ШЫЗІК РЫХТУЕЦЦА ДА ВАЙНЫ

posted Nov 14, 2011, 3:55 PM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 14, 2011, 3:56 PM ]
(сцэны з жыцьця пры позьнім лукашызме)

Усеагульны абвал эканомікі і фінансаў, наладжаны антыбеларускім рэжымам, зусім не напалохаў сам гэты рэжым. У іх, як кажуць, “планов громадьё”. У нашай сталіцы рэжым працягвае будаўніцтва сваіх шызоідных забаўляльных аб'ектаў: чатырох аквапаркаў і трох дэльфінарыяў. Нават такія гістарычна вядомыя вычварэнцы, як Нэрон, наладжвалі будаўніцтва залатых палацаў і цыркаў з сланамі і стравусамі толькі тады, калі Рымская імпэрыя знаходзілася на эканамічным уздыме. Мясцоваму “нэрону” гісторыя — ня ўказ. Ён працягвае выраблены зьдзек з народу і збачэнскае разбурэньне нацыянальнай эканомікі. Мільёны беларусаў ня могуць зьвесьці канцы з канцамі, у дзіцячых установах дзяцей харчуюць тым, што й сабака ня есьць, — а шалёны рэжым распрацоўвае праекты “са шкла і бэтону”, з дэльфінамі і іншымі экзатычнымі жывёлінамі. Шалёная палітыка працягваецца.

Гэтая тэлесцэна з лукашысцкага жыцьця выглядала сапраўды пацешна. На экране, выставіўшыся ў шэраг перад сваім “генэралісімусам”, застылі абласныя начальнікі, якія раптам ператварыліся ў генэралаў. Ніхто ня ведае пра іхную мілітарную адукацыю, пра ваенны досьвед і г.д. Прафэсійныя беларускія вайскоўцы ўражаны гэтым маразмам. Большасьці зь іх кожнае вайсковае званьне дастаецца цяжкой руціннай працай, нялёгкай службай і дэманстрацыяй прафэсійнага майстэрства. А тут “генэралісімус” наляпіў залатыя пагоны на сваіх верных абласных сатрапаў, якія ўмеюць толькі сакратаркамі камандваць. Зьдзек з Беларускай арміі. Усе думалі, што “насьледны прынц” Коля ў пацешным мундзірчыку, якому армейскія генэралы аддаюць рапарты, — гэта адзінкавая прыхамаць кліента з мазаічнай шызафрэніяй. Аказалася, што гэта ёсьць больш шырокі праект і больш глыбокая паталогія.

Кліент заявіў, што будзе ўтвараць “тэрытарыяльную армію ў 120 тысячаў чалавек”. Мяркуем, што пацешныя генэрал-губэрнатары і будуць камандваць гэтай “арміяй”. Аднак, з усёй гэтай кур'ёзнай мізансцэны трэба зрабіць сур'ёзныя высновы. Па-першае, рэжым шалёна баіцца салідарнага народнага выступу і лёсу пакараных народам кадафістаў. Па-другое, у сувязі з гэтым рэжым не давярае Беларускай арміі і баіцца яе. Па-трэцяе, мяркуем, што праект “новай арміі” у кліента праваліцца, як і іншыя ягоныя шызоідныя праекты. Грошы змарнуюць, раскрадуць, вывезуць у замежныя банкі. Але наша грамадзтва атрымала выразны сігнал ад дыктатуры: антыбеларускі рэжым рыхтуе ўвядзеньне ваеннага становішча ў нашай краіне, зьбіраецца душыць наш народ. Беларусы павінны рыхтавацца да салідарнага супраціву путчыстам.

Расейская мафійная агрэсія актывізуецца ў памежных раёнах нашай краіны. Прычым яна ахоплівае ўжо ня толькі гарады і мястэчкі, але ўжо і сельскую мясцовасьць. Каля Расонаў (Віцебшчына) маскоўская мафія пабудавала вялікі забаўляльны комплекс з гатэлям і казіно. Цяпер пасярод нашых цудоўных лясоў і азёраў будзе функцыянаваць акупанцкая клаака. З Расонаў выязджаюць у Расею на працу цэлымі брыгадамі, бо пражыць немагчыма, а там абяцаюць заробкі. Такая зьява назіраецца па ўсёй Беларусі. Хто можа, прарываецца ў Польшчу. Бальшыня сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у памежных раёнах з РФ належыць ужо расейскаму мафійнаму капіталу. Працуюць нашы людзі, робяць якасныя тавары, але вывозяць іх у чорную дзірку згаладнелай Расеі. Апошнім часам беларускія работнікі працуюць на будоўлях аб'ектаў у памежных з Беларусьсю раёнах Пскоўшчыны. Мясцовыя мужчыны пасьпіваліся і няздатныя на выкананьне гэтых працаў. Так што беларусы за кавалак хлеба будуюць для імпэрскага нішчыцеля.

