам яшчэ адзін аспэкт падабенства нацыянальна-дзяржаўнай драмы. Многія людзі ў Аўстрыі не далучыліся да нацыянальнага авангарда грамадзтва — Патрыятычнага Фронту, які вёў змаганьне супраць Аншлюса. Ёсьць і ў Беларусі такія, што заяўляюць: “Мы палітыкай не займаемся” і ня лічаць патрэбным далучацца да змаганьня Беларускага Народнага Фронту. І ў далёкія 30-я і цяпер людзі спадзяюцца прыстасавацца да фашызма, камфортна праіснаваць пад ім і вераць у “дабрачыннасьць” лютага ворага. Ілюзіі і сацыяльная пасыўнасьць давялі аўстрыйскі народ да катастрофы, трагічныя вынікі якой давялося пераадольваць на працягу дзесяцігоддзяў.

Настаў час зразумець мільёнам беларусаў, што без супраціву, без змаганьня ня будзе ні спакою, ні камфорту. Трэба зразумець, што люты імпэрскі вораг пераходзіць да апошняга этапу падступнага Аншлюсу Беларусі ў сваю гнілую фашыстоўскую імпэрыю. Трэба ўсім далучацца да авангарду беларускага народу — Народнага Фронту і Адраджэньня (якім кіруе Зянон Пазьняк), каб адстаяць сваю незалежную дзяржаву і вызваліць яе ад чужынскай акупацыйнай хунты. Гэтаму вучыць нас гісторыя.

Янка Базыль


(V калона)
“Час працуе на нас”

Як толькі адгрымела рэха вулічных баёў і былі залатаныя сьляды куляў і ўстаўлены новыя шыбы ў будынку “Равагу”, у нямецкай амбасадзе ў Вене ўжо атабарыўся новы афіцыйны прадстаўнік ІІІ Райху пры ўрадзе Аўстрыі — Франц фон Папэн. Вена прыняла яго з уздыхам аблягчэньня. Гэты выдатны дзеяч каталіцкага руху і асабісты прыяцель забітага канцлера Дольфуса і цяперашняга канцлера Курта фон Шушніга, здавалася, даваў надзею на разрадку ў напружаных нямецка-аўстрыйскіх адносінах. Ультракаталіцкая Аўстрыя хацела бачыць у ім перад усім чалавека добрай волі — заангажаванага каталіка, а ўжо потым гітлерскага дыпламата.

Мабыць той уздых аблягчэньня ператварыўся б у крык зьдзіўленьня, калі б тадышні амбасадар ЗША ў Вене паўтарыў каму-небудзь сваю размову з фон Папэнам, якая адбылася праз некалькі дзён пасьля прыбыцьця яго ў Аўстрыю — але што ж, амбасадар быў дыскрэтны.

А Папэн абвясьціў тады з абязбройваючым цынізмам, што: “Уся ўсходняя Эўропа ажно па межы Турцыі зьяўляецца жыцьцёвай прасторай Райху і ягоная місія (г. зн. Папэна) тут мае на мэце спрыяньне ўсталяваньню нямецкага гаспадарчага і палітычнага кантролю над усёй гэтай тэрыторыяй (...) Першым крокам у гэтай справе будзе ўсталяваньне нямецкага кантролю над Аўстрыяй”.

Пакуль, аднак, нішто не раскрывала гэтых намераў. Фон Папэн бываў на прыёмах, пільна дбаў аб працягу свайго “прыватнага сяброўства” з канцлерам Шушнігам і... перадаваў штомесяц па 200 тысячаў марак аўстрыйскім нацыянал-сацыялістам.

Новы амбасадар часта выязджаў у Бэрхтэсгадэн на канфэрэнцыі з фюрэрам Нямеччыны. Але гэта не выклікала залішняга непакою. Наадварот — уплыву фон Папэна прыпісвалі наладжваньне нямецка-аўстрыйскіх адносінаў. Гэта “наладжваньне” зайшло так далёка, што 21 траўня 1935 г. Гітлер абвясьціў у Райхстагу, што “Нямеччына ня хоча ўмешвацца ва ўнутраныя справы Аўстрыі, ня мае намеру анэксаваць яе і праводзіць Аншлюс”.

