ЗАМЕЖНЫ ДРУК (08-16.09.2011)

posted Sep 28, 2011, 3:35 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 28, 2011, 3:36 PM ]
Успомнілі Чаўшэску

8 верасьня 2011 г. румынская газэта “Adevarul” апублікавала артыкул пра дзейнасьць Нікалае Чаўшэску, калі ён быў яшчэ сакратаром кампартыі ў рэгіёне Алтэня. У 1946-47 гг. у Румыніі лютаваў голад, асабліва на вёсцы. Чаўшэску быў сакратаром па справах сялянства. Ён не зрабіў нічога для аблягчэньня пакутаў сялянаў, быў заняты вымушэньнем здачы абавязковых падаткаў і паставак прадуктаў. Гэта быў пачатак ягонай бліскучай партыйна-гаспадарчай кар'еры.

Наш камэнтар: Так заўсёды было пад бальшавіцкім рэжымам, так застаецца пад акупацыйным рэжымам у Беларусі. Бліскучыя дзяржкар'еры робяць тыя адыёзныя асобы, што паказалі сябе ў справе служэньня дыктатуры. Чарнобыльскімі пытаньнямі займаюцца, напрыклад, тыя, хто ўсімі сіламі не даваў Беларускаму Народнаму Фронту адкрыць праўду пра катастрофу і дапамагчы нашым людзям. У хунты свае законы. Пасьля падзеньня хунты злачынцы адкажуць за свае злачынствы на судзе. Вельмі важна, каб гэты суд ня быў такім кароткім, як у справе Чаўшэску (ягоны працэс працягваўся 23 хвіліны і яго пасьпяшаліся расстраляць).

Юрка Марозаў


Усё згніло

8 верасьня 2011 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” напісала, што толькі за апошні месяц у Расеі адбыліся пяць авіякатастрофаў, дзе загінула амаль 70 асобаў. Адзін з букмэкэрскіх вэб-сайтаў пачаў нават прымаць стаўкі на магчымыя авіякатастрофы ў пэўныя дні верасьня.

Наш камэнтар: Усё згніло і спарахнела ў Імпэрыі Зла. Шкада людзей.

Алесь Хадасевіч


Важна злавіць

8 верасьня 2011 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” напісала з сталіцы Лібіі Трыпалі. Людзі кажуць у вызваленым ад дыктатуры горадзе: “Мы будзем адчуваць бясьпеку толькі тады, калі яны зловяць Кадафі”. На вуліцах і плошчах гуляюць дзеці. Улады наладжваюць нармалізацыю жыцьця.

Наш камэнтар: Пасьля народнай перамогі і падзеньня антынароднага рэжыму вельмі важна злавіць адстаўнога дыктатара і ягоных паплечнікаў. Усім спакайней будзе.

Алесь Хадасевіч


Крадзёж перад канцом

8 верасьня 2011 г. швайцарская газэта “Tribune de Geneve” паведаміла, што на працягу некалькіх дзён перад уцёкамі з Трыпалі Кадафі прадаў 1/5 золата з Нацыянальнага банку. З казны зьніклі мільярды даляраў. Новы ўрад Лібіі пачынае пошук скрадзеных народных грошай.

Наш камэнтар: Перад сваім канцом дыктатура заўсёды абкрадае народ. Гэта мы назіраем у нашай акупаванай рэжымам Беларусі.

Юрка Марозаў


Наперадзе ачышчэньне

9 верасьня 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” паведаміла пра сьмерць апошняга зь вядомых Габсбургаў. Малодшы сын апошняга аўстрыйскага імпэратара Карла І Фэлікс нарадзіўся ў 1916 г. і доўгія дзесяцігоддзі працаваў банкірам у Мэксіцы.

Наш камэнтар: Габсбургі даўно ўжо зрабіліся прадметам класічнай гісторыі. Даведаўшыся пра сьмерць 95-гадовага прынца, людзі ў розных краінах зьдзівіліся, бо думалі, што Габсбургаў даўно ўжо няма.

А вось у Расеі мы назіраем сапраўдны “рэнэсанс” адстаўных Раманавых. “Рэнэсанс” дзіўны, бо расейскія ўлады адмовілі нашчадкам царскай сям'і прызнаць забойства Мікалая ІІ і сям'і палітычным злачынствам. А вось у справе масавай прамыўкі мазгоў раманаўшчына вельмі шырака выкарыстоўваецца крамлёўска-лубянскім рэжымам (спадчыньнікам таго рэжыму, які забіў Раманавых). Манархічная настальгія зроблена адным з важнейшых элемэнтаў фальшывай мадэлі “дэмакратычнай Расеі” і “святой Русі”. Безьліч гэбэшнікаў і іншых завялі сабе бароды ў стылі а ля Нікаля ІІ. Рэвалюцыянэраў, якія вялі барацьбу за вызваленьне ад царызма, называюць цяпер тэрарыстамі. Увесь гэты манархістычны маразм (разам з Леніным і Сталіным) акупацыйны рэжым абрынуў на галовы нашых людзей у Беларусі.

