МУСІЦЬ БЫЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ АЛЬТЭРНАТЫВА АНТЫНАЦЫЯНАЛЬНАМУ РЭЖЫМУ

posted Oct 5, 2011, 9:41 PM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 5, 2011, 9:41 PM ]
(Выступ на кастрычніцкім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

...Час сапраўды абвастрыўся. Ідзе адкрытая маніфэстацыя ўлады цемры. Гэта першае, што відаць. Другое, у асяроддзі рэжыму, як я мяркую, стала зьяўляцца прадчуваньне канца. Ёсьць факты, якія дазваляюць так думаць.

Тым ня менш само нічога не станецца. Але трэба разумець, што абвал улады сам па сабе не паправіць становішча, калі не падрыхтаваць сур'ёзнай альтэрнатывы гэтай цёмнай уладзе.

Падрыхтоўка грамадзтва да нацыянальнага думаньня і вызвольнай барацьбы застаецца нашым важным дзеяньнем. Бяз гэтага нічога сур'ёзнага ня можна будзе арганізаваць. Галоўным у нашай працы з людзьмі мусяць быць ня толькі пытаньні абвалу рэжымнай эканомікі і пагаршэньня сацыяльных умоў жыцьця, але і пытаньні нацыянальнага гонару, беларускай культуры, школы, мовы і інфармацыя пра небясьпеку з боку Расеі. Сацыяльны пратэст ужо высьпявае сам сабой. Наша задача накіраваць яго на праўдзівы і рэальны шлях — у беларускае нацыянальнае рэчышча, аб'яднаць гэтыя накірункі. Так, як некалі зрабіў гэта наш Народны Фронт, накіраваўшы антыкамунізм у нацыянальна-вызвольную плынь. Гэта забясьпечыла перамогу. Цяперашнія сацыяльна-пратэстныя настроі самы па сабе нічога ня вырашаць, нават калі яны перарастуць у нейкія падзеі. Урэшце ўсё скончыцца пшыкам, калі грамадзтва ў сацыяльнай барацьбе ня будзе валодаць нацыянальнай ідэалёгіяй. Пшыкам павінна скончыцца ідэя правальшчыкаў аб арганізацыі Народных сходаў. І якраз з-за адсутнасьці таго, той працы, пра якую я тут кажу, плюс адсутнасьць даверу да правальшчыкаў з боку людзей.

...На працягу года мы шмат увагі і працы прысьвяцілі 20-годдзю Незалежнасьці Беларусі, разумеючы, што гэта ня толькі гісторыя. Ёсьць добрыя вынікі. Усім нам трэба працягваць гэтую тэму (інфармацыі, распаўсюд літаратуры, мерапрыемствы).

...Наперадзе чарговыя рэжымныя выбары. Мы ўжо цяпер павінны зноў рыхтаваць грамадзтва да няўдзелу ў фальшывым фарсе. Падзеі даюць нам новыя абгрунтаваньні і аргумэнты. Відавочна, што асобы, якія засьвяцілася на мінулых выбарах, зноў пойдуць ў нагу з рэжымам (на выбары па рэжымным сцэнары). Трэба будзе гэта ўлічваць.

Жыве Беларусь!

Зянон Пазьняк

Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

2 кастрычніка 2011 г.