ЯК ФІНСКІ НАРОД БАРАНІЎСЯ АД МАСКВЫ

posted Nov 25, 2011, 3:53 PM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 25, 2011, 3:53 PM ]
(частка 3)

Аднак падзеі складваліся ня простыя. Сілы абаронцаў і агрэсараў былі надта няроўныя. Фінскія афіцэры тлумачылі жаўнерам, што такое ёсьць танкавая атака, імкнуліся псіхалагічна падрыхтаваць іх да гэтага стрэсу. Але на практыцы ўсё было настолькі жудасным, што многія не вытрымлівалі першай сустрэчы з бранетэхнікай. Саветы выкарыстоўвалі прымітыўную тактыку: гналі масы танкаў напралом, падобна як кавалерыю. У некаторых месцах фіны пакінулі свае пазыцыі і пачалі адступаць. Манэргейм раз'юшыўся і загадаў прыняць самыя суровыя захады для навядзеньня дысцыпліны. У генштаб паступілі зьвесткі (яны потым аказаліся фальшывымі), што танкі зрабілі шырокі пралом у баявых парадках перад Лініяй у раёне Сума, а таксама замацаваліся на беразе Балтыкі. Быў аддадзены пасьпешлівы загад адвесьці назад войскі і выпрастаць фронт. З-за гэтай памылкі фіны аддалі частку тэрыторыі без бою. Генэралы пераканалі Манэргейма не прадпрыймаць контрнаступу, каб вярнуць страчаную тэрыторыю. Фінскія жаўнеры былі надта стомленыя і агаломшаныя першымі баямі. Маршал пагадзіўся з штабнікамі.

І ўсё ж катастрофы, на якую спадзяваліся маскоўскія стратэгі, не адбылося. Ужо 4 сьнежня фіны ачунялі ад першага стрэсу і пачалі распрацоўваць тактыку барацьбы з танкамі. На пачатку вайны саветы зусім не наладжвалі ўзаемадзеяньне танкавых частак і пяхоты. Гэтым пакарысталіся абаронцы. Былі ўтвораны адмысловыя групы зьнішчальнікаў танкаў. Хаця страты ў гэтых аддзелах былі вельмі высокія, да 70%, дабраахвотнікаў заўсёды было больш, чым трэба.

Фіны ўспрынялі досьвед байцоў грамадзянскай вайны ў Іспаніі і пачалі падпальваць танкі “кактэйлямі Молатава” — кідаючы на браню пляшкі з гаручай сумесьсю. Дзяржаўная алкагольная ўправа тэрмінова прыслала з Гэльсінак на фронт 40000 пустых пляшак. Сьмялейшыя жаўнеры падбіраліся блізка да танкаў і кідалі ў колы бярвеньні, якія застравалі ў гусеніцах і спынялі тэхніку. Крыху пазьней пачалося зьнішчэньне танкаў пакетамі з магутным выбуховым зарадам. Паўсюль запалалі заўчора яшчэ непераможныя танкі. У памежных баях фіны зьнішчылі 80 савецкіх монстраў. Нідзе саветам не ўдалося зрабіць прарыў фронту. А яны разьлічвалі на гэта, уражаныя танкавымі прарывамі немцаў у нядаўняй агрэсіі супраць Польшчы.

Уноч з 5 на 6 сьнежня фіны зрабілі шэраг імклівых вылазак на ўсім Карэльскім перашэйку. Жаўнеры ўдарылі па савецкіх авангардах, якія надта высунуліся перад асноўнай масай войскаў, нанесьлі ім вялікія страты і затрымалі прасоўваньне ворага. Гэтым контрударам быў забясьпечаны адвод ўсіх фінскіх войскаў на Лінію Манэргейма.

І тады пачалося тое, чаго ў такіх маштабах эўрапейскія народы яшчэ ня бачылі ў сучаснай вайне. Штодня на сьвітанку саветы кідалі на Лінію сотні танкаў, а за імі дзесяткі тысячаў людзей. Лабавыя атакі паўтараліся на працягу ўсяго дня. Масква імкнулася проста раздушыць фінаў колькаснай перавагай і на працягу сьнежня нават не спрабавала скарэктаваць сваю тупую тактыку. Пад шквальным агнём абаронцаў наступаючыя несьлі каласальныя страты. Фінскія кулямётчыкі падпускалі атакуючых мэтраў на 50 і адкрывалі зьнішчальны агонь. Яны сотнямі касілі атакуючых, псіхіка не вытрымлівала жудаснай нагрузкі. Праз тыдзень крывавай працы іх трэба было перасоўваць у тыл на псіхалагічную рэабілітацыю. Толькі ў савецкага генштаба з псіхікай “усё было нармальна”. Зноў і зноў, да самай цемры генэралы кідалі наперад людскія масы, якія беглі па трупах палеглых. Фінам стала вядома, што многія жаўнеры і афіцэры адмаўляюцца ісьці на верную гібель. З Ленінграда прыбылі атрады НКВД, пачаліся ваенна-палявыя трыбуналы і расстрэлы.

Імпэт першых дзён агрэсіі зьмяніўся тактычнай пасіўнасьцю. Нават калі саветам удавалася захапіць пэўны ўчастак тэрыторыі, то надвячоркам яны адыходзілі на 2-3 кілёмэтры назад і ўмацоўваліся на ноч (каб раніцай пачаць усё з пачатку). Так паводзяць сябе войскі, якія ня хочуць ваяваць і ня бачаць сэнсу змаганьня. Фіны заўсёды выходзілі на поле перад пазыцыямі, каб сабраць пакінутую зброю і баепрыпасы, а таксама пашукаць ў забітых дакумэнты, якія могуць спатрэбіцца фінскай выведцы. Аднак, Манэргейм быў незадаволены. Ён патрабаваў ад камандзёраў, каб тыя пераходзілі да больш агрэсіўнай тактыкі і арганізоўвалі начныя вылазкі ды білі па савецкіх, што на сваіх пазыцыях грэліся каля вогнішчаў. Але падначаленыя дакладвалі маршалу, што на фронт яшчэ не дастаўлена дастатковай колькасьці сігнальных ракетаў і пражэктараў. Бязь іх немагчыма было эфэктыўна дзейнічаць у цёмную паўночную ноч. Тактыка начных атакаў напоўніцу будзе рэалізавана пазьней.