Наперадзе ашычэньне нашай краіны ад маскоўскага цемрашальства.

Юрка Марозаў


Скокі на “день города”

11 верасьня 2011 г. бэльгійская газэта “De Standaard” напісала пра мэмарыяльныя мерапрыемствы ў Брусэлі. Прадстаўнікі каралеўскай сям'і, прэм'ер-міністар і кіраўніцтва краіны, бэльгійскія і амэрыканскія дзеячы прынялі ўдзел у багаслужбах у найвялікшых касьцёлах Брусэлю. Адбыліся імшы за мір і ў памяць аб ахвярах тэракту ў Нью Ёрку 11 верасьня 2001 г.

Наш камэнтар: Мэмарыяльныя мерапрыемствы адбываліся ў гэты дзень ў многіх сталіцах краінаў сьвету. Народы выказвалі салідарнасьць з амэрыканскім народам. Антыбеларускі рэжым наладзіў у гэты дзень чарговыя сатанінскія скокі на “день города”. Зноў у розных месцах нашай сталіцы раўла расейская папса, славілі “нашего презідента” і спрабавалі ўдаваць “счастіе народное”. Аднак беларусы праігнаравалаі рэжымныя скокі. Вуліцы і плошчы былі пустымі. Нават БТ ня здолела схаваць пустэчу, хаця і пазьбягала паказваць шырокія пляны.

Алесь Хадасевіч


У культурным сьвеце шануюць гісторыю

11 верасьня 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведаміла, што ў Марафоне (цяпер прыгарад Афін) сотні ўдзельнікаў у гістарычных строях узялі ўдзел у тэатралізаванай рэканструкцыі знакамітай Марафонскай бітвы (490 г. да н.э.), у якой грэкі разьбілі пэрсаў. Удзельнікі прыехалі ў Марафон з Эўропы, Амэрыкі і Аўстраліі.

Наш камэнтар: Інтэрас і павага да гісторыі (нават не сваёй нацыянальнай) злучыла адукаваных людзей з розных краін. А вось у Менску ў чарговы раз група дурачкоў пад кіраўніцтвам маладзёна Кіма зьбіралася наладзіць у гэты дзень “бой падушкамі ў гонар бітвы пад Воршай”. Яны і дазвол ад антыбеларускага рэжыму атрымалі былі. Але блюзьнерскае мерапрыемства не адбылося з фармальнай прычыны жалобы па загінуўшых хакеістах.

Алесь Хадасевіч


Сьмерць у паветры

12 верасьня 2011 г. швэдская газэта “Dagens Nyheter” напісала, што ў маскоўскім шпіталі памёр хакеіст Аляксандр Галімаў. Ён быў адным з двух людзей, што выжылі падчас авіякатастрофы пад Яраслаўлем.

Наш камэнтар: Заходнія газэты пра гэта пакуль што ня пішуць. Але ў Расеі і ў Беларусі ўжо загучалі галасы аб тым, што катастрофа не была выпадкам. Людзі запомнілі, як у першы дзень трагедыі сьведкі катастрофы распавядалі з тэлеэкрана, як самалёт выбухнуў яшчэ ў паветры. Людзі заўважылі таксама, як эфэктна прапіярыліся на фоне людской бяды Медведев з Лукашэнкам...

Юрка Марозаў


Нельга забыць

12 верасьня 2011 г. славацкая газэта “Pravda” апублікавала артыкул пра 86-гадовую Гэлену Вайнвурмаву. У студзені 1942 г. яе, тады маладую дзяўчыну, акупанты дэпартавалі ў Асьвенцым з першым эшалонам Галакосту з Славакіі. Вайнвурмава кажа, як пасярод жахаў канцлягеру ня верыла, што выжыве і выйдзе на волю. Яна перажыла таксама паход сьмерці, калі эсэсаўцы гналі вязьняў на Захад ад наступаючай Чырвонай арміі. Пасьля вызваленьня Вайнвурмава апынулася ў адмысловым лягеры на тэрыторыі Нямеччыны, дзе Чырвоны Крыж апекаваўся былымі вязьнямі. Пазьней яна вярнулася на радзіму.

Наш камэнтар: На Захадзе антыгітлераўская кааліцыя рабіла ўсё магчымае, каб выратаваць вызваленых вязьняў гітлерскага ГУЛАГу, вылечыць іх, дапамагчы ім вярнуцца на радзіму. Вялікая колькасьць савецкіх грамадзянаў (тысячы беларусаў) таксама былі ў такіх лягярох. На жаль, многія зь іх паверылі сталінскай прапагандзе, адыграла сваю ролю і настальгія па радзіме. Яны пасунуліся ў савецкую зону акупацыі. Там іх сустрэлі зьвяругі з НКВД, катавалі, забівалі, гвалцілі і як “ворагаў народу” накіравалі на пакуты ў савецкі ГУЛАГ. Наш народ і іншыя народы атрымалі яшчэ раз суровую лекцыю, якую нельга забыць.