Гітлерцы ўжо не рабілі тэракты. Зьнешне “дабрачынная” дзейнасьць фон Папэна супакойвала разгул жарсьцяў і скіроўвала ў роўную стабілізацыю добрасуседскіх адносінаў. Тым часам гэта была толькі зьмена тактыкі. Гітлер не не спыняўся так проста.

— Час працуе на нас — заявіў ён у коле сваіх бліжэйшых супрацоўнікаў, маючы на ўвазе Аўстрыю — і мы імкнемся яму дапамагчы.

Тым часам аўстрыйскія гітлерцы атрымліваюць з Берліна новыя загады. Ужо не спробы путча або адкрытыя атакі на аўстрыйскія інстытуцыі зьяўляюцца іхнай мэтай. Яны пачынаюць дзейнічаць, як мурашкі, каб накшталт злаякаснай пухліны апанаваць увесь арганізм. Яны стараюцца пранікнуць у армію і важнейшыя цэнтры дзяржаўнага апарату. Іхным лёзунгам становіцца: “наш чалавек на кожным месцы”. Нібыта ў інтарэсах Аўстрыі яны дэскрыдытуюць замежную палітыку Шушніга і вычвараюць сэнс ягоных распараджэньняў, праводзяць буйнамаштабны гаспадарчы сабатаж і сеюць у грамадзтве паражэнства. Ужо праз кароткі час аўстрыйскае грамадзтва паддаецца настроям няўпэўненасьці, будучыня здаецца пагрозьлівай, а гаспадарчая сітуацыя ўсё больш цяжкой.

У той жа час на міжнароднай арэне адбываюцца важныя зьмены. Мусаліні, якога натхняе Гітлер, распачынае вайну з Эфіёпскай Імпэрыяй, а потым разам зь немцамі ўключаецца ў бунт генэрала Франка супраць Іспанскай Рэспублікі. Гэтыя факты ставяць яго ў залежнасьць ад ІІІ Райху. Ужо цяпер “дыктатар з палаца Вэнэцыя” не настойвае на сваёй новай ролі “апякуна” незалежнасьці Аўстрыі — у яго іншыя клопаты. Ваенная дапамога Нямеччыны важней за нямецкія палкі Вэрмахту, якія могуць зьявіцца на Брэнэры. Ды й Нямеччына 1936 года — гэта ўжо іншы партнёр. Пасьля гучнай заявы Гітлера ў Райхстагу: “Нямеччына ня мае ніякіх тэрытарыяльных патрабаваньняў у Эўропе” — 7 сакавіка 1936 г. войскі ІІІ Райху займаюць Рэйнскую вобласьць. Заходнія дзяржавы абмяжоўваюцца вэрбальнымі пратэстамі.

І раптам штодня пачынаюць адбывацца шумныя сходы аўстрыйскіх гітлерцаў. На мурах дамоў зьяўляюцца правакацыйныя надпісы. У самой Вене раз-пораз успыхваюць беспарадкі, даходзіць да адкрытых сутычак з паліцыяй.

Канцлер Шушніг зьвяртаецца да амбасадара ІІІ Райху. Той раіць ва ўмовах “незадаволенасьці людзей цяперашняй сытуацыяй” яшчэ больш “ушчыльніць адносіны паміж абодвума братнімі народамі”. Тады Шушніг, паводле прыкладу Дольфуса, зьвяртаецца па дапамогу да Мусаліні. Двойчы езьдзіць у Рым, але адзінай парадай, якую ён атрымлівае, ёсьць падказка “паляпшаць” адносіны з Нямеччынай.

Улетку 1936 г. “дыпламатыя” фон Папэна дае вынікі. Аўстрыя і Нямеччына падпісваюць акт аб “аднаўленьні нармальных і прыязных адносінаў паміж Аўстрыяй і Нямеччынай”. Гэта незвычайны дакумант двух партнёраў, бо артыкул 3 падпарадкоўвае Нямеччыне замежную палітыку Аўстрыі, а таемны пункт прадугледжвае амністыю гітлерцам, адмену цэнзуры для іхных выдавецтваў і... допуск у склад ураду прадстаўнікоў аўстыйскай NSDAP (гітлерскай партыі).

Праз кароткі час за гэтым актам адбываецца заключэньне нямецка-аўстрыйскай гаспадарчай дамовы, якая падпарадкоўвае гаспадарку Аўстрыі эканоміцы Райху. Ва ўсіх гэтых дакумантах Аўстрыя вызначаецца як “другае нямецкая дзяржава”, што праз пэўны час паслужыць Гітлеру аргумантам на тое, што ўсе падзеі былі толькі “унутранай нямецкай справай”.

