ЯК ФІНСКІ НАРОД БАРАНІЎСЯ АД МАСКВЫ

posted Nov 20, 2011, 4:30 AM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 20, 2011, 4:30 AM ]
(частка 2)

Напярэдадні

Ужо ў красавіку 1938 г. Масква падала першы сігнал сваёй незадаволенасьці паўночным суседам, які на працягу міжваеннага дзесяцігоддзя прыкладаў на афіцыйным узроўні ўсе намаганьні, каб жыць у міры з СССР. У Гэльсінках зьявіўся савецкі дыпламат Барыс Ярцаў. Ён запрапанаваў міністру замежных справаў Фінляндыі Рудольфу Холсьці распачаць таемныя перамовы з мэтай “паляпшэньня двухбаковых адносінаў”. Гэтыя форма і лексіка дыпламатычных дзеяньняў Масквы застануцца нязьменнымі для ўсіх прэлюдыяў адкрытай агрэсіі ў наступныя гады. Ярцаў тлумачыў фінам, што Гітлер мае намер выкарыстаць тэрыторыю іхнай краіны як плацдарм для нападу на СССР. І таму, маўляў, лепш фінам пагадзіцца на эканамічную і мілітарную дапамогу Масквы. Дыпламат-энкавэдэшнік назваў гэта “пазытыўнымі гарантыямі”. Шэраг краінаў пачуюць гэта ў бліжэйшай будучыні ад молатавых-дзеканозавых. Калі фіны пачалі распытваць, што гэта за “пазытыўныя гарантыі”, Ярцаў патлумачыў, што ім трэба аддаць савецкай краіне некалькі выспаў у Фінскім заліве. Міністры адказалі яму, што пра гэта ня можа быць гаворкі.

Увесну 1939 г. прапановы “гарантыяў” усплылі зноў. Цяпер маскоўскія эмісары патрабавалі ад Фінляндыі здаць Маскве ў канцэсію на 30 гадоў выспу Сурсары і яшчэ чатыры невялікія выспы, прапануючы за гэта некалькі тэрыторыяў у Карэліі. Густаў Манэргейм быў адным зь нямногіх фінскіх дзеячаў, якія заклікалі задаволіць патрабаваньні Масквы. Маршал падкрэсьліваў, што нацыянальная армія ня здольная ў выпадку вайны супрацьстаяць маскоўцам. Ён ведаў, што казаў. Фінская армія зусім ня мела сучаснай артылерыі і сродкаў супрацьтанкавай абароны. Большасьць гарматаў былі ўзору часоў руска-японскай вайны. Снарадаў было вельмі мала. Манэргейм так і казаў, што ў арміі дастаткова было толькі аднаго: баявога духа і патрыятызму. З усім астатнім быў востры дэфіцыт.

Многія ад старога маршала адмахваліся і не хацелі яго слухаць. Наагул, у міжваенны час ён на шэраг гадоў выйшаў з палітычнай і вайсковай дзейнасьці, стомлены партыйнымі інтрыгамі, і ўзначаліў дабрачынную арганізацыю, якая апекавалася дзецьмі-сіратамі ахвяраў вайны. Ён рабіў гэтую справу так жа сама грунтоўна і якасна, як і вайсковыя справы. Маршал не баяўся, што яго пачнуць успрымаць як “вясельнага генэрала”. У 1932 г. ён пагадзіўся ўзначаліць Вайсковую раду краіны і рабіў усё, каб пабудаваць умацаваньні на мяжы з саветамі і падрыхтаваць армію для абароны дзяржавы. Але ўвесь час парлямант не даваў дастаткова грошай на разбудову сучаснай арміі.

Знакам паглыбленьня крызісу было падпісаньне 23 жніўня 1939 г. Пакту Молатава-Рыбэнтропа, паводле якога балтыйскія рэспублікі і Фінляндыя вызначаліся ў сфэру савецкіх уплываў. У верасьні Гітлер і Сталін напалі на Польшчу. Масква прымусіла Летуву, Латвію і Эстонію падпісаць васальныя дамовы “аб супрацоўніцтве і дапамозе” і ўтварыла на іх тэрыторыях свае вялікія вайсковыя базы. У Гэльсінках ведалі, што на гэтых базах савецкіх войскаў было значна болей, чым вайскоўцаў у трох балтыйскіх арміях.

