ЛУКАШЫЗМ СЬПЯШАЕЦЦА НАНЕСЬЦІ ШКОДУ

posted Nov 25, 2011, 3:51 PM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 25, 2011, 3:52 PM ]
(сцэны з жыцьця пры позьнім лукашызме)

“Рэформа” маразму

У лістападзе раённае і гарадзкое начальства даведалася пра чарговую “вялікую рэформу” лукашызма. “Рэформа” сапраўды вялікая, калі меркаваць па фінансавых лічбах. Цяпер “лядовыя палацы”, якімі так ганарыўся антыбеларускі рэжым, перадаюцца з агульнарэжымнага балансу на баланс мясцовых бюджэтаў. Цяпер без таго бедныя раённыя і гарадзкія бюджэты павінны будуць несьці на сябе цяжар манумэнтальнага маразму.

Гэта тычыцца нават сталіцы. Калізэй пад эфэктнай назвай “Мінск-арэна” толькі за мінулы месяц мае запазычанасьць у 230 тысячаў даляраў — і гэта толькі па выдатках на электрычнасьць! Калі падлічыць усе астатнія выдаткі, лічбы стануць галавакружнымі. У “лядовыя палацы” дыктатуры ніхто ня ходзіць, на каньках не катаецца. Асабліва сёлета, пасьля ўдараў інфляцыі і абрабаваньня рэжымам мільёнаў беларусаў. “Палацы” стаяць пустымі, гніюць, з кожным днём становяцца непрыдатнымі для абслугоўваньня кліентаў і небясьпечнымі для людзей.

Трэба прызнаць, што атрымаўшы “падарунак” ад Лукашэнкі, мясцовае начальства праявіла нештодзённую для яго кемлівасьць. Ужо агучаны пляны: схаваць канькі і растапіць лёд, а ў пустыя прасторы “палацаў” запусьціць гандляроў і арганізаваць там “крытыя рынкі”. Толькі падчас трыбуналу над злачынствамі лукашызму будзе высьветлена, колькі народных грошай было раскрадзена і змарнавана на лукашыстоўскія лядовыя цацкі.

Справы ў “православной організаціі”

Беларускія вернікі і інтэлектуалы ўсхвалявана абмяркоўваюць навіну зь нетраў РПЦ. Стала вядома, што на пачатку года экзарх РПЦ у Беларусі Філарэт зьвярнуўся ў Маскву з прашэньнем надаць званьне сьвятога РПЦ біскупу Сямашку (1789-1868). Сямашка ўславіўся быў тым, што ўзначаліў ліквідацыю нацыянальнай Беларускай Уніяцкай Царквы (“возврашченіе в лоно православія”) у рамках ліквідацыі ўсяго беларускага, наладжанай ў 1830-40-я гады расейскімі акупантамі нашай краіны. Абазнаныя людзі нагадваюць, што нават пры царскім рэжыме ніхто не дадумаўся кананізаваць гэтага арцыздрадніка беларускай нацыі і маскоўскага арцыхалуя. Сярод камэнтароў у Сеціве ёсьць, аднак, і больш спакойныя, разважлівыя. Напрыклад, адзін з камэнтатараў напісаў, што гэта ўсё вельмі добра, бо дае дадатковы матэр'ял для самадэскрыдытацыі РПЦ, у якой на поўным сур'ёзе вядзецца падрыхтоўка да кананізацыі такога монстра, як Іван Жахлівы. Камэнтатар нагадвае, што аўтарытэт РПЦ падае ў самой Расеі, храмы стаяць пустыя: чым далей, тым больш фізіяноміі бацюшак нагадваюць людзям мясьляныя бліны.

Зразумела, што ня сам Філарэт Менскі дадумаўся да гэтага псэўдакананічнага выверту. Ён толькі агучыў імпэрскую задумку сваіх маскоўскіх гаспадароў з РПЦ-ФСБ, якім вельмі важна антынацыянальную прафанацыю ўвесьці ў шэраг “хрысьціянскіх нормаў”. А мы, прызнацца, часам думалі, што маразм і агалцелая антыбеларускасьць ёсьць прыкметамі і станам лукашыстоўскай вертыкалі. А яно, аказваецца, значна шырэй.

