ЗАМЕЖНЫ ДРУК (16-18.10.2011)

posted Oct 26, 2011, 10:17 AM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 26, 2011, 10:17 AM ]
50-я ўгодкі трагічных падзеяў у Парыжы

17 кастрычніка 2011 г. французкая газэта “Le Monde” напісала пра 50-я ўгодкі трагічных падзеяў у Парыжы. Тады французкія ўлады ўвялі забарону на перамяшчэньне па Парыжу “французаў-мусульманаў Алжыру”. Уначы 17 кастрычніка 1961 г. некалькі тысячаў алжырцаў выйшлі на мірную дэманстрацыю пратэсту ў цэнтры Парыжу. На іх напала паліцыя. Больш за сто чалавек былі забіты. Цяперашні мэр Францыі Франсуа Аланд усклаў вянок на месцы трагедыі. Ён сказаў таксама, што гэтую драму нельга забыць.

Наш камэнтар: Жорсткія дзеяньні французкіх уладаў былі зьвязаны з тым, што ў Алжыры палала каланіяльная вайна. Улады меркавалі, што тэрор зломіць волю алжырцаў да супраціву. Але каланіялісты памыліліся. Ужо праз год алжырскі народ завяршыў перамогай шасьцігадовую рэвалюцыйную вайну за вызваленьне ад каланіяльнай акупацыі.

Гісторыя паказала, што імпэрыя ніколі не бывае дэмакратычнай. Імпэрыя і дэмакратыя несумяшчальныя. І яшчэ адна лекцыя: усе імпэрыі распадаюцца пад ударамі змагарных народаў.

Алесь Хадасевіч


Тысячу за аднаго свайго

18 кастрычніка 2011 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” паведаміла, што быў вызвалены і дастаўлены ў Ізраіль жаўнер Гілад Шаліт, які быў захоплены ў палон палестынскімі групоўкамі пяць з паловай гадоў таму. Ізраільскі ўрад вызваляе ў абмен на аднаго жаўнера больш за тысячу палестынскіх вязьняў.

Наш камэнтар: Ізраільскае грамадзтва праявіла вялікую салідарнасьць у справе вызваленьня аднаго свайго палоннага. Людзі не давалі свайму ўраду забыцца на адну ахвяру канфлікту. Народная салідарнасьць прывяла да станоўчага выніку.

Алесь Хадасевіч


Падманулі на мякіне

18 кастрычніка 2011 г. іспанская газэта “La Razon” апублікавала артыкул пад тытулам “Эўразьвяз адкладвае візыт Януковіча ў Брусэль з прычыны справы Цімашэнкі”.

Наш камэнтар: Пра гэта паведамляюць многія СМІ сьвету. Ніхто, аднак, ня бачыць сапраўднай сутнасьці падзеі вакол турэмнага прысуду былой прэм'еркі Украіны Юліі Цімашэнкі. Пад выглядам барацьбы з карупцыяй прамаскоўскі рэжым Януковіча пад дудку Масквы наладжвае такімі дзеяньнямі ізаляцыю Украіны ад Захаду. У выніку застаецца толькі Усход — імпэрская Масква. Усё гэта мы ўжо ня раз бачылі ў акупаванай Беларусі.

Юрка Марозаў


Абмяркоўваюць Пуціна

18 кастрычніка 2011 г. славацкая газэта “Pravda” апублікавала артыкул пад тытулам “Пуцін хоча запабегнуць распаду Расеі ў стылі Савецкага Саюзу”. Цытуюцца выказваньні Пуціна на апошняй ягонай прэс-канфэрэнцыі ў Маскве пра “мы не дапусьцім паўтарэньня распаду”. Але газэта не забылася згадаць таксама аргумант, якім пакарыстаўся Пуцін. На закіды наконт ягонага вяртаньне ў прэзыдэнцтва ён адказаў, што Франклін Дэлана Рузвэльт чатыры разы быў прэзыдэнтам ЗША.

Наш камэнтар: Лубянскі опэр не пасароміўся параўноўваць сябе з вялікім амэрыканскім палітыкам-рэфарматарам...

Беларусы добра памятаюць, як пасьля 2000 года расейцы ў размовах з нашымі людзьмі паўтаралі завучаную фразу: “Мы любім Путіна. Мы много ждём от него...” Цяпер тон зьмяніўся. Расейцы ўсіх катэгорыяў сьмяюцца з падстаўнога кандыдат-прэзыдэнта, называюць выбары ў РФ “фарсам” і заяўляюць, што галасаваць ня пойдуць. Можа і праўда многія ў Расеі сасьпелі на электаральны байкот як форму супраціву дыктатуры. Толькі ці не надта позна?

Алесь Хадасевіч


Няхай задумаюцца

18 кастрычніка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала: “Падчас свайго візыту ў Трыпалі дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан заявіла, што Злучаныя Штаты хацелі б, каб былы лібійскі дыктатар Муамар Кадафі быў бы забіты або арыштаваны”.

Наш камэнтар: Дыктатары куражацца над сваім народам, зьневажаюць іншыя народы. У дачыненьні да іх міжнародная дыпламатыя ўжывае так званую дыпламатычную лексіку. Але калі дыктатар валіцца пад ударамі паўстанцаў, нават дыпламатыя пачынае гаварыць простымі і зразумелымі словамі. Няхай пра гэта задумаюцца зьнішчальнікі беларускага народу.

Юрка Марозаў