У сьвятле гэтых падзеяў Крэмль пайшоў напралом. 5 кастрычніка 1939 г. Масква фактычна выставіла Фінляндыі ўльтыматум, запатрабаваўшы прыезду ў Крэмль фінскай дэлегацыі для “вырашэньня канкрэтных палітычных пытаньняў”. 12 кастрычніка Сталін сустрэўся з фінскай дэлегацыяй і заявіў, што яго хвалюе праблема абароны і бясьпекі Ленінграда. Маўляў, мяжа знаходзіцца надта блізка ад Леніграда. Таму Савецкі Саюз прапануе Фінляндыі адсунуць дзяржаўную мяжу на Карэльскім перашыйку (у раёне Ленінграда) на 35-ы кілёмэтр ад Віпуры (Выбарга), а таксама ліквідаваць усю фінскую абарончую сістэму ўмацаваньняў Лініі Манэргейма на Карэльскім перашэйку. Сталін патрабаваў таксама аддаць СССР чатыры выспы ў Фінскай затоцы і большую частку паўвыспы Рыбачы у Запаляр'і. У якасьці кампэнсацыі фінам прапанавалася тэрыторыя ў Карэліі памерам 5500 квадратных кілёмэтраў. На паўвысьпе Ханка, якая кантралявала падыходы да Гэльсінак, Масква прапанавала паставіць сваю вайсковую базу з 5 тысячамі жаўнераў і дапаможнымі часткамі.

Фінам было зразумела, што ім прапануецца разбурыць сістэму абароны, якую яны будавалі каля савецкай мяжы ўсе міжваенныя гады. Да таго ж, яны павінны былі дапусьціць савецкіх вайскоўцаў кантраляваць браму сваёй сталіцы. Дэлегацыя рэзка адхіліла ўльтыматум і накіравалася на кансультацыі ў Гэльсінкі. Манэргейм зноў пярэчыў тым палітыкам, якія сьцьвярджалі, што Сталін блефуе.

Фінскае грамадзтва ўсхвалявалася, пачуўшы пагрозьлівы і нахабны тон крамлёўскіх цынікаў, якія ламалі ўсе міжнародныя правілы і законы суіснаваньня сувэрэнных дзяржаваў. Але гэта быў ня страх, не разгубленасьць, не панічны адчай. Фінскі палітык Юха Кусьці Паасіківі апісаў у сваіх мэмуарах, як народ сустракаў цягнік, у якім дзярждэлегацыя ехала на чарговы раўнд перамоваў у Маскву: “На кожнай чыгуначнай станцыі ад сталіцы да апошняга памежнага паселішча стаялі вялікія групы людзей. Яны трымалі ў руках нацыянальныя сьцягі і сьпявалі патрыятычныя песьні. Не было ніякіх пэтыцый, але мы зразумелі, што яны хочуць і чакаюць ад нас...”

Перамовы ў Маскве зайшлі ў тупік. 3 лістапада, на адной з апошніх сустрэчаў з фінскай дэлегацыяй Молатаў у адкрытую заявіў фінам: “Мы, цывільныя, ня можам дамовіцца. Дык мабыць настае час прамовіць мілітарыстам”. 9 лістапада адбылася апошняя сустрэча дэлегацыі з Сталіным і Молатавым. Фіны заявілі, што маскоўскія ўмовы ня могуць быць прыняты. Сталін удаваў зьдзіўленьне. На расейскім баку запанавала весялосьць. Разьвітваючыся, Молатаў памахаў фінам рукой і гульліва гукнуў па-французку: “О рэвуар!” Сталін проста з кабінэта паседжаньняў накіраваўся ў залю, дзе яго чакалі над мапамі Фінляндыі генэралы Генштаба.

Вялікую ахвочасьць да “маленькай пераможнай вайны” праявіла ленінградская партыйная арганізацыя начале з Андрэям Жданавым, які заклікаў Сталіна дзейнічаць хутка і доўга не раздумваць. На ягоную думку, Фінляндыя ў лепшым выпадку была гатова аказаць толькі кароткачасовы сымвалічны супраціў. Маўляў, як толькі Чырвоная армія перакрочыць мяжу, фінскі рабочы клас уздымецца і паверне зброю супраць капіталістычных прыгнятальнікаў.