Першае месца па дзіцячай сьмяротнасьці

15 лістапада Лукашэнка ашчасьлівіў сваім зваротам лекараў-пэдыятраў, якія сабраліся ў Менск на свой кангрэс. Начальнік рэжыму напісаў, што пэдыятрычная служба ў Беларусі “лепшая ў СНД і набліжаецца да ўзроўню высокаразьвітых краін”. Узурпатар хлусіць, хлусіць нахабна, зрэшты, як заўсёды. Пад антыбеларускай дыктатурай наша акупаваная краіна заняла першае месца ў Эўропе па дзіцячай сьмяротнасьці (гэтага нават не хавае афіцыйная статыстыка).

Сотні тысячаў дзяцей пражываюць у атручаных радыяцыяй раёнах нашай краіны, спажываюць атручаныя прадукты харчаваньня. Гэтыя прадукты рэжым распаўсюджвае па ўсёй тэрыторыі краіны і паступова ўсе беларускія дзеці разам з дарослымі становяцца падвопытнымі істотамі для антычалавечага экспэрымэнту. На жаль, бацькі дзяцей маўчаць і спрабуюць прыстасавацца да гэтага фашызму. У іншых галінах пэдыятрыі становішча ня лепшае. Маці і дзеці, якія пабылі, напрыклад, у менскім дзіцячым шпіталі інфэкцыйных хваробаў, доўга ня могуць прысьці ў сябе ад перажытага.

Хворых дзяцей з маці зьмяшчаюць па некалькі ў адной палаце. У выніку дзеці атрымліваюць цэлы “букет” хваробаў. Большасьць тых, хто выпісваецца з гэтага “шпіталя”, ня ведаюць, які быў першы дыягназ, бо хваробаў атрымана ў гэтым шпіталі некалькі. На правінцыі становішча яшчэ горшае. Занядбаныя будынкі, слаба аблочаная абслуга, нікчэмнае харчаваньне. Па ўсёй краіне людзі ўжо зразумелі, што хварэе ненармальна шмат дзяцей. Пашыраюцца невылечныя і цяжкія хваробы. А шклоўскі ідал ўсё заклікае дзячыць яму за “благосостояніе”.

Эльміра “перагрызе глотку кожнаму за татарскую мову”.

БТ з самай раніцы пачынае сваю русіфікатарскую “місію”. Самазамілаваныя фізіяноміі маладых вядучых з прымітыўнымі “шуточкамі і прібауточкамі” вядуць рэй на забаўляльнай праграме “С добрым утром”. Сьмешна становіцца, калі яны даюць слова ў рэпартажах рэпарцёрам, якія зь месцаў рэпартуюць пра розныя падзеі і тэндэнцыі. Амаль усе з гэтых фігураў камічна, па-правінцыйнаму капіююць павадкі, манеру выказвацца, жэсты рэпарцёраў з расейскіх тэлеканалаў. Мяркуем, што яны не самы дадумаліся да гэтага. Гэта ёсьць іхнае рэдакцыйнае заданьне. Арганізатарам русіфікацыі вельмі важна, каб на тым, што ўмоўна называецца “Беларускім тэлебачаньнем”, ня толькі гучала і сьвяцілася расейшчына, а каб усё было “как в Москве”. Атрымліваецца мізэрна і неяк плюгава. Нібыта адмыслова, каб ніхто не глядзеў.

Такога нізкага інтэлекту, як цяпер, не было на БТ нават у мала творчыя савецкія часы. Пасярод гэтай чужой і звыраднелай плыні часам зьяўляецца невялічкі рэпартаж на беларускай мове, выкананы ад душы і прафэсійна. Напрыклад, маладыя дзяўчаты распавядаюць пра архітэктурныя помнікі Менску. Як ажывае экран, як хораша гучыць беларускае слова! Раніца сапраўды становіцца добрай.