На пачатку 1937 года ў Вене са згоды аўстрыйскіх уладаў быў утвораны так званы Камітэт Сямёх. Гэтая максімальна легальная інстытуцыя паставіла перад сабой мэту ў сувязі з амністыяй гітлерцам аказаньне ім дапамогі пасьля таго, як яны выйдуць з турмы, і спрыяньне “уключэньню іх у грамадзкае жыцьцё”. Сядзіба Камітэту знаходзілася на вул. Пайнфальтштрасэ, а кіраваў ім др. Франц Таўс, правая рука кіраўніка аўстрыйскіх гітлерцаў — капітана Ёзэфа Леапольда. Др. Таўс хутка арганізаваў легальныя падкамітэты Камітэту на правінцыі і пільна дбаў, каб ніводзін са звольненых з турмы гітлерцаў не апынуўся “без дапамогі”, г. зн., каб ніхто не выпаў з полю зроку камітэту. “Дабрачынная” акцыя разьвівалася, а тым часам нейкія невядомыя людзі кіравалі бурнымі вулічнымі дэманстрацыямі. Узброеныя баевікі нападалі на габрэяў, грамілі габрэйскія крамы, разганялі мітынгі, арганізаваныя Патрыятычным Фронтам або манархістамі. Калі ўмешвалася паліцыя, у яе ляцелі бомбы са сьлезацечным газам, фашысты нападалі на рабочых. У хуткім часе стала небясьпечным публічна выказвацца супраць “саюза” з Вялікай Нямеччынай, бо гэта пагражала цяжкім зьбіцьцём і калецтвам. Злачынцаў не ўдавалася злавіць.

Аўстрыйскія ўлады, ня хочучы дражніць Берлін, баяліся адкрыта выступаць супраць гітлерцаў, якія нема крычалі пра перасьлед. Улады імкнуліся да кампраміса. Яны запрапанавалі гітлерцам уключыць іхную “дзейнасьць” у рамкі Патрыятычнага Фронту пры ўмове прызнаньня незалежнасьці Аўстрыі і павагі да праграмы Фронта.

Гітлерцы хутка выкарысталі запрапанаваную магчымасьць расколу Патрыятычнага Фронту знутры. Гэта было важна, таму што Фронт быў галоўным апірышчам канцлера Шушніга. Частка нацыстаў нібыта пайшла на ўступкі і ў рамках Патрыятычнага Фронту былі ўтвораны адмысловыя аддзелы дзеля пагадненьня, якія павінны былі наладзіць сувязь і перамовы з гітлерцамі. Кіраўніком гэтай “сувязі” стаў Артур Сэйс-Інварт (які ў хуткім часе стаў членам аўстрыйскай Дзяржаўнай Рады) і Пэмбаўэр. Астатнімі “незалежнымі” гітлерцамі па-ранейшаму камандваў капітан Леапольд.

Нацысты як “легальна”, так і канспірацыйна падрывалі дзяржаўны арганізм Аўстрыі, а Гітлер тым часам атрымаў заяву ангельскага міністра замежных справаў лорда Эдварда Гэліфакса, што акрамя каланіяльных справаў, у якіх існуе розьніца пазыцый паміж Вялікай Брытаніяй і ІІІ Райхам, “усе астатнія пытаньні можна акрэсьліць у тым сэнсе, што яны тычацца зьменаў эўрапейскага парадку, якія рана ці позна напэўна адбудуцца. Да гэтых пытаньняў належаць Гданьск, Аўстрыя і Чэхаславакія”.

Пасьля атрыманьня такой заявы Гітлер пераканаўся ў сваім рашэньні правесьці Аншлюс Аўстрыі. Рашэньне было прынята ўжо 5 лістапада 1937 г.

Камітэт Сямёх і падпарадкаваныя яму “падкамісіі” атрымалі ў сувязі з гэтым пэўныя падрабязныя інструкцыі. Аднавіліся акты сабатажа і вулічныя дэманстрацыі. На сходах і мітынгах усё мацней гучала, што правадыр усіх немцаў возьме пад абарону тых, каго перасьледуюць. Тым часам канцлер Шушніг праз сваю службу бясьпекі атрымліваў рапарты, якія выразна сьведчылі аб тым, што настаў рашучы паварот у датыхчасовых адносінах з Нямеччынай. Адзін гітлерскі дзярждзеяч “забыўся” настолькі, што падчас адкрыцьця міжнароднай Паляўнічай Выставы ў Берліне сказаў некаму, што — “сакавік — гэта тэрмін для Аўстрыі”.