Масква разгарнула актыўную інфармацыйную кампанію, у рамках якой на розныя лады паўтараліся жданаўскія тэзісы. Нават у афіцыйным паведамленьні ТАСС ад 8 лістапада сярод іншага сьцьвярджалася, што фінскія жаўнеры ня маюць ботаў і валёнак, бо паходзяць з бедных сем'яў. ТАСС паведамляла ў сьвет, што “імпэрыялісты рыхтуюцца да нападу на СССР, выкарыстоўваючы Фінляндыю як базу”. У сьвеце ўсё ж ня верылі, што краіна з 3,5 мільёнамі жыхароў плянуе атакаваць СССР, дзе пражываў тады 171 мільён насельнікаў.

Падчас сустрэчаў і кансультацыяў з палітыкамі і партыйнымі дэлегацыямі маршал Манэргейм заклікаў аднавіць перамовы з Масквой і паўтараў, што трэба любым коштам пазьбегнуць вайны. Урэшце 27 лістапада ён падаў у адстаўку з пасады старшыні Вайсковай рады ў сувязі з сваёй нязгодай з палітыкай ураду.

Прыкладна ў гэты ж час у Крамлі адбылося паседжаньне з удзелам Сталіна, Жданава, Хрушчова і фінскага камуніста Кусінэна, якога вырашылі зрабіць старшынёй марыянэткавага ўраду “сацыялістычнай Фінляндыі”. Сталін сказаў на прыканцы паседжаньня: “Пачнем сёньня...”

Першыя стрэлы канфлікта прагучалі 26 лістапада. Гэта быў вядомы “інцыдэнт у Майніле”. Сем снарадаў нібыта ўпалі на савецкую тэрыторыю ў 800 мэтрах ад мяжы. Пасьля вайны высьветлілася, што стралялі самы саветы. Манэргейм яшчэ да сваёй адстаўкі загадаў адсунуць фінскія гарматы з памежнай зоны глыбей на тэрыторыю краіны. Молатаў паслаў у Гэльсінкі гнеўны ўльтыматум, сьцьвярджаючы, што былі забіты і паранены савецкія вайскоўцы. Фінскі ўрад адказаў на крамлёўскую ноту пратэстамі і тлумачэньнямі, што артылерыя даўно была адведзена ад мяжы. 29 лістапада 1939 г. была агучана апошняя крамлёўская нота: “У сытуацыі, якая склалася па віне кіраўніцтва Фінляндыі, савецкае кіраўніцтва ўжо ня можа падтрымліваць нармальныя адносіны з Фінляндыяй і вымушана адклікаць з Фінляндыі сваіх палітычных і эканамічных прадстаўнікоў...”

Гэта была вайна.

Падрыхтоўка да нашэсьця

Фарсіруючы штучны канфлікт з суседняй краінай, саветы разьлічвалі, што вайна і ня будзе ўласна вайной. А так, нешта накшталт трыюмфальнага шэсьця. Калі генэрал Воранаў, адказны за забесьпячэньне арміі, спытаў штабістаў, які час мяркуецца весьці баявыя дзеяньні, яму адказалі: “Ад дзесяці да дванаццаці дзён”. Масква зьбіралася наладзіць “вызваленьне фінскага народу” выключна сіламі Ленінградзкай ваеннай акругі. Савецкія стратэгі былі моцна ўражаны посьпехамі нямецкай тактыкі маланкавай вайны і зьбіраліся рэалізаваць такі ж сцэнар на сьнежных раўнінах Суомі. Яны на поўным сур'ёзе разьлічвалі, што насельніцтва будзе сустракаць Чырвоную армію з хлебам-сольлю і нават утворыць “пятую калёну”, якая далучыцца да “вызваліцеляў”. Вайсковыя аташэ пры розных амбасадах у Гэльсінках таксама паведамлялі свайму кіраўніцтву, што фіны здольныя на гераічны прыгожы жэст і сымвалічны супраціў, але ўсё будзе скончана на працягу тыдня-двух.

