СЛАВА ВОРШЫ!

posted Sep 8, 2011, 7:41 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 8, 2011, 7:42 PM ]
Дарагія землякі-беларусы, паважаныя фронтаўцы і змагары за вольную Бацькаўшчыну! Віншую ўсіх зь Днём Беларускай Вайсковай Славы!

Веліч і гонар продкаў хай дапаможа нам вырвацца з таго няшчасьця і бяды, ў якую мы сёньня трапілі. Мы мелі шмат пераможных бітваў пад Воршай у непасрэдным і пераносным сэнсе. Апошняя такая бітва адбылася 25 жніўня 1991 года, калі мы, будучы ў меншасьці ў Вярхоўным Савеце, здабылі Незалежнасьць краіны.

Цяпер наша задача абараніць гэтую Незалежнасьць.

У канцы жніўня Лукашэнка і крамлёўцы дамовіліся, што ў выпадку ўнутранай пагрозы антыбеларускаму рэжыму Расея павінна ўвесьці ў Беларусь сваё войска, каб падтрымаць дыктатуру. Учора, 7 верасьня, памочнік расейскага прэзыдэнта заявіў, што пазыцыя Лукашэнкі “у гэтай частцы”, “узгодненая з расейскім бокам”.

Масква і яе прамаскоўскі рэжым у Беларусі адкрыта рыхтуюцца да вайны зь беларускім народам. Яны ўжо пачалі гэтую паўзучую вайну 19-га сьнежня мінулага года. Але гэта будзе іхняя чарговая параза пад Воршай.

Якія б не ўзьнікалі цяпер палітразмовы, дэмагогія і дыпляматыя, мы, беларусы, павінны рыхтавацца і быць гатовымі да адбіцьця агрэсіі. Адзіны шлях пазьбегнуць агрэсіі і вайны — гэта як найхутчэйшае адхіленьне Лукашэнкі ад улады. Ягонае існаваньне ва ўладзе цяпер крайне небясьпечнае для людзей, нацыі і дзяржавы.

Хай Ворша натхняе нас на перамогу і славу! Разьвітаўшыся зь цёмным рэжымам, мы выйдзем на вольны Беларускі шлях.

Жыве Ворша!

Жыве Беларусь!

Слава героям!

Зянон Пазьняк

8 верасьня 2011 г.