У студзені 1938 г. у паліцэйскіх рапартах паведамлялася, што гітлерцы праводзяць напружаныя нарады. У Вене быў адзначаны падозраны рух каля “бюро” др. Таўса. У бліжэйшых кавярнях і рэстаранах зьбіраліся невядомыя асобы. На пытаньні яны адказвалі, што адбываецца “паседжаньне камісіі”. Яны нават не спрабавалі адрозьніць сваю “камісію”, якая дзейнічала ў рамках аддзела пагадненьня Патрыятычнага Фронту, ад “падкамісіі” з камітэта др. Таўса. Яны былі ўпэўненыя ў сваёй беспакаранасьці.

Але іх чакала неспадзеўка. Паліцыя па загаду ўладаў перайшла ў контратаку. Былі праведзены шматлікія арышты сярод сяброў “камісіі” і потым арыштавалі др. Таўса.

Ператрус у сядзібе Камітэту Сямёх даў шмат адкрыцьцяў. Па-першае, аказалася, што работнікі гэтай “дабрачыннай” інстытуцыі — гэта з большага сябры нацыстоўскай арганізацыі “89 SS Standarte”, якая брала ўдзел у путчы 25 ліпеня 1934 г. Больш таго, падчас ператрусу быў знойдзены сэнсацыйны дакумант, падпісаны літарамі Р. Г. (Рудольф Гэс), які быў інструкцыяй для новага путчу супраць незалежнай Аўстрыі.

Выкарыстоўваючы любімую зброю Гітлера, а менавіта правакацыю, немцы зьбіраліся арганізаваць напад групы штурмавікоў, апранутых у мундзіры Патрыятычнага Фронту, на будынак нямецкай амбасады ў Вене. Забойства... фон Папэна павінна было стацца выдатнай зачэпкай для ўзброенай інтэрвэнцыі ІІІ Райху, які, зразумела, ня мог сьцярпець такога роду гвалту ў адносінах да асобы свайго афіцыйнага прадстаўніка. Гэты “абуральны” факт, а таксама сталы “перасьлед аўстрыйскіх гітлерцаў”, давалі дастатковыя прычыны да зьмены ўраду, які ня можа запэўніць “грунтоўных асноваў бясьпекі”, — і ў выніку для захопу Аўстрыі.

Але змова была выкрыта. Пад ціскам Берліна згаданыя дакуманты, аднак, не былі апублікаваны, а абодва “героі”, г. зн., др. Таўс і капітан Леапольд свабодна ад'ехалі ў Нямеччыну. Тым ня менш Гітлер вымушаны быў з незадавальненьнем пакінуць думку пра “зручную зачэпку” і рашыцца на новы мэтад, а менавіта на брутальны ціск. Яму ў гэтым павінен быў асабліва дапамагчы ... фон Папэн, які падсунуў Гітлеру ідэю выклікаць Шушніга ў Бэрхтэсгадэн. Распачаўся пэрыяд непасрэднага дыпламатычнага і ваеннага ціску.

Адначасна з канцэнтрацыяй нямецкіх войскаў на аўстрыйскай мяжы ўвесь час адбываліся беспарадкі ў Вене. Гітлерцы нападалі на габрэйскія крамы, нападалі на сядзібы Патрыятычнага Фронту і на грамадзкіх і палітычных дзеячаў, вядомых сваёй антыгітлерскай пазыцыяй.

Адразу пасьля таго, як канцлер Шушніг выступіў 24 лютага 1938 г. з сваёй знакамітай прамовай у абарону “свабоды і незалежнасьці Аўстрыі”, аўстрыйскія гітлерцы вышлі на вуліцы. На плошчы Шварцэнбэрга, на Марыяхільфэштрасэ, перад Опэрай, на плошчы Карла і перад нямецкім бюро падарожжаў адбыліся масавыя шумныя дэманстрацыі з выкрыкамі “Хайль Гітлер!” і скандаваньнем “Ein Volk, ein Reich!” (“Адзін народ, адзін Райх!”). Увечары адбыліся сутычкі з патрыятычна настроенымі сябрамі Патрыятычнага Фронту.