9 лістапада БТ паказала цікавую сцэну. Начальнік рэжыму сабраў свой савет міністраў і “выхоўваў” яго. Раней многія людзі верылі ў гэты рытуал. Начальнік крычаў на падначаленых, яны слухалі яго, апусьціўшы галовы, і апраўдваліся з выглядам школьнікаў, што нахуліганілі. Пэўны час яно выглядала эфэктна: Лукашэнка ні пры чым, усё антынароднае прыдумалі міністры. Але паўтарэньне гэтай сцэны ўрэшце пераканала людзей, што перад імі разгортваецца самадзейны тэатр намэнклятурнай творчасьці.

Многія перасталі глядзець гэтыя тэлепрадстаўленьні. А глядзець іх трэба, бо карысна ў пляне намэнклятурнага самараскрыцьця. Дык вось, 9 лістапада Лукашэнка на павышаных танах даводзіў міністрам: “Наші люді в магазіны уже, как в музей ходят! Походят, посмотрят і ідут домой ні с чем. Я требую, чтобы вы навелі порядок с этім...” А потым тон дыктатара стаў больш даверным і ён прагаварыўся ў жывым эфмры: “Чтобы наші люді не просто так ходілі в магазін. Мы-то с вамі туда ходіть не будем...” У тэлепаўторах гэтага сюжэту дбайныя рэдактары апошні фрагмэнт не паказалі. Але “птушка вылецела”.

На наступны дзень уся сталіца і сотні тысячаў людзей па ўсёй краіне абмяркоўвалі тэму “магазін-музэй”. У людзей сьціскаліся кулакі, словаў для камэнтароў яны не выбіралі. Дыктатар публічна агучыў тое, пра што ведалі многія людзі, а астатнія здагадваліся: ён і ягонае (даволі шырокае) атачэньне ня ходзяць там, дзе ходзяць мільёны грамадзянаў краіны, круцячы ў руках мізэрны пачак пустых грошай. Ім — супэрлукашыстам — харчы і ўсё астатняе прывозяць непасрэдна ў іхныя дамы і кватэры. Іхныя сямейнікі не цягаюцца па крамах, шукаючы, дзе можа ніжэй цэны і не гнілы тавар. Яны дапушчаны да рэжымнага разьмеркаваньня, да рэжымных базаў і рэжымнага стала. Антычалавечая сістэма на імгненьне самаагалілася...

На наступны дзень, 10 лістапада, начальнік рэжыму зрабіў свой чарговы крымінальны зварот “да народу і сьвету”. Ён шматслоўна і пагрозьліва выказваўся, што ўсе павінны быць гатовыя да партызанскай вайны, “мы гэта ўмеем”, “мы ім пакажам”, “оружія нам хватіт” і г.д. Беларусы яшчэ раз пераканаліся, што дыктатура ня мае ніякога даверу да Беларускай арміі.

Аказалася, што колькі б акупацыйны рэжым не навязваў нашай арміі імпартаваных з Расеі бездараў і кар'ерыстаў у пагонах, абсалютная бальшыня нашых вайскоўцаў — гэта беларускія мужчыны і юнакі. Цяпер нашы людзі даведаліся, што шызафрэнік марыць і плянуе загнаць нас усіх у падпольле і ў партызанку, каб мы абаранялі яго і ягоную хунту. Цікава, што пры гэтым ён не ўдакладняе, супраць каго нам трэба будзе партызаніць. Улічваючы тое, што дыктатура ёсьць маскоўска-акупанцкай па сутнасьці, то партызанская вайна плянуецца супраць заходніх цывілізаваных краінаў — “за Родіну!”, “за Москву!”, “за Путіна!”, “за Кремль і Лубянку, товарішчі!” Такое не аднойчы ўжо было ў гісторыі акупаванай Масквой Беларусі. Пачуйшы пра гэта, многія людзі засьмяяліся і зрабілі рукамі выразны жэст, што сьведчыла пра нежаданьне паміраць “за Лукашэнку-Пуціна”.

Янка Базыль