ЗАМЕЖНЫ ДРУК (06-08.11.2011)

posted Nov 14, 2011, 8:19 AM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 14, 2011, 8:20 AM ]
Прышла чарга на камуністаў

6 лістапада 2011 г. славацкая газэта “SME” напісала пра першае паліцэйскае рассьледваньне справаў камуністычнай партыі Славакіі, якое наладжваецца пасьля прыняцьця ў краіне закону аб злачынствах камунізма. Сярод іншага новы закон карае адмаўленьне злачынстваў камунізма. Старшыня кампартыі Ёзэф Грдлічка сказаў газэце, што няма калектыўнай адказнасьці і няма злачынстваў камунізма. Ён, аднак, прызнаў, што ягоная партыя зьяўляецца спадчынніцай кампартыі Чэхаславакіі. На здымку ў газэце: група палітзьняволеных, якіх камуністычная ўлада прымушала працаваць ва ўранавых шахтах.

Наш камэнтар: Уяўляем сябе, як таварышы з кампартыяў РБ будуць адмаўляцца ад злачынстваў сваёй сістэмы. Гэта для іх тыпова. Але зь імі ня трэба будзе дыскутаваць. Камуністычная практыка і ідэалогія павінны быць забаронены як злачынныя ў вызваленай Беларусі.

Алесь Хадасевіч


Настае момант

6 лістапада 2011 г. французкая газэта “Le Figaro” апублікавала размову з Халімам Хадамам, былым віцэ-прэмэерам Сірыі, які з 2005 г. жыве ў эміграцыі ў Францыі. Ён сказаў: “Мы патрабуем, каб злачынцы былі аддазены пад суд, але каб не паўтарыліся жахі, як у Іраку”. Пра Асада палітык сказаў: “Ён пагражае Сірыі і ўсяму сьвету. Гэта не нагадвае вам нешта? Ён ашалеў, як Кадафі. І ён скончыць, як Кадафі”. Хадам заклікаў да збройнай барацьбы супраць дыктатуры.

Наш камэнтар: У народным змаганьні настае момант, калі нацыянальныя палітыкі на эміграцыі заклікаюць да ўзброенай барацьбы супраць дыктатуры.

Алесь Хадасевіч


Руская кухня

6 лістапада 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра расейскага дзеяча Д. Рагозіна, нядаўняга прадстаўніка РФ пры НАТО ў Брусэлі. Газэта называе яго “прадстаўніком памяркоўных неантыкрамлёўскіх нацыяналістаў” і піша, што ён “мае вялікія магчымасьці”. Рагозін заклікаў у Маскве, каб расейшчына сталася яшчэ адной афіцыйнай мовай Эўразьвязу. Маўляў, шмат расейцаў жывуць у балтыйскіх краінах.

Наш камэнтар: Мяркуем, што польская газэта надта ўскладніла даволі адназначны вобраз Рагозіна — дробнага, хаця і прыкметнага крамлёўска-лубянскага стукача. Расперазанасьць паводзінаў, дзікі цынізм, а не ідэалагічня прыярытэты зьяўляюцца прыкметамі гэтай асобы цяперашняй афіцыйнай Расеі. Дастаткова прыгадаць ягоныя заявы пасьля візыту ў Паўночную Карэю, якую ён расхвальваў на ўсе лады. Калі журналісты былі спыталі яго, чаму ў КНДР людзі ядуць траву, Рагозін сказаў і не паморшчыўся: “Гэта ў іх такая традыцыйная кухня...”

Юрка Марозаў


Ашкамёткі

7 лістапада 2011 г. дацкая газэта “Berlingske Tidende” апублікавала шэраг фотаздымкаў з камуністычных мерапрыемстваў у маскве, Кіеве і Менску. Украінская паліцыя таўчэ бальшавікоў з партрэтам Сталіна, беларуская моладзь закідвае Леніна яйкамі і яе арыштоўваюць гэбэшнікі, ідзе маскоўскае стар'ё пад сярпамі-молатамі...

Наш камэнтар: А было так “велічна і манумэнтальна” у гэты дзень пры саўдэпіі. Хто мог падумаць, што манумэнт ператворыцца ў нікчэмнасьць?

Алесь Хадасевіч


Якое ўсё знаёмае!

7 лістапада 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” паведаміла пра вынікі сацапытаньня, зробленага расейскай агенцыяй “Левада”. Паводле вынікаў, перад парляманцкімі выбарамі 4 сьнежня сёлета папулярнасьць Пуціна ўпала з 60 да 51%. Мяркуецца, што ягоная партыя ня здолее забясьпечыць сябе 2/3 месцаў у Думе.

Наш камэнтар: Якое ўсё знаёмае! У Беларусі вакол “папулярнасьці” Лукашэнкі таксама выводзілі гэтую лічбу. Фальшывыя статыстыкі кшталту сп. Манаева так і заявілі: “рэйтынг Лукашэнкі ўпаў да 51%, больш ён на выбарах ня ўзяў”.

Для падстаўных галоўным ёсьць даказаць людзям, што ўзурпатары легітымныя. Ну хаця б адным адсоткам. Адзін почырк.

Алесь Хадасевіч


Крызіс у Грэцыі

7 лістапада 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” пісала пра крызыс у Грэцыі. Грэцкія газэты паведамляюць, што, напрыклад, лабарантка ў шпіталі зарабляла штомесяц 1200 эўра. Цяпер яна атрымлівае на 500 эўра менш. Усё больш крамаў зачыняецца.

Наш камэнтар: Цікавыя гэтыя лічбы грэцкага крызісу. З нашымі лічбамі не параўнаеш. І ўсяроўна там народ адразу пачаў трэсьці ўрадавую грушу і патрабаваць справядлівасьці.

Алесь Хадасевіч


Гэбізм пачаў агаляцца

7 лістапада 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала, як аголеныя ўкраінскія фэміністкі прарваліся на плошчу сьв. Пятра ў Ватыкане і выступалі за правы жанчын.

Наш камэнтар: Газэце трэба было паставіць пытаньні: хто аплаціў “фэміністкам” паездку ў Рым? Хто стаіць за гэтай спробай зганьбіць хрысьціянскую ўкраінскую нацыю? Гэбоўская агентура пачала агаляцца...

Алесь Хадасевіч


Падзеі ў Сірыі

8 лістапада 2011 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” паведаміла, што сірыйскія войскі ўзнавілі атакі на гарады Хомс і Хама. А заўчора Башар Асад падпісаў з Арабскай Лігай дамову пра замірэньне і перамовы з пратэстуючым народам, абавязаўся спыніць гвалтоўныя дзеяньні.

Наш камэнтар: Нельга верыць у замірэньне з дыктатурай. Калі народ пачынае ліквідаваць яе, трэба дзейнічаць салідарна і да канца.

Юрка Марозаў