Чырвоная армія практычна не была падрыхтавана да вядзеньня вайны ў зімовых умовах (а навошта, калі ўсё хутка скончыцца?!). Толькі праз месяц баёў і страшных па маштабах стратаў маскоўскім стратэгам прышло ў галаву пафарбаваць танкі ў белы колер і забясьпечыць пяхоту белымі масхалатамі. Вайскоўцы зусім не прайшлі вывучкі па маскіроўцы на мясцовасьці, па перасоўваньню на лыжах. Калёны з тысячаў людзей, сотняў танкаў і машын, абозамі і г.д. сапраўды рухаліся па фінскіх дарогах, як на парадзе або ў звычайным паходзе, без наладжанай выведкі і прыкрыцьця. Найменшы супраціў фінаў прымушаў каласальную калёну застываць на месцы і стаяць. Гэтага моманту ўжо чакалі фінскія снайпэры...

Фінская армія рыхтавалася да вайны грунтоўна. Фіны амаль пагалоўна выдатныя лыжнікі. Цэлыя палкі складаліся з мужчын, для якіх будучая зона баёў была малой радзімай. Яны ведалі тут кожную сьцяжыну, кожнае дрэва. Землякамі былі ўсе: ад палкоўніка да апошняга жаўнера. Можа ў гэтых палках не было параднага бляску, які быў у іншых эўрапейскіх арміях. Але было галоўнае — фіны не баяліся шматлікага ворага, яны хацелі і гатовыя былі змагацца. Вывучка жаўнераў базавалася на майстэрстве непрыкметна перасоўвацца па мясцовасьці, арганізоўваць патрулі і засады, зьдзяйсьняць удары і адступаць. Усё гэта было блізка да партызанскай тактыкі. Артылерысты вызначылі на мапах усе магчымыя мэты для артылерыйскага агню. Кулямётчыкі распрацавалі тактыку вядзеньня агню ў абмежаваных умовах лесу. Усё было разьлічана на дакладнасьць стральбы і строгую эканомію баепрыпасаў.

Распрацаваны Манэргеймам плян мабілізацыі быў рэалізаваны хутка і арганізавана. Пасьля абвяшчэньня мабілізацыі рэзэрвістаў 9 кастрычніка 1939 г. былі сфармаваны палкі і пачалося іх узбройваньне. Не хапала ўсяго: амуніцыі, зброі, абмундзіраваньня. Невялікі колькасьцю народ вымушаны быў ставіць пад ружжо самую вялікую ў сваёй тысячагадовай гісторыі армію.

Напрыклад, патронаў для вінтовак і аўтаматычнай зброі мелася на 60 дзён, снарадаў для артылерыі на 19-24 дні, паліва для ваеннай тэхнікі на 60 дзён. Некаторыя з адзінак зброі былі сапраўднымі музэйнымі экспанатамі: гарматы часоў руска-японскай вайны 1904-05 гг.

Саветы наступалі на Фінляндыю, маючы неабмежаваныя людзкія і матэр'яльныя рэсурсы. Яны выкарыстоўвалі сваю даўнюю ардынскую стратэгію: задушыць, затаптаць праціўніка масай, колькасьцю (“грудью, товарішчі!”). Распаўсюджанай практыкай Зімовай вайны было змаганьне (пасьпяховае змаганьне!) фінскага батальёна супраць савецкай дывізіі, фінскага палка супраць савецкага злучэньня, самотнай фінскай гарматы супраць танкавага кліна. За ўсе тры з паловай месяцы вайны фіны здолелі толькі адзін раз дазволіць сабе сканцэнтраваць сілы і правесьці масаваную танкавую атаку і адзін раз масаваны артабстрэл. Аналагічныя дзеяньні чырвоных былі штодзённымі і налічваліся тысячамі.

Тое было класічнае змаганьне Давіда з Галіяфам.

