НЕБЯСЬПЕКА ПАЎЗУЧАЙ АГРЭСІІ

posted Sep 13, 2011, 5:37 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 13, 2011, 5:39 PM ]
(Верасьнёўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

11 верасьня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў ліст сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ (апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Дакладчыкі казалі пра крызісныя працэсы, якія набіраюць моц у акупаванай прамаскоўскім рэжымам Беларусі. Многія людзі ўжо даюць адэкватную ацэнку драматычным падзеям, называюць тое, што адбываецца з нашай краінай, катастрофай. Беларусы пачалі ўважліва прыслухоўвацца да разумных людзей, якія заклікаюць іх салідарна супрацьстаяць варожым сілам і абараняць Бацькаўшчыну. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” (нават цяпер, пасьля расколу і вялікага нішчэньня) зьяўляецца авангардам нашага грамадзтва, арганізаванай палітычнай сілай, якая супраціўляецца спробам Масквы захапіць Беларусь і паняволіць наш народ. Як і 20 гадоў таму, беларусам трэба гуртавацца вакол Фронта.

Кіруючая групоўка ўлады выконвае ў нашай краіне не стваральную, а зусім іншую, адваротную функцыю — разбурэньня нашай эканомікі, культуры і дзяржавы. Яна ёсьць прыладай у руках усходняй імпэрыі, якая ўсё больш цынічна і нахабна заяўляе свае “прэтэнзіі” на нашу Дзяржаву і нацыянальную маёмасьць. У такіх умовах нацыянальнае асьветніцтва ёсьць кансалідуючай зброяй барацьбы за будучыню нашай краіны. Мы павінны супрацьставіцца разбуральнай, дэмаралізуючай хвалі русіфікацыі Беларусі. Нашыя людзі павінны арганізоўваць альтэрнатыўныя цэнтры нацыянальна-культурнай асьветы і адукацыі на роднай мове. Гэта магчыма і не складана (нават на ўзроўні сям'і). Патрэбна толькі воля. Вельмі важна, каб беларусы не паддаліся на спробы акупацыйнага рэжыму загнаць наш народ у тупік адчаю, безвыходнасьці, пасіўнасьці. Перамагае той, хто змагаецца за сваё, за сьветлае і роднае.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра першыя акцыі супраціву маскоўскай ардзе, якая тысячамі ўрываецца на тэрыторыю Беларусі і вымятае з нашых крамаў усе жыцьцёва неабходныя тавары (маскоўцы карыстаюцца зьніжэньнем каштоўнасьці беларускага рубля). Дзе-нідзе беларусы гоняць чужынцаў ад прылаўкаў. Гандлёвыя работнікі прыхоўваюць тавары, калі арда набліжаецца, а потым прадаюць іх сваім землякам.

У той жа час расейскія мафійныя алігархі скупляюць за бясцэнь нашыя прадпрыемствы. Яны звальняюць работнікаў, набіраюць новых і вывешваюць над захопленымі прадпрыемствамі вялікія расейскія сьцягі. Гэта ёсьць знакі адкрытай акупацыі Беларусі.

Адбываецца таксама праца адміністрацыйных і гэбоўскіх структураў па апрацоўцы грамадзкай думкі ў рэгіёнах Беларусі (“прамываньне мазгоў”). У апошнія месяцы на шэрагу прадпрыемстваў адбыліся замены гэтак званых намесьнікаў дырэктараў па ідэалогіі. Дэманстрацыйных лукашыстаў, якія ўсхвалялі “палітыку прэзыдэнта”, замяняюць на актыўных пуціністаў, якія ўсхваляюць Пуціна, Расею, сьцьвярджаюць, што “у Расеі жыць лепш”. Шэраг начальнікаў аддзелаў і дырэктараў падчас публічных выступаў у працоўных калектывах таксама выказваюць захапленьне жыцьцём у Расеі, посьпехамі крамлёўскага кіраўніцтва і расейскай эканомікі. Так актывізуецца расейская агкнтура.

Хлусьлівая прапаганда па стылю вельмі нагадвае русіфікатарскую траскатню 1996-га года, калі Расея рыхтавала брутальны захоп і акупацыю Беларусі. Тады народны супраціў праваліў спробу агрэсіі. Бачна, што праз 15 гадоў крамлёўская імпэрыя зноў вяртаецца да пляну захопу нашай краіны і актыўна рыхтуе грамадзкую глебу. Трэба зазначыць, што большасьць беларусаў слухаюць гэтую гэбельсаўшчыну, але ня вераць ёй. Важна, каб людзі актыўна супраціўляліся паўзучаму аншлюсу.

Выступоўцы паведамілі між іншым пра крызіс без таго кволых структурак псэўдаапазыцыі ў рэгіёнах. Магчыма гэта зьвязана таксама з нядаўнім правалам сістэмы фінансавага забесьпячэньня імітатараў. Неабходна памятаць, што сярод шэрагоўцаў гэтых структур ёсьць людзі, якіх у свой час падманула агентура і так званыя “прагматыкі” (тыя, што раскалолі Фронт). Такія падманутыя беларусы асэнсоўваюць свае памылкі і гатовыя ўключацца ў патрыятычную працу. Яны ўражаныя зьявамі дэскрыдытацыі і карупцыі ў асяроддзі псэўдаапазыцыі.

Заклікі псэўдаапазыцыі на “Народное собраніе” 8 кастрычніка практычна не знайшлі водгуку ў рэгіёнах. Бальшыня грамадзянаў ня чула пра гэтае гуканьне. Хто чуў, той ня мае даверу да арганізатараў імітацыйнага мерапрыемства. Людзі разумеюць, што псэўдадзеячы рыхтуюць чарговую мыльную бурбалку.

Беларусаў уразілі матэр'ялы (асабліва онлайн-рэпартаж) Радыё “Свабода” пра “зьезд” псэўдаапазыцыйнай структуры пад кіраўніцтвам А. Янукевіча, які адбыўся 10 верасьня ў Менску. Зьезд адбываўся пад чырвона-зялёным лукашысцкім сьцягам (што наглядна паказвае, якога роду людзі сабраліся ў залі). Нізкі інтэлектуальны ўзровень арганізацыі, бязглуздыя дэмагагічныя тэарэтызаваньні, намеры ісьці на чарговыя лукашысцкія “выбары”, пазіраваньне ўдзельнікаў мерапрыемства перад фртакамерамі пад акупацыйнай рэжымнай сымволікай — прыкметы канчатковай дэмаралізацыі псэўда-БНФ. Гэтыя людзі даўно страцілі палітычнае права насіць адзнаку БНФ. Цяпер жа адбываецца прыніжэньне, дэскрыдытацыя гэтых літар (і, магчыма, сьвядомая).

Сойм разгледзеў плян мерапрыемстваў па дзейнасьці Руху “За новыя выбары без Лукашэнкі”. Было прынята рашэньне зьвярнуцца са зваротам да міжнароднай супольнасьці аб небясьпецы расейскай агрэсіі ў Беларусі.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

11 верасьня 2011 г.