Алесь Хадасевіч


Надакучылі ўсім

13 верасьня 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала: “Прэзыдэнт Летувы Даля Грыбаўскайтэ ў аўторак ракрытыкавала беларускую апазыцыю, заявіўшы, што частка яе прадстаўнікоў падтрымліваецца Крамлём і амаль не кажа пра незалежнасьць, а толькі патрабуе “больш грошай”. Газэта працытавала Д. Грыбаўскайтэ: “Калі мы паглядзім уважліва, то з дзевяці кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў прэзыдэнцкіх выбарах, частку падтрымліваў і фінансаваў Крэмль... З большага мы чуем ад іх, што трэба больш грошай і што Расея ў прынцыпе ёсьць сябрам”. Дзеячка “Хартыі-97” Н. Радзіна, якая знаходзіцца ў Летуве ў палітычнай эміграцыі, назвала гэтыя заявы “абсурднымі”.

Наш камэнтар: Такім чынам, вэрсія пра тое, што дзеячаў “Вясны” з іхнымі асабістымі банкаўскімі рахункамі, здалі менскаму рэжыму дзьве няўважлівыя супрацоўніцы мінюстыцыі Летувы, аказалася несапраўднай. Бачна, што псэўдаапазыцыю здаюць на вельмі высокім узроўні. Гэтыя дзеячы сваім срэбралюбствам надакучылі ўсім.

Юрка Марозаў


Дыктатура баіцца

15 верасьня 2011 г. іспанская газэта “АВС” напісала пра прыбыцьцё прэм'ера Вялікай Брытаніі Кэмэрана і прэзыдэнта Францыі Сарказі ў Лібію. Паўсюль іх сустракаюць вялікія натоўпы людзей, якія вітаюць іх і дзякуюць за дапамогу ў барацьбе з дыктатурай. Лідары паведамілі, што акажуць вялікую фінансавую дапамогу народу Лібіі.

Наш камэнтар: Мяркуем, што калі б у Трыпалі прыляцеў нехта з Крамля, то яго б у лепшым выпадку абсьвісталі.

У акупаванай Беларусі прамаскоўская гэбельсаўшчына працягвае кампанію дэзыінфармацыі на тэму арабскіх рэвалюцый. Ад БТ там дзейнічаюць русскоязычныя рэпарцёры. Яны распавядаюць, як мясцовы люд любіць сваіх дыктатараў і як абараняе іх, як добра жылося сірыйцам і лібійцам пад дыктатурамі. Адчуваецца, што менская дыктатура баіцца, што беларусы паводле арабскага прыкладу надумаюць вызваліцца ад мясцовай хунты.

Алесь Хадасевіч


Сымволіка ў барацьбе

15 верасьня 2011 г. французкая газэта “Le Monde” апублікавала артыкул пад тытулам “Сірыя: шэсьць месяцаў паўстаньня і рэпрэсій”. Народныя выступы супраць дыктатуры Асада пачаліся 15 сакавіка 2011 г. ў горадзе Дэра. На здымку ў газэце — над дэманстрантамі ў Дэры ўзьняты нацыянальны сірыйскі сьцяг, заліты крывёй паўстанцаў.

Наш камэнтар: Народнае змаганьне вядзецца ў Сірыі пад нацыянальным сьцягам і выразнымі лёзунгамі супраць дыктатуры і за дэмакратыю. Нікому там не прышло ў галаву ўздымаць джынсовую парцянку на дручку або махаць апэльсінава-лімоннымі шматамі, а таксама маўчаць і тупаць.

Усе ведаюць, што толькі падстаўная апазыцыя можа карыстацца (і падманваць народ) блытанай і ненацыянальнай сымволікай. Апошні прыклад такіх паводзінаў: так званы “зьезд” псэўда-БНФ пад кіраўніцтвам А. Янукевіча ў Менску. Акцыя адбывалася пад акупацыйным сьцягам РБ-БССР. У залі і на сцэне не было аніводнага нацыянальнага беларускага сьцяга. Псэўды запоўнілі фон вялікай бел-чырвона-белай шторай. Нармальныя людзі ўспрынялі гэтую штору (у суседстве з лукашэнкаўскай шматай) як зьдзек з здаровага сэнсу.

Алесь Хадасевіч


Ракеты ў Румыніі

16 верасьня 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” паведаміла з Бухарэста. Там дзяржсакратар ЗША спадарыня Клінтан і яе румынскі калега Баконскі падпісалі дамову аб размяшчэньні сучаснай амэрыканскай сістэмы супрацьракетнай абароны ў паўднёвай Румыніі. Міністар замежных справаў Расеі Лаўроў абурана заявіў, што пагадненьне несваечасовае і пагражае расейскаму стратэгічнаму арсэналу.

Наш камэнтар: Захад бароніцца ад Імпэрыі Зла.

Юрка Марозаў