З 6 па 12 сьнежня Масква з асаблівай зацятасьцю атакавала правы фланг Лініі ў раёне рыбацкай вёсачкі Тайпале, імкнучыся менавіта ў гэтым месцы прарваць фінскую абарону. На гэтым участку саветы засяродзілі 57 артылерыйскіх батарэй, якія штодня па 3-4 гадзіны вялі артпадрыхтоўку перад атакамі сухапутных войскаў. Фіны здолелі выставіць супраць гэтай агнявой моцы толькі дзевяць батарэй. Але камандваньне адэкватна ацаніла сытуацыю і прадугледзела напрамак савецкага наступу — па роўнядзі каля Коўкуньніемі. І калі савецкія масы пабеглі ў атаку, іх накрыў прыцэльны артылерыйскі агонь. Страты былі жудасныя. Калі парэшткі савецкай пяхоты ўбачылі, што фіны падымаюцца ў контратаку, яны панічна пабеглі назад. 14 сьнежня пасьля магутнай бамбардоўкі і артабстрэлу саветы кінулі наперад 30 танкаў з пяхотай. Фінская артылерыя не страляла, бо атрымала загад не марнаваць снарады ў артылерыйскіх дуэлях. Танкі стралялі па пазыцыях і імчаліся наперад. Фінская пяхота захвалявалася. Расьлі страты, а артылерыя маўчала. Але калі танкі дасягнулі вызначаную раней карэктыроўшчыкамі агню лінію, ударылі фінскія гарматы. Снарады выбухнулі ў гушчы савецкага наступу. Праз пяць хвілін на полі засталіся 18 спаленых танкаў і да 400 забітых пехацінцаў.

6 сьнежня саветы пачыналі наступ на ўчастку Тайпале сіламі адной дывізіі, потым дадалі яшчэ адну, потым трэцюю. Перад Калядамі на гэтым участку фронта наступалі ўжо чатыры дывізіі. Фіны не маглі паслаць туды дадаткова ніводнага чалавека, ніводнай гарматы...

Але, падсоўваючы на фронт рэзэрвы, саветы таксама моцна рызыкавалі. Так, ім удалося захапіць невялікі плацдарм у раёне Кэлья. Калі фіны атакавалі плацдарм, яны раптам ўбачылі, як па лёдзе затокі ў бок плацдарма накіроўваецца савецкі полк. Тут адбыўся першы вялікі рукапашны бой вайны. На плацдарме і на скрываўленым лёдзе затокі абаронцы налічылі 2 тысячы савецкіх трупаў. Маскоўскія генэралы павінны былі б ведаць, што ва ўсіх скандынаўскіх мовах ёсьць прымаўкі: “Злы, як фін”, “Люты, як фін”. Кожны фінскі пехацінец па-майстэрску дзейнічаў нажом, які расейцы здаўна называлі “фінкай”...

У сэктары Сума (які называлі “брамай Віпуры”, менавіта тут праз два месяцы Лінія будзе ўрэшце прабіта саветамі) масіраваны савецкі наступ пачаўся 17 сьнежня з 5-гадзіннай бамбардоўкі 200 самалётаў і артылерыскага абстрэлу. Савецкія сапёры пад прыкрыцьцём артабстрэлу падпаўзьлі да бэтонных супрацьтанкавых загароджаў, замінавалі і ўзарвалі іх. Калі пачалася наземная атака, танкі праехалі праз гэтыя брэшы і ўварваліся ў сістэму фінскіх траншэй. Абаронцы былі гатовыя да гэтага. Войскам было загадана не адступаць, а застацца на пазыцыях, прапуськаць танкі і зьнішчаць пяхоту. Страты былі вялікія. Але тактыка спрацавала. Саветы зусім не падрыхтавалі ўзаемадзеяньня паміж пяхотай і танкамі, якія наступалі бязладнай масай. Танкі праходзілі праз фінскія траншэі, займалі тэрыторыю па-за імі і бессэнсоўна круціліся па ёй, чакаючы, пакуль падыйдзе пяхота. А пяхоту ўжо ліквідавалі фінскія абаронцы. Не дачакаўшыся пехацінцаў, танкі ўцякалі назад праз тыя ж брэшы ў бэтонных загароджах. У некаторых выпадках яны займалі кругавую абарону на захопленым участку і заставаліся там да заўтрашняй савецкай атакі. Але ўначы да іх падбіраліся фінскія супрацьтанкавыя групы... Да самай раніцы начную цемру разрывала вогнішча ад дзесяткаў зьнішчаных машын, выбухалі баекамплекты снарадаў.

Вялікія цяжкасьці ў фінаў узьніклі з сувязьзю. Тэлефонныя драты падчас бою разрывалі савецкія снарады. Радыёперадатчыкі былі прымітыўныя нават паводле тагачаснага тэхнічнага ўзроўню. Лямпы замярзалі на марозе, апараты ламаліся пры ўдарах. Да таго ж ня ўсім радыстам сваечасова перадалі коды і яны вымушаны былі перадаваць паведамленьні адкрытым тэкстам. Чырвоныя актыўна вялі падