РЭЖЫМНАЯ ПРАВАКАЦЫЯ Ў ЛОШЫЦЫ

posted Nov 9, 2011, 3:36 AM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 9, 2011, 3:37 AM ]
6 лістапада падчас жалобнага мітынгу ў Лошыцкім Яры, арганізаванага Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыяй — БНФ, рэжымныя структуры (пераапранутыя ў цывільнае асобы) зьдзейсьнілі хуліганскую правакацыю. Калі людзі сабраліся вакол Лошыцкага Крыжа і слухалі выступы, невядомы чалавек у цывільнай вопратцы моцна ўдарыў сваёй відэакамэрай ззаду па галаве сп. Уладзімера Юхо, сябру Сойму Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Правакатар пакінуў месца злачынства, прысутная міліцыя яго не затрымлівала.

Але пасьля заканчэньня мітынгу, калі людзі пайшлі да прыпынкаў грамадзкага транспарту, яны заўважылі, што за сп. Юхо ідуць асобы ў цывільным. Непадалёк ад Палаца культуры Камвольнага камбінату двое зь іх схапілі сп. Юхо за рукі і запатрабавалі ісьці за імі. Беларусы запатрабавалі, каб яны прад'явілі свае пасьведчаньні. Адзін з “цывільных” паказаў картку, на якой было напісана, што ён з міліцыі. Але ні прозьвішча, ні званьня на картцы не было. Фотаздымак прадстаўляў гэтую асобу апранутай, не ва ўніформу з пагонамі, а ў швэдар. Гэтыя двое затрымалі і зьвялі сп. Юхо ў сваю машыну і павезьлі яго ў невядомым накірунку. На тэлефонныя запыты кіраўніцтва КХП-БНФ аб месцазнаходжаньні сп. Юхо да дзяжурнага міліцыі па г. Менску быў адказ, што “такога грамадзяніна да іх не паступала”.

Трэба адзначыць, што прадстаўнікі рэжымных службаў (як можна было зразумець), якія сачылі за шэсьцем і мітынгам, былі ў цывільным, ня мелі ніякіх бэйджаў. Гэта спрыяла правядзеньню правакацыі.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Пратыі — БНФ

6 лістапада 2011 г.