ЗАМЕЖНЫ ДРУК (26-31.10.2011)

posted Nov 9, 2011, 3:36 AM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 9, 2011, 3:36 AM ]
Убачылі свой канец

26 кастрычніка 2011 г. чэшская газэта “Ceske Noviny” паведаміла, што падчас выступу перад Народным Фронтам Пуцін крытыкаваў СМІ за паказ кадраў з параненым і забітым Кадафі. Маўляў, усё гэта дзеці глядзяць, усё гэта негустоўна. Расейскія журналісты нагадалі, аднак, што ў расейскім тэлебачаньні часта паказваюць крывавыя сцэны з каўказкай вайны.

Наш камэнтар: Лубянскі опэр, аказваецца, ператварыўся ў “голуба міру”, у “гуманіста”. Пра дзяцей клапоціцца. Усе добра памятаюць, як ён аддаў загад страляць у Беслане па школе, поўнай дзяцей, з танкавых гарматаў і буйнакалібэрных кулямётаў. І шмат чаго іншага. Цяпер ён утварыў свой “Лубянскі Фронт” (пасьля дробнага лабараторнага экспэрымэнту з вінцучкоўскім псэўда-Фронтам у Беларусі) і пачаў “бароцца за гуманізм”.

Прычыну незадаволенасьці сюжэтам з Кадафі мы бачым у іншым. Вядома, што гэбоўскія кадры і кіраўніцтва хунтаў у Маскве і Менску вельмі ўражаны мізэрным канцом зусім яшчэ нядаўна усемагутнага Кадафі і ягонай хунты. Яны ўбачылі свой канец, як рэакцыю абрабаванага, паўстаўшага народу.

Юрка Марозаў


Сур'ёзны дыягназ

26 кастрычніка 2011 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” апублікавала інтэрв'ю з турэцка-армянскім публіцыстам Рабэрам Коптасам, які працягвае справу Хранта Дзінка, забітага турэцкімі тэрарыстамі ў 2007 г. Сярод іншага Коптас сказаў, што “курды лепш разумеюць боль армянаў”. У 1915 г. ад каля 1,5 мільёна армянаў былі забіты асманскімі туркамі. Турцыя дагэтуль не прызнае факт генацыду армянаў.

Наш камэнтар: Курды змагаюцца за незалежнасьць ад Турцыі і лепш разумеюць справу армянскага генацыду. Гэта натуральна.

Беларусы таксама пераканаліся, што лепш за іншых наша змаганьне за незалежнасьць, боль нашых стратаў і пагрозу для беларускай культуры і мовы разумеюць народы, якія змагаюцца за сваё. Ірляндзец, баск, каталонец, славак з двух словаў разумеюць беларуса. Французу, брытанцу, немцу можна талдычыць гадзінамі, а ён потым спытаецца, моргаючы вачыма: “Дык калі ёсьць такая праблема, ці ня лепш вам перайсьці на рускую мову?..” Імпэрская сьвядомасьць — сур'ёзны дыягназ.

Алесь Хадасевіч


“Дарагія касьцюмчыкі насіў”

26 кастрычніка 2011 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала, што апошні раз сына Кадафі Саіфа аль-Іслама бачылі ў пустыні на памежжы з Нігерам. На яго і начальніка службы дзяржбясьпекі рэжыму Кадафі выпісаны міжнародны ордэр на арышт. Пераходны ўрад Лібіі заявіў, што мае намер выдаць іх у Міжнародны трыбунал у Гаагу.

Наш камэнтар: Віктар Кадафі і галоўны гэбэшнік хунты пакуль што хаваюцца. Прычым, хавацца ім трэба ад усіх. Бо нават заходнія краіны і сябрукі па хунце зацікаўлены ў тым, каб яны не дасталіся ў рукі правасуддзя жывымі (бо “слішком много знают”). А быў гэты дыктатарскі сынок такі імпэтны. Дарагія касьцюмчыкі насіў, гадзіньнікі-“ролексы”...