Нашэсьце

30 лістапада 1939 г. а 9.20 раніцы над Гэльсінкамі зьявіўся першы савецкі вайсковы самалёт. Ён раскідаў над горадам тысячы ўлётак з заклікам да фінскіх працоўных ліквідаваць уладу капіталістычных прыгнятальнікаў, а потым скінуў пяць бомбаў на мясцовы аэрадром. Каля 10.30 дзевяць савецкіх машын СБ-2 правялі бамбардоўку порта і чыгуначнага вакзала. Але бомбы ўпалі не на стратэгічныя аб'екты, а на жылыя кварталы. А 14.30 пятнаццаць самалётаў зноў бамбілі Гэльсінкі, калі вуліцы былі поўныя людзей і машын. У той дзень у Гэльсінках загінула 200 чалавек. Саветы бамбілі таксама Віпуры, Турку, Іматру і Лахці. Савецкі марскі дэсант раніцай заняў некалькі выспаў у Фінскай затоцы. Усё гэта рабілася без афіцыйнага абвяшчэньня вайны.

Даведаўшыся пра агрэсію, Манэргейм накіраваўся ў сядзібу ўраду. Ягоная машына ехала па вуліцах, на якіх дыміліся руіны і ляжалі трупы загінуўшых. У сядзібе маршал сустрэўся з прэзыдэнтам рэспублікі Кіесьці Каліё і заявіў, што адклікае сваю заяву аб адстаўцы. Прэзыдэнт чакаў яго і адразу ж прызначыў галоўнакамандуючым узброеных сілаў Фінляндыі.

Парлямант краіны пераехаў у мястэчка Каўхаёкі за 200 км ад сталіцы. Адбыліся зьмены ў цывільнай уладзе. Прэм'ер-міністрам краіны стаў Рыста Рыці. Новы ўрад запрапанаваў наступную палітычную тактыку: распачаць перамовы з СССР і як мага хутчэй спыніць ваенныя дзеяньні. У той жа час было вырашана змагацца за кожны мэтр фінскай зямлі, прымушаць праціўніка панесьці як мага больш стратаў, каб Сталіну захацелася весьці перамовы. Што да апошняга тэзісу, то эўрапейцы наіўна спадзяваліся скарэктаваць паводзіны азіяцкай крамлёўскай арды з дапамогай вялікіх ардынскіх стратаў. Ім трэба было ўспомніць, як выказваўся расейскі камандуючы Шарамецеў падчас Паўночнай вайны (1700-21) у гэтым жа рэгіёне: “А што нам? Людзей шмат, будзем наступаць...”

Саветы распачалі наступ на Карэльскім перашэйку з мэтай прарваць Лінію Манэргейма, захапіць Віпуры і адкрыць сябе дарогу на Гэльсінкі. У Карэліі на поўнач ад Ладажскага возера наступаючыя мелі задачу з флангу абысьці ўмацаваньні Лініі Манэргейма на Карэльскім перашэйку і ўдарыць фінам у тыл. Ударамі на цэнтральным участку фронту ў напрамку на Суомісальмі і Раваніемі саветы разьлічвалі распалавініць тэрыторыю Фінляндыі, каб потым канчаткова разграміць фінскія войскі. Найбольш нечаканым для фінаў быў савецкі наступ у далёкім Запаляр'і, дзе чырвоныя ўдарылі па Пэтсама і Наўтсі. Нават Манэргейм не ўяўляў сябе магчымасьці рабіць вялікі наступ у бязлюднай сцюдзёнай пустыні.

Найбольш аптымістычным быў настрой у цэнтры. Тыя, што наступалі на Суомісальмі, везьлі з сабой духавы аркестар, друкарскія машыны з фінскім шрыфтом, мяхі прапагандысцкіх улётак. А таксама пачакі з падарункамі “для трудяшчіхся”, якіх жаўнеры спадзяваліся сустрэць у лесе і павіншаваць з “вызваленьнем”. Справа ў тым, што ў гэтай вобласьці Фінляндыі актыўна дзейнічалі камуністычныя агенты, людзі даволі масава галасавалі за левыя партыі. У хуткім часе, аднак, саветам давялося горка расплочвацца за свае ілюзіі.

Савецкі флёт таксама атакаваў фінскі бераг. Але абаронцы дзейнічалі арганізавана і зладжана. Фінскія батарэі патапілі некалькі меншых караблёў і моцна пашкодзілі крэйсэр “Кіраў”. Пачала дзейнічаць маленькая фінская авіяцыя. З канфуза пачаўся баявы шлях выдатнага аса Эйна Луканэна. Ягоны самалёт быў выпадкова падбіты фінскай супрацьпаветранай абаронай. Пілот здолеў пасадзіць пашкоджаную машыну. Да 1944 г. ён зьнішчыў 54 савецкіх самалёты.