Яшчэ больш сур'ёзнай была сытуацыя на правінцыі, дзе гітлерцы, апрануўшыся ў мундзіры СС і СА, пайшлі на рэгулярны штурм аўстрыйскіх дзяржаўных інстытуцыяў. У Цэлёвіцы, Зальбурзе, Грацы і Лінцы — нягледзячы на забарону любых шэсьцяў і дэманстрацый — тысячы гітлерцаў супрацьпаставіліся вайсковым аддзелам венскага гарнізону, якія былі накіраваны туды. У Грацы яны прымусілі бургамістра вывесіць на ратушы вялізны сьцяг са свастыкай. У Лінцы 30 тысяч гітлерцаў вышлі, каб павітаць Сэйс-Інкварта. Яны сталі густымі шэрагамі абапал усёй трасы, па якой ехала машына ад вакзала да будынку рэгіянальнага сэйму. Пад крыкі “Хайль Гітлер!” і “Зіг Хайль!” (“Жыве перамога!”) Сэйс-Інкварт дэманстрацыйна парушаў забарону на сходы, якую выдаў урад, членам якога быў ён сам.

Калі Шушніг 9 сакавіка 1938 г. пачынаў свой выступ у Інсбруку, у якім ён заклікаў аўстрыйскі народ выказаць сваю волю ў вялікім нацыянальным плебісцыце, ён ня ведаў, што ягоныя адчайныя намаганьні супрацьпаставіцца Аншлюсу не зьяўляюцца таямніцай для Берліна. Зьвесткі аб падрыхтоўцы да плебісцыту адразу ж былі перададзены ў сталіцу ІІІ Райху і ўжо на наступны дзень у Вену прыбылі нямецкі дзяржсакратар Вільгельм Кэплер, капітан Леапольд і др. Таўс. Яны прывезьлі апошнія інструкцыі для аўстрыйскіх гітлерцаў і перадалі іх Сэйс-Інкварту. Ён арганізаваў нараду кіраўнікоў акруговых гітлерскіх арганізацый з усяе краіны, а таксама “рэфэрэнтаў камісій па паразуменьню”, якія дзейнічалі ў рамках Патрыятычнага Фронту, і ўжо ў той жа дзень гітлерцы зноў вышлі на вуліцы Вены. У вітрыне нямецкага бюро падарожжаў на вул. Кэртнэрштрасэ быў выстаўлены вялізны партрэт Гітлера. Згуртаваныя групы штурмавікоў ва ўніформах — нягледзячы на забарону насіць павязкі са свастыкай і вітацца па-гітлерску — з поклічам і сьпевамі “Deutschland ueber alles” (“Нямеччына па-над усім” — нямецкі гімн) зьбіраліся перад будынкам унівэрсітэта і на вул. Кэтнэрштрасэ. Ім загарадзілі дарогу шэрагі Патрыятычнага Фронту з поклічам у падтрымку плебісцыту.

Значна горш складвалася сытуацыя на правінцыі. У Грацы ўрад сканцэнтраваў вялікія вайсковыя аддзелы, якія з посьпехам супрацьпаставіліся спробам захопу важнейшых дзяржаўных будынкаў узброенымі групамі гітлерцаў. На працягу ўсяго дня 11 сакавіка працягваліся сутычкі. Штыкавой атакай ўдалося выцесьніць гітлерцаў з плошчы Бісмарка, на скрыжаваньнях вуліц былі разьмешчаны кулямёты. Аднак націск гітлерцаў ўзрастаў. Пасьля абеду ўлады вымушаны былі выклікаць матарызаваныя аддзелы. У Лінцы штурмавыя групы захапілі сядзібу Патрыятычнага Фронту. У Зальцбурзе гітлерцы напалі на маніфэстацыю Фронта і распачалі рэгулярны бой з аддзеламі паліцыі. У Інсбруку яны перамаглі паліцыю і занялі ратушу. Толькі пасьля таго, як у горад увайшлі рэгулярныя вайсковыя аддзелы і занялі ўсе важнейшыя пункты, гітлерцы былі вымушаны часова адступіць. Падобнае адбывалася ў іншых гарадах.