Тым часам у самой расейскай імпэрыі разгортваецца напружаная тэлезмаганьне за сваё і супраць акупанцкага. Нядаўна папулярная журналістка татарскага тэлеканала ТНВ Эльміра Ісрафілава ў жывым эфіры назвала расейцаў, што жывуць у Татарстане, акупантамі. Яна дадала таксама, што “перагрызе глотку кожнаму за татарскую мову”. Эх, як усхадзіліся з гэтай нагоды “дорогіе россіяне”! Яны выставілі пікет каля рэспубліканскай улады, у пракуратуру заяву падалі.

Рэакцыя татараў была адпаведнай. На канфэрэнцыі маладзёвай патрыятычнай арганізацыі Хаўрус татарскай моладзі “Азатлык” (“Воля”) Эльміру Ісрафілаву сустрэлі воплескамі. Яна ў сваю чаргу заявіла, што ад сваіх словаў не адмаўляецца і будзе працаваць у абраным напрамку. Сьледчая Управа па Татарстану зрабіла адмову ва ўзбуджэньні крымінальнай справы ў адносінах да журналісткі. Сьледчы Рустам Хабібулін не знайшоў у дзеяньнях журналісткі складу злачынства. Кіраўніцтва тэлеканалу павысіла Ісрафілаву па службе. Як бачым, у Татарстане мацуецца Татарская салідарнасьць.

Шаленец сказаў, што завязе з Азіі ў Беларусь 20 мільёнаў мігрантаў

У Расеі апошнімі тыднямі праводзяцца паліцэйскія аблавы з мэтай затрымаць і выслаць па-за межы РФ таджыкаў, якія сотнямі тысячаў працуюць там. У Таджыкістане быў асуджаны на турэмнае зьняволеньне расейскі лётчык, які займаўся кантрабандай у вялікіх памерах, і цяпер Масква помсьціць усяму народу гэтай краіны. Вядома, што таджыкі не па сваёй волі пакінулі родны дом і сем'і ды падаліся на заробкі ў Расею. Расейскі нэакаланіялізм рабіў і робіць усё для таго, каб затармазіць эканамічнае разьвіцьцё гэтай краіны, пакінуць яе ў мізэрным стане пэрманэнтнай галечы. Вось людзі і вымушаны выязджаць на тэрыторыю спрадвечнага ворага.

Беларусы раптам даведаліся, што гэтую праблему будуць вырашаць за кошт Беларусі, эканоміка якой таксама знаходзіцца ў стане магутнага крызісу. Кіраўнік міграцыйнай службы Таджыкістана Сафіяло Дзеванаеў заявіў у Душанбэ: “Нам ня трэба баяцца дэпартацыі нашых працоўных мігрантаў з Расеі, бо адкрытая дарога працоўнай міграцыі ў Беларусь. Мы зьбярэм дэпартаваных і накіруем іх у Беларусь”.

Зразумела, што такія дамоўленасьці з правальным дзяржкіраўніцтвам Таджыкістану заключыў Лукашэнка падчас сваіх візытаў у гэтую экзатычную краіну. Пасьля апошняга візыту ён бадзёра выказваўся, што “у Беларусі не хапае насельніцтва і трэба завезьці сюды 20 мільёнаў мігрантаў”. Шаленец і ягоная прамаскоўская хунта пачалі выконваць сваю праграму “вызваленьня Беларусі ад беларусаў”. Нашы работнікі тысячамі выязджаюць у Расею з разбуранай беларускай эканомікі. А Масква праз ракіроўку з прамаскоўскім рэжымам у Душанбэ выпампоўвае ў Беларусь масу чужых людзей, якія маюць вельмі нізкую працоўную кваліфікацыю. Шалёная антынародная палітыка. Такое ўражаньне, што дыктатура перад сваім канцом сьпяшаецца, імкнецца нанесьці нашаму народу як мага больш шкоды.

Янка Базыль