Масква падрыхтавала фінскаму народу яшчэ адзін “сюрпрыз”. Тысячы савецкіх грамадзян з прозьвішчамі, якія гучалі па-фінску, былі мабілізаваны ў армію і кінуты на “освобожденіе прародіны”. Крывадушнае “освобожденіе” мела і сваё фармальнае лідарства. Сярод фінскіх чырвоных дзеячаў, яшчэ нерасстраляных НКВД, саветы адшукалі О.В. Кусінэна. Ён сядзеў у Маскве у эміграцыі, вызначыўся сабачай адданасьцю Сталіну і нават пасьпеў зрабіць бліскучую кар'еру, стаўшыся генсекам Камінтэрну. Кусінэна прызначылі старшынёй “дэмакратычнай улады Фінляндыі”. Адбылася нават афіцыйная цырымонія ў Крамлі. У залях, дзе праз дзесяцігоддзі Лукашэнка падпісваў васальныя “саюзныя дамовы” з Масквой і біў кілішкі пасьля тостаў зь Ельцыным, Кусінэн і Молатаў на поўным сур'ёзе абмяняліся ўрачыстымі прамовамі і падпісалі савецка-фінскую дамову. Цытуем тэкст:

“Мы ўпэўнены, што ў час, калі Чырвоная армія ў гераічных намаганьнях ліквідуе рассаднік ваеннай заразы, утвораны папярэдняй плутакратычнай уладай Фінляндыі на мяжы з Савецкім Саюзам на карысьць капіталістычных дзяржаваў, калі народ Фінляндыі сам утварыў сваю дэмакратычную ўладу, якая на поўніцу карыстаецца народнай падтрымкай, настае час заснаваць добрыя стасункі паміж нашымі дзяржавамі і сумеснымі намаганьнямі абараніць бясьпеку і недатыкальнасьць нашых краін”.

Паводле “дамовы” Фінляндыя саступала Сталіну ўсё, што было выстаўлена Масквой ва ўльтыматуме напарэдадні вайны і нават яшчэ больш. Цікава, што тэрыторыя Фінляндыі “узьядноўвалася” з Савецкай Карэліяй і называлася цяпер Фінскай Народнай Рэспублікай. Па савецкім радыё быў зачытаны тэкст “дамовы”. Потым з прамовай выступіў Кусінэн. Ён паабяцаў раздаць зямлю сялянам, а рабочым паабяцаў 8-гадзінны працоўны дзень. У Маскве падобна ня ведалі, што 8-гадзінны працоўны дзень у Фінляндыі існаваў ужо 25 гадоў, а зямельная рэформа была праведзена яшчэ раней.

Савецкія самалёты раскідалі над Фінляндыяй дзясяткі тысячаў улётак з заклікам: “Ня будзем страляць адзін у аднаго. Павернем зброю супраць нашага агульнага ворага: супраць белагвардзейскай улады Танэра і Манэргейма!”

Кусінэн быў адзіным у марыянэткавым “савецкім урадзе”, пра каго раней нешта было чуваць і каго крыху ведалі людзі ў Фінляндыі. Але высьветлілася, што сталінская хунта спачатку зрабіла іншы выбар “народнага лідара”. Спачатку Масква зьвярнулася да камуністычнага сакратара Арва Туомінэна, які займаўся партыйнымі справамі ў Стакгольме. Ягонае імя ў Фінляндыі ведалі лепш. Але гэта быў хітры ліс. Яму не хацелася падстаўляцца ў рызыкоўнай авантуры. Туомінэн сабраў партыйную ячэйку, заклікаў сяброў дзейнічаць паводле сумленьня і папрасіўся ў адстаўку. Потым ён спаліў партыйную картатэку і хаваўся да канца вайны.

Была нават утворана апэрэтачная “фінская нацыянальная армія” з 6000 савецкіх фінаў і імігрантаў. Усе яе дзеяньні сапраўды выконваліся ў рамках лёгкага жанру. Калі “народны ўрад” Кусінэна атабарыўся ў памежнай вёсцы Тэрыёкі, захопленай саветамі, “лідэра” сустракала экзатычная ганаровая варта. “Гвардзёйцаў” апранулі ва ўніформы часоў Карла ХІІ, пазычаныя ў мясцовым краязнаўчым музэі...