У той самы час кіраўніцтва аўстрыйскай NSDAP (гітлерскай партыі) накіравала канцлеру Шушнігу неафіцыяльны ўльтыматум, патрабуючы адкласьці плебісцыт на тры тыдні і адразу выдаць распараджэньне аб адмене плебісцыту. Калі не, то гітлерцы пагражалі распачаць агульнае ўзброенае паўстаньне і паклікаць на дапамогу нямецкія войскі. Гэты “ультыматум” быў уручаны адразу ж пасьля ўручэньня прэзыдэнту Аўстрыі афіцыйнага ўльтыматума ад ураду ІІІ Райху.

А гадзіне 16.00 11 сакавіка 1938 г. было абнародвана адмысловае распараджэньне аўстрыйскага ўраду аб адмене плебісцыту. Гітлерцы, што сабраліся на вуліцах гарадоў, голасна сьвяткавалі сваю перамогу. Уключаны на загад Берліна мэханізм дывэрсіі і здрады дзейнічаў унутры Аўстрыі безперапынна.

Нямецкая прэса паведамляла на ўвесь сьвет, што цяперашні аўстрыйскі ўрад ня ў стане апанаваць сытуацыю, навесьці парадак, які нібыта парушалі левыя сілы. На ўрад рабіўся вялікі ціск, а каля мяжы стаялі ў поўнай баявой гатоўнасьці сканцэнтраваныя аддзелы нямецкай арміі. Жаўнеры глядзелі на памежныя шлягбаўмы, якія яшчэ пасьля абеду былі на сваіх месцах...

Ролю гітлерскай агентуры ў агульнай апэрацыі Аншлюсу Аўстрыі найлепш хіба перадае амаль сымвалічная сцэна. А 19.00 гадз. канцлер Шушніг прамаўляў свой апошні зварот да народу. Слухаючы яго, людзі стаялі нерухома, прыгнечана апусьціўшы галовы. У рабочых кварталах капітуляцыя перад патрабаваньнямі Берліна паралізавала волю да супраціву. А на вуліцы Кэртнэрштрасэ паліцыя якраз у гэты момант адабрала ў гітлерскай штурмгрупы вялізны штандарт са свастыкай. Голас канцлера з рэпрадуктараў спыніў бойку. Праціўнікі ўсталі насупраць адзін аднога і моўчкі слухалі. А калі пачулі апошнія словы: “Божа, барані Аўстрыю!” — паліцыянты аддалі гітлерцам сьцяг і павольна, крок за крокам ў поўнай цішыні пакінулі вуліцу.

Капітуляцыя перад ультыматумам ІІІ Райху, адстаўка Шушніга, прызначэньне канцлерам Сэйс-Уркварта і загады аб тым, каб ані насельніцтва, ані войска не супраціўляліся ў выпадку ўступленьня на тэрыторыю Аўстрыі нямецкай арміі — усё гэта азначала Аншлюс.

А 20.00 на загад кіраўніцтва NSDAP аўстрыйскія штурмавыя атрады СС і СА распачалі акцыю. У Вене адразу ж былі заняты канцлерскі палац, важнейшыя ўрадавыя будынкі і ўстановы, а таксама стратэгічныя пункты горада. На правінцыі адбывалася тое ж самае. “На дапамогу” сьпяшаўся Аўстрыйскі Легіён, які перайшоў мяжу. На працягу каля трох гадзін уся краіна апынулася ў руках нацыястаў, а радыё ўпершыню ў гісторыі Аўстрыі перадало песьню “Horst Wessel Lied” (гімн NSDAP).

Нягледзячы на пазьнейшыя афіцыйныя сьцьверджаньні, аддзелы рэгулярнай нямецкай арміі ўступілі на аўстрыйскую зямлю ўжо 11 сакавіка паміж гадз. 21.05 і 21.25 праз Зальцбург, Пасаў і Кіфэрсфэльдэн.

Уладу ў краіне ўзяў новы “кабінэт”, які складаўся з гітлерцаў начале з канцлерам Сэйс-Урквартам. На просьбу гэтага ўраду з мэтай “навядзеньня спакою і парадку” нямецкая армія — ужо афіцыйна — уступіла ў Аўстрыю на золку 12 сакавіка 1938 г.

Так вось “час працаваў на Нямеччыну” — пры выдатнай дапамозе Пятай Калёны.

Julitta Mikulska-Bernaś, Franciszek Bernaś. V kolumna. Warszawa, 1977.

Пераклад з польскай.