Алесь Хадасевіч


Айн мушык

26 кастрычніка 2011 г. нідэрляндская газэта “De Volkskrant” апублікавала рэцэнзію на кнігу французкага гісторыка Дзіяны Дзюкрэ на тэму жанчын і дыктатараў. Яна згадвае сярод іншага факт, што Гітлер атрымаў больш любоўных лістоў ад жанчын, чым акцёр Алэн Дэлон. Ленін, Сталін, Мусаліні, Мао, Салазар прыцягвалі жанчын.

Наш камэнтар: Факты гэтыя шырака вядомыя. Ведалі пра гэта і лубянскія стваральнікі іміджу “первого белорусского презідента” (або інакш “молодого презідента”). Яны закруцілі інтрыгу паводле дзядулі Фрэйда, і доўга яшчэ чуліся жаночыя гуканьні: “Он мне так нравітся, вот настояшчій мужік!..” Была нават такая менская прыхільніца Лукуашэнкі — Алексіевіч, якая праз сваё хвалебнае інтэрв'ю ўвяла формулу пра “мужіка” у абарот у нямецкамоўным друку на Захадзе. Немцы так і цытавалі яе эмоцыі: “Lukaschenko ist ein Muschik!”

Але ў сувязі з абвалам беларускай эканомікі, наладжаным “мужыцкім рэжымам”, гуканьні па Фрэйду неяк сьцішыліся...

Алесь Хадасевіч


Ад сьмерці — у турму

27 кастрычніка 2011 г. бэльгійская газэта “Nieuwsblad” напісала, што сын Кадафі Саіф аль-Іслам і начальнік дзяржбясьпекі рэжыму Кадафі заявілі пра сваю гатоўнасьць здацца Міжнароднаму Гаагскаму трыбуналу. Пра гэта яны паведамілі Пераходнаму ўраду Лібіі.

Наш камэнтар: Ну вось, і дня не прамінула, а злачынцы ўжо просяцца ў браніраваную камэру ў Гаагу, пад узмоцненую ахову. Здагадаліся яны, што ўсім выгадна іх ліквідаваць. Сапраўды, пераможная рэвалюцыя павінна дбаць пра захаваньне пры жыцьці арыштаваных паханоў хунты. Няхай распавядаюць усё на судзе.

Юрка Марозаў


“Будзьма пільнымі”

27 кастрычніка 2011 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” напісала пра выбары ў Тунісе, нядаўна вызваленым ад дыктатуры. Актывісты Народнай партыі напярэдадні галасаваньня вывесілі ў цэнтры сталіцы вялізны партрэт скінутага дыктатара Бэн Алі. Мінакі пачалі абурацца. Але гэта быў электаральных ход. Маладзёны сарвалі вялізны партрэт і адкрыўся лёзунг: “Будзьма пільнымі, дыктатар можа вярнуцца. Галасуйма 23 кастрычніка!” 90% выбаршчыкаў прагаласавалі на першых дэмакратычных выбарах пасьля падзеньня дыктатуры.

Наш камэнтар: Народ вызваліўся ад хунты і толькі тады масава пасунуўся на выбары, якія арганізавалі сапраўдныя народныя прадстаўнікі. Тунісцы ведаюць, што пад дыктатурай няма выбараў — ёсьць толькі зьдзеклівы фарс.

Алесь Хадасевіч


Абама прыгразіў

27 кастрычніка 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала пра выступ прэзыдэнта ЗША Абамы. Ён папярэдзіў дыктатарў ва ўсім сьвеце, што яны могуць скончыць, як Кадафі.

Наш камэнтар: Мудрыя, сваечасовыя словы. Вядома, што дыктатары і дыктатарчыкі дробна закалаціліся, атрымаўшы зьвесткі пра праявы народнага гневу ў Лібіі.