На Лініі Манэргейма

Савецкая прапаганда на ўсе лады распісвала лінію ўмацаваньняў, пабудаваную на Карэльскім перашэйку пад кіраўніцтвам Манэргейма і названую ягоным імем. Яе нават параўноўвалі з знакамітай Ліняй Мажыно. Але фінскім умацаваньням вельмі далёка было да французкага монстра ваеннай інжынэрыі. У маленькай краіны не хапала рэсурсаў для стварэньня такіх шэдэўраў. Большая частка Лініі ўяўляла сабой сістэму траншэяў і земляных умацаваньняў. У некаторых месцах былі доты і дзоты. Але толькі нямногія зь іх мелі вялікую таўшчыню жалеза-бэтону і былі абсталяваны для доўгай абароны. Артылерыі на Лініі было няшмат. У якасьці дадатковага інжынэра выступіў мароз, які скаваў зямлю сваімі халоднымі абдымкамі. Але гэта мела таксама адмоўныя наступствы для абаронцаў. Калі на мёрзлую зямлю падаў снарад, вострыя адламкі зямлі паражалі ўсё вакол разам з мэталічнымі аскелкамі.

Недалёкая будучыня паказала, што Лінія Мажыно не выратавала Францыю. Дэмаралізаваная французкая армія здала яе амаль без бою. Ніхто не хацеў “паміраць за Гданьск”. Ніхто нават не падумаў, што трэба ўжо ваяваць за Парыж. Рашаючым момантам посьпеху фінскай абароны зьявіўся маральны фактар. У адрозьненьні ад французаў, якія не хацелі ваяваць у “дзіўнай вайне” 1939-40 гг., фіны на сваёй недасканалай Лініі паказалі ўсяму сьвету, як трэба абараняць айчыну.

Фінскае кіраўніцтва прадугледжвала, што галоўны ўдар саветы накіруюць ад Ленінграда на Карэльскі перашыек. На працягу лічаных дзён пасьля правалу перамоваў з Масквой і да пачатку агрэсіі ўрад эвакуяваў углыб краіны некалькі тысячаў фінскіх сем'яў, што жылі ў памежнай зоне. У шэрагу мясцовасьцяў людзі, склаўшы ў сані сваю небагатую маёмасьць, самы падпальвалі дамы і гаспадарку — “каб не дасталася маскалям”. Вёскі ў памежнай зоне былі спустошаны агнём, каб акупант ня меў даху над галавой. Жаўнеры расставілі паўсюль міны, нарабілі мінных пастак. “Вызваліцелі” доўга корпаліся на фінскіх дарогах, тыцкаючы штыкамі ў зямлю, каб ачысьціць шлях для танкаў і пяхоты.

На штурм Карэльскага перашыйка саветы кінулі 120 тысячаў людзей, 1000 танкаў і каля 600 гарматаў. Манэргейм вырашыў сустрэць іх не на ўмаваньнях Лініі, а перад ёй, у так званай “буфэрнай зоне” непасрэдна каля савецкай мяжы. 21 тысяча фінскіх вайскоўцаў была разьмешчана ў чатырох баявых групоўках.

З першага дня вайны фіны ня толькі арганізавана супраціўляліся масам савецкага войска. Каля Тэрыёкаў яны чатыры разы контратакавалі ворага, выклікаючы ў савецкіх разгубленасьць і ў некаторых месцах паніку. Потым яны пад самым носам савецкага авангарда ўзарвалі чыгуначны мост, што затрымала прасоўваньне мэханізаваных калёнаў на 10 гадзін, і арганізавана адышлі. Агонь снайпэраў (якія білі ў першую чаргу па афіцэрах і палітработніках) спыняў вялізныя калёны. Міф пра “трыюмфальнае шэсьце-вызваленьне” даў шчаліну з першых гадзін вайны. Але ў Маскве яшчэ ня верылі ў гэтыя першыя злавесныя знакі...

Валеры Буйвал

(Працяг будзе)