НЯ ХОЧУЦЬ БАЧЫЦЬ “ГЭТУЮ МОРДУ”

posted Oct 3, 2011, 7:26 AM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 3, 2011, 7:28 AM ]
(Сцэны з жыцьця пры позьнім лукашызме)

23 верасьня рэжымныя СМІ паведамілі, што “Украінская православная церковь награділа БРСМ”. Ордэн “Владіміра ІІ степені” атрымаў у Менску першы сакратар ЦК БРСМ тав. І. Бузоўскі. Прычына ўзнагароды: “за содействіе в організаціі празднованія Дня Крешченія Русі в Мінске”.

Трэба нагадаць, што маюцца на ўвазе адна “наша праваслаўная арганізацыя” (як сам Лукашэнка трапна абазваў РПЦ, да якой належыць і кіеўская “арганізацыя” маскоўскага патрыярхату) і адна посткамсамольская арганізацыя, заснаваная сярод іншага на прынцыпах атэізма і богаборніцтва. Нічога, у тав. Бузоўскага рукі не затрымцелі, ён “праваслаўную” узнагароду прыняў і на сьцяг БРСМ павесіў. Маскоўская эклектыка працягвае вырабляцца на нашай акупаванай зямлі.

У Сеціве зьявіліся новыя паведамленьні ад арганізатараў “Народного собранія” або “сходу” 8 кастрычніка на пл. Бангалор у Менску. Паказаны таксама здымкі партрэтаў “лідэраў” сходу Івашкевіча, Фядыніча і іншых. Падсыпалі крыху перчыку ў выглядзе паведамленьняў аб тым, што ў Гомлі схапілі і аштрафавалі распаўсюднікаў улётак з заклікам на “сход”. Ёсьць фотаздымкі таго, што гэтыя распаўсюднікі распаўсюджвалі — русскоязычныя ўлёткі пра “проблемы нашего народа”. Дарэчы, можа ў Гомлі якія міліцыянты і прачыталі гэты рускі тэксьцік, выкананы ў стылі псэўдаапазыцыі. А вось у Менску і па ўсёй краіне людзі нічога, акрамя здымкаў у Сеціве, не бачылі і не чыталі. Івашкевіч з Фядынічам маюць даўнюю псэўдаапазыцыйную праблему: няма людзей для распаўсюджваньня ўлётак. А грошы распаўсюднікам плаціць шкада. Таму і надрукавалі такі наклад русскоязычных паперак, каб было што паказаць у Сеціве. Маўляў, праца йдзе.

І яшчэ. Людзі пацікавіліся будучым “полем бою”, на якім івашкевічы-фядынічы зьбіраюцца арганізоўваць свой “сход”. Аказалася, што ў выходныя дні на бангалорскім сабачніку адбываюцца яркія падзеі. Ідзе шумны кірмаш. Людзі імкнуцца сюды, каб купіць крыху таньнейшыя прадукты харчаваньня. Вось і трэба будзе арганізатарам “сходу” засьвяціцца на фоне занятага выключна сабой натоўпу, зрабіць фота і перадаць іх у Сеціва. Масоўка ёсьць, задача выканана.

23 верасьня ў Сеціве зьявіліся новыя фотаздымкі ў справе тэракту ў менскім мэтро. На здымках бачна: разьбітая плятформа станцыі “Кастрычніцкая”, ляжаць трупы людзей, над трупамі стаіць Лукашэнка і суправаджаючыя асобы. Высьвятляецца яшчэ адна макабрычная дэталь злачынства (вядомая, дарэчы, даўно). Лукашэнка ня проста з дзіўнай апэратыўнасьцю зьявіўся ў чорным строі і з Колям за ручку на разбомбленай станцыі. Яго прывялі туды пахадзіць сярод трупаў няшчасных людзей.

Так ня робіцца ў цывілізаваных дзяржавах. Калі здараецца бяда, то першым чынам аказваецца дапамога параненым людзям. Потым медыкі накрываюць целы загінуўшых прасьцінамі (гэта ў тым выпадку, калі целы павінны знаходзіцца на месцы трагедыі ў інтарэсах сьледства). Вышэйшыя асобы дзяржаўнай адміністрацыі не прыходзяць туды, дзе ляжаць трупы і дзе павінны працаваць спэцыялісты медыцыны і сьледства. Вышэйшыя асобы дзяржавы наведваюць месца трагедыі, калі праведзены першы этап сьледства, а параненыя і забітыя вывезены з гэтага месца. Вышэйшыя асобы наведваюць параненых і сем'і ахвяраў, каб выказаць ім свае спачуваньні і падтрымаць людзей. Вядома, што Лукашэнка аніразу не наведаў параненых у шпіталях. Ён, безумоўна, з задавальненьнем папіярыўся б у белым халаце. Але вядома, што параненыя і іхныя сем'і заявілі, што ня хочуць бачыць “гэтую морду”. Усе разумеюць, хто арганізаваў злачынства. Лукашэнка “прапіярыўся” над трупамі беларускіх ахвяр.

У верасьні ў менскіх унівэрмагах зьявіўся “дэфіцытны тавар”. На самым бачным месцы ў аддзелах вопраткі вісяць чырвоныя маечкі. На маечках надпіс — “СССР”. У сталіцы можна пабачыць людзей у гэтых маечках. Большасьць зь іх маладыя, якія ніколі не жылі пад гэтай абрэвіятурай. Але сустракаюцца таксама і такія, што жылі. Бальшыня беларусаў маечкі не купіла і не апранула. Даўно заўважана, што як толькі наступаюць цяжкія часы і чарговы этап абрабаваньня нашага народу, лукашыстоўская гэбельсаўшчына адразу ўключае на поўную моц сваю машыну для прамываньня мазгоў і арганізовае масавую настальгію па саўдэпіі. У вызваленай ад акупацыі Беларусі будуць забаронены акупанцкія сымвалы.

Нават пры саветах у Менску можна было сустрэць даволі шмат турыстаў. Цэлымі турцягнікамі прыязджалі савецкія грамадзяне з усіх рэспублік, наведвалі нашы музэі, куплялі беларускія тавары. Шмат было нямецкіх тургрупаў з ГДР, Польшчы, Румыніі і нават капкраін. Потым прыязджала шмат сем'яў з заходніх краін, якія дапамагалі беларускім дзецям, што пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы. Цяпер Менск і ўся Беларусь у турыстычным сэнсе пустыя. Калі западае змрок, то бачна, як у менскіх гатэлях гараць сьвятлом рэдкія вокны. Гіганцкія будынкі стаяць цёмнымі слупамі. Ніхто ня хоча ехаць у Беларусь. Турыстычная індустрыя разгромлена рэжымам.

Мястэчка Добруш, што пад Гомлем, мае ўсе шанцы стацца “горадам-героем” эпохі лукашызма. 26 верасьня стала вядома, што тамашняя мясцовая арганізацыя лукашыстоўскай “Белай Русі” паўтарыла нядаўні подзьвіг “горада-героя” Шклова і заклікала да ўтварэньня “усенароднай партыі Белая Русь”. Сапраўды, заходнія аналітыкі з самага 1994 года ўсё ня могуць зразумець: і як гэта Лукашэнка дапяўся да ўлады і трымаецца за яе столькі гадоў, ня маючы сваёй партыі. Гэта не для заходніх мазгоў. Яны не здагадваюцца, што сапраўднай яго “прэзыдэнцкай партыяй” зьяўляецца ФСБ РФ і ён там далёка не генсек, а дробны камандыровачны, накіраваны ў Беларусь. Камандыроўка зацягнулася ў часе...

Янка Базыль