Юрка Марозаў


Ён не разумее, што адбываецца

27 кастрычніка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра інтэрв'ю кіроўцы Муамара Кадафі. Гунэйш Наср вазіў дыктатара на працягу 30 гадоў. Ён быў зь ім да апошняга моманту. Пяць дзён яны разам хаваліся ў Сірце, вакол выбухалі снарады, наступалі рэвалюцыянэры. У Насра склалася ўражаньне, што Кадафі не разумеў, што адбываецца і ня ведаў, што рабіць.

Наш камэнтар: Цяпер беларусы глядзяць па БТ на мясцовага “Кадафі” і таксама бачаць: ён не разумее, што адбываецца. А хунта ўжо ня ведае, што рабіць...

Юрка Марозаў


Злоўленыя і пакараныя

27 кастрычніка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра прысуд у Буэнас-Айрэсе. 12 былых афіцэраў паліцыі і войска, якія служылі рэжыму ў 1976-83 гг., былі асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне за злачынствы супраць чалавечнасьці. Яшчэ чацьвёра атрымалі тэрміны турмы ад 18 да 25 гадоў. Прысутныя ў залі суда грамадзяне і сем'і ахвяраў віталі вырак апладысмэнтамі.

Наш камэнтар: І праз 30 гадоў пасьля зьдзяйсьненьня злачынстваў дзяржаўныя злачынцы злоўлены і пакараны.

Алесь Хадасевіч


Правінцыяльшчына

28 кастрычніка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра выставу адной карціны ў Музэі Бодэ ў Берліне. Там выстаўлена карціна Леанарда да Вінчы “Дама з гарнастаем” з Музэя Чартарыскіх у Кракаве. Перад музэям стаяць вялікія чэргі, шмат людзей хочуць убачыць шэдэўр.

Наш камэнтар: Былі часы нават пад саветамі, калі ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі ў Менску адбываліся яркія выставы: музэяў ЗША, Дрэздэнскай галерэі, шэдэўраў эўрапейскай графюры. Беларускія шэдэўры экспанаваліся ў Іспаніі, Польшчы, нават у Інда-Кітаі. Пад лукашызмам усё гэта толькі ўспаміны. Шызоідная арыентацыя на Расею скасабочыла наша культурнае жыцьцё. Напрыклад, зараз у Нацыянальным музэі выстаўлена экспазыцыя “Кубанскіе художнікі”. Кубанцы можа і майстры танцаваць з шашкамі, але іхны жывапіс бясконца правінцыйны ў сваім сацрэалізме. Ёсьць толькі пара работ аднаго цікавага каларыста. А так няма на што глядзець. Так наша культурнае жыцьцё можа і павуціньнем зарасьці.

Алесь Хадасевіч


Выказваньне Абаса

29 кастрычніка 2011 г. славацкая газэта “Pravda” напісала пра інтэрв'ю, якое даў ізраільскаму тэлебачаньню старшыня Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас. Ён заявіў, што арабскі сьвет зрабіў памылку ў 1947 г., калі адкінуў плян ААН па падзелу Палестыны на габрэйскую і палестынскую дзяржавы. Арабскія краіны распачалі вайну супраць Ізраіля і прайгралі яе.

Наш камэнтар: Такія прызнаньні сьведчаць аб тым, што Махмуд Абас ёсьць сапраўдным палітыкам і сапраўдным лідарам. Прызнаваць палітычныя памылкі дадзена ня кожнаму, хто прэтэндуе на лідарства.

Цікава, ці прызнае калі-небудзь Масква мягка кажучы памылковасьць сваёй імпэрскай палітыкі ў адносінах да іншых народаў і дзяржаваў? Пакуль мы бачылі, як Ельцын “прыміраўся” з Фінляндыяй за агрэсію 1939-40 гг., як Дзярждума называла “памылковай” інвазію ў Чэхаславакію (1968) і Угоршчыну (1956). Адразу ж пасьля гэтых дэкаратыўных жэстаў Імпэрыя Зла ўзнаўляла сваю агрэсіўную палітыку супраць народаў. Можа, каб “прасіць прабачэньня” за гэта праз 50-70 гадоў? Народам ужо нецікава слухаць гэтыя крывадушныя заявы. Масква разумее толькі сілу і баіцца толькі народнай салідарнасьці.

