ЗАМЕЖНЫ ДРУК (19-25.10.2011)

posted Nov 5, 2011, 9:40 PM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 5, 2011, 9:40 PM ]
Апрацавалі ўсіх на мякіне

19 кастрычніка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала: “Калі Эўразьвяз не гатовы наладзіць пэрспэктыву членства для Украіны, то падпісаньне дамовы аб сяброўскім супрацоўніцтве паміж Кіевам і Брусэлем можна адкласьці. — заявіў Віктар Януковіч. Гэта ёсьць адказам на адмену візыту Януковіча ў Брусэль. Эўразьвяз ахладзіў свае кантакты з Кіевам пасьля ўвязьненьня Юліі Цімашэнкі”.

Наш камэнтар: Як кажуць, што і патрэбна было даказаць... Масква не дапускае свайго кліента ў Эўропу. Працуе апрабаваны ў Беларусі варыянт.

Алесь Хадасевіч


Злавілі рускую шпіёнку

19 кастрычніка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра расейскую шпіёнку Кацю Затулівецер, якую зноў дапытваюць брытанскія спэцслужбы ў Лёндане. Дэпутат Палаты Обшчынаў Майк Хэпкок заўважыў 26-гадовую расейку яшчэ падчас сваіх візытаў у Маскву, дзе яна суправаджала яго ў якасьці перакладчыцы. Ён запрасіў яе ў Лёндан, зьняў для яе кватэру, узяў яе ў свае сакратаркі і падтрымліваў зь ёю інтымную сувязь. Але гэты Хэпкок мае доступ да сакрэтнай вайсковай інфармацыі, зьяўляецца сябрам парляманцкай вайсковай камісіі. Каця патлумачыла, што з дэпутатам яна “шліфавала сваю ангельшчыну”. Спэцслужбы ёй ня вераць і лічаць, што яна здабывала вайсковыя сакрэты. Тым больш, што яна “шліфавала ангельшчыну” у інтымнай абстаноўцы яшчэ з некалькімі ўплывовымі палітыкамі.

Наш камэнтар: Добра, што брытанскія спэцслужбы не праспалі чарговую маскоўскую мата-хары. Паўстае, аднак, пытаньне: чаму не знаходзіцца пад сьледствам дэпутат Хэпкок, аматар “шліфоўшчыц”-шматстаночніц з берагоў Масквы-ракі?

Алесь Хадасевіч


Народнае цярпеньне скончылася

20 кастрычніка 2011 г. французкая газэта “Le Monde” апублікавала сэрыю фотаздымкаў пра 42-гадовую гісторыю дыктатуры Кадафі. Тыран красуецца ў яркіх экзатычных строях, камандуе парадам у мундзіры, яго вітаюць натоўпы — а потым народ пачынае рэвалюцыю...

Наш камэнтар: Урэшце народнае цярпеньне канчаецца і народ зьнішчае дыктатара.

Юрка Марозаў


Фашызм без культуры

20 кастрычніка 2011 г. нямецкая газэта “Die Welt” паведаміла, што ў Сеціве апошнім часам былі разьмешчаны 11 тысячаў твораў 2500 мастакоў, якія выстаўляліся на “Вялікіх нямецкіх мастацкіх выставах” у 1937-1941 гг. Газэта напісала пра гітлерскую эстэтыку, разрабаваньне мастацкіх каштоўнасьцяў у скораных краінах, калекцыянэрства фюрэра і іншых нацыстаў.

Наш камэнтар: Знаёмячыся з гэтым матэр'ялам, думаеш аб тым, што адна з формаў фашызму — лукашызм — нават ня здолела стварыць сваю эстэтыку. Хамскі кіч мы назіраем у архітэктуры лукашызма. У выяўленчых мастацтвах тыранія нават не насьлядзіла. У літаратуры ёсьць кур'ёзныя зьявы. Напрыклад, прарэжымны цяпер “ЛіМ” напісаў быў: “Чаргінец — сусьветна вядомы пісьменьнік...” Потым, праўда, высьветлілася, што за яго тэксты піша ягоная жонка, і яны не перакладзены ні на якую замежную мову.

Алесь Хадасевіч


Вызваленьне ад дыктатуры

20 кастрычніка 2011 г. дацкая газэта “Dagens Nyheter” апублікавала рэпартаж і фотаздымкі з Трыпалі. Даведаўшыся пра сьмерць дыктатара, натоўпы сабраліся на вуліцах і плошчах. Людзі стралялі ў паветра, танцавалі, сьпявалі, уздымалі нацыянальныя сьцягі рэвалюцыі.

Наш камэнтар: Калі гіне дыктатар, людзі не сумуюць. Яны ўздымаюць нацыянальны сьцяг, забаронены пад антынародным рэжымам, і з радасьцю вітаюць вызваленьне ад гада.

Юрка Марозаў


Мусіць быць пазбаўленьне ад гада.

Лукашызм вуснамі свайго галоўнага начальніка агучыў праграму засяленьня нашай Беларусі 20 мільёнамі імігрантаў з прастораў Эўразіі. Беларусь, маўляў, вымірае. Жахлівая палітыка зьнішчальнікаў Беларусі...

Алесь Хадасевіч


Забіваюць бандытаў дыктатуры

21 кастрычніка 2011 г. ангельская газэта “Guardian” напісала з Лібіі. Тысячы параненых людзей у шпіталях па ўсёй Лібіі сьвяткуюць, з радасьцю даведаўшыся пра сьмерць тырана Кадафі. Міжнародныя арганізацыі занепакоены лёсам лаялістаў і замежных наёмнікаў, якія патрапілі ў палон да паўстанцаў. Яны заклікаюць да захаваньня правоў чалавека гэтых людзей. “Эмнісці Інтэрнэшнл” паведаміла, што паўстанцы білі і катавалі 7 тысячаў палонных байцоў Кадафі, каб выбіць зь іх прызнаньні. Падчас штурма горада Сірты былі захоплены таксама расейскія і сэрбскія наёмнікі.

Наш камэнтар: Сапраўды, вельмі важна добра арганізаваць ахову ўзятых у палон абаронцаў дыктатуры і розных яе начальнікаў. Пасьля падзеньня дыктатуры народ, як правіла, ня ведае літасьці да гэтай публікі.

Юрка Марозаў


Крэмль аплаківае Кадафі

21 кастрычніка 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” цытавала міністра замежных справаў Расеі С. Лаўрова. Ён сказаў у інтэрв'ю журналістам, што Захад можа паўтарыць лібійскі сцэнар у Сірыі.

Наш камэнтар: У Маскве ў адкрытую, з яркай дэманстрацыйнасьцю аплакваюць падзеньне антычалавечага рэжыму Кадафі і асуджаюць “бунт” (як яны называюць пераможную народную рэвалюцыю). У Дзярждуме былі наладжаны манумэнтальныя “стенанія” з нагоды гібелі Муамара Кадафі. Там адчуваюць, што наступным па чарзе на ліквідацыю паўстаўшым народам цалкам можа стацца чарговы верны васал Масквы на Усходзе Башар Асад. Цікава, ці разумеюць у Крамлі, што Захад можа паўтарыць “лібійскі сцэнар” і ў расейскай імпэрыі (на той выпадак, калі яна стане зусім некіруемая, пачне рассыпацца і пагражаць усяму чалавецтву)?

Юрка Марозаў


Злавілі яшчэ адных рускіх шпіёнаў

22 кастрычніка 2011 г. латвійская газэта “Diena” спаслалася на нямецкую прэсу і паведаміла, што ў Нямеччыне былі арыштаваныя два расейскія шпіёны. Мужчына і жанчына мелі аўстрыйскія пашпарты і знаходзіліся ў Нямеччыне на працягу 20 гадоў. Нямецкія спэцслужбы мяркуюць, што яны зьвязаны з шпіёнскай расейскай сеткай, ліквідаванай у ЗША летась. Газэта іранічна надрукавала побач з тэкстам зацемкі фота штурмбанфюрэра Шцірліца (акцёра Ціханава).

Наш камэнтар: Падобна, што жыцьцё лубянскіх шцірліцаў у цывілізаваных краінах становіцца ўсё больш цяжкім.

Алесь Хадасевіч


Угодкі рэвылюцыі

23 кастрычніка 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” паведаміла з Будапэшту. Там пачаліся афіцыйныя мерапрыемствы ў памяць гадавіны пачатку Народнай рэвалюцыі 1956 года. На плошчы Кошута сшыхтаваліся аддзелы ўгорскага войска, быў узьняты дзяржаўны сьцяг. Адбудуцца дэманстрацыі і масавыя ўрачыстасьці. 23 кастрычніка 1956 г. з мірнай антыкамуністычнай дэманстрацыі студэнтаў у Будапэшце пачалася рэвалюцыя. Наступнымі днямі да моладзі далучыліся рабочыя і сяляне па ўсёй краіне. Чырвоная армія разграміла рэвалюцыю праз два тыдні.

Наш камэнтар: Пад савецкім рэжымам было забаронена адзначаць угодкі рэвалюцыі. Тая ж гісторыя, што з нашым Днём Волі 25 Сакавіка. Абваліўся прамаскоўскі рэжым, абвалілася і антынародная забарона.

Алесь Хадасевіч


Рэжым можна толькі ліквідаваць

25 кастрычніка 2011 г. румынская газэта “Adevarul” апублікавала тэкст выступу ў румынскім парляманце караля Румыніі Міхая. Выступ быў зроблены 65 гадоў таму, 1 сьнежня 1946 г. Міхай асудзіў камуністаў, якія сфальшавалі вынікі парляманцкіх выбараў і фальшывым спосабам забясьпечылі сябе ўладу ў краіне. Сёньня стары манарх зноў выступіў у румынскім парляманце, гэтым разам у сувязі з сваім 90-годдзем. Ён заклікаў румынскіх палітыкаў дапамагчы краіне вярнуць гонар і рэспэкт у сьвеце.

Наш камэнтар: Ужо ў наступным 1947-м годзе кароль пад ціскам Масквы вымушаны быў адмовіцца ад кароны і выехаць у эміграцыю. Камуна апанавала краіну на доўгія дзесяцігоддзі.

Практыка паказала, што камуністычныя рэжымы не ўсталёўваюцца шляхам дэмакратычных выбараў. Ад іх таксама немагчыма пазбавіцца шляхам выбараў, бо камуна кантралюе гэтыя выбары, ператвараючы іх у фарс. Тое ж тычыцца посткамуністычных формаў усіх прамаскоўскіх рэжымаў. Іх можна ліквідаваць толькі шляхам народнай салідарнасьці і народнага супраціву.

Юрка Марозаў


Рускія абараняюць свае злачынствы

25 кастрычніка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” паведаміла, што ва Украіне выйшла кніга для дзяцей і падлеткаў, у якой распавядаецца пра Галадамор 1930-х гадоў. Аўтары кнігі падкрэсьліваюць, што голад быў арганізаваны штучна. Расейскія інтэрнэт-парталы адрэагавалі тыпова: “У даступнай форме, з ужываньнем страшных і запамінальных прыкладаў украінскім дзецям тлумачыцца, чаму расейцы ня могуць быць братамі ўкраінцаў і чаму ад Расеі ня трэба чакаць нічога добрага”.

Наш камэнтар: Што ж, даўно вядома, што дзецям і ў цэлым маладому пакаленьню трэба казаць праўду.

Янка Базыль