Юрка Марозаў


Паабяцаў “землятрус”

30 кастрычніка 2011 г. французкая газэта “Le Monde” напісала, што прэзыдэнт Сірыі Башар Асад папярэдзіў у інтэрв'ю заходнія краіны, каб яны ня ўмешваліся ў сірыйскія справы. У выпадку ўмяшаньня ён паабяцаў “землятрус” па ўсім Блізкім Усходзе. Маўляў, “Сірыя — гэта не Туніс і не Эгіпет...”

Наш камэнтар: Так і бывае. Дыктатары пагражаюць краінам і народам, надзьмуваюцца жабай. А потым, калі народ паўстае і ліквідуе дыктатуру, яны хаваюцца з сваім залатым пісталетам у каналізацыі...

Алесь Хадасевіч


Знайшлі атамную зброю

30 кастрычніка 2011 г. італьянская газэта “La Repubblica” паведаміла зь Лібіі. Прэм'ер-міністар Пераходнага ўраду Лібіі Махмуд Джыбрыл заявіў, што ўдалося знайсьці атамную зброю ў арсэналах Кадафі.

Наш камэнтар: Пацьвярджаюцца найгоршыя меркаваньні заходніх краін аб тым, што Кадафі актыўна рыхтаваў зброю масавага зьнішчэньня. Гэта ёсьць яшчэ адным апраўданьнем атакі на дыктатарскі рэжым з боку цывілізаваных краін.

Заходнія краіны павінны таксама зразумець, што лукашэнкаўская АЭС у Астраўцы таксама зьяўляецца зброяй масавага зьнішчэньня і пагрозай для ўсяе Эўропы.

Юрка Марозаў


Забіваюць кадафістаў

30 кастрычніка 2011 г. нямецкая газэта “Der Spiegel” напісала пра шматлікія расправы атрадаў паўстанцаў і насельніцтва над былымі супрацоўнікамі дыктатуры Кадафі. Праваабарончыя арганізацыі бьюць трывогу. Штодня ў вызваленых ад дыктатуры гарадах знаходзяць дзесяткі трупаў забітых кадафістаў.

Наш камэнтар: Пасьля падзеньня антыбеларускай дыктатуры патрыёты будуць арганізоўваць бясьпеку арыштаваных дзяржаўных злачынцаў і рабіць усё для арганізацыі цывілізаваных судовых працэсаў, для прадухіленьня эксцэсаў.

Юрка Марозаў


Цяжкае дзяцінства

31 кастрычніка 2011 г. іспанская газэта “El Mundo” апублікавала артыкул пра хобі і захапленьні дыктатараў, у якіх быў як кіч, так і пэўныя стылёвыя прыярытэты. Дыктатары, яны ж ня круглыя суткі дыктатары. Кадафі запомніўся ўсім сваім залатым пісталетам. Гітлер зьбіраў творы мастацтва, нарабаваныя ў скораных народаў. У бункеры Садама Хусэйна знайшлі калекцыю твораў на тэму эратычных фантазій, дастойных Зыгмунта Фрэйда. І г.д.

Наш камэнтар: У гэтым шэрагу Лукашэнка нічым асаблівым не выбіваецца. Ён любіць хакей з апантанасьцю 13-гадовага падлетка. Усё ніяк не нагуляецца. Пад гэтую сваю пасію ён набудаваў па ўсёй нашай краіне ідыёцкіх “лядовых палацаў”, якія сталіся адным з спосабаў падрыву беларускай эканомікі і раскраданьня народных грошай.

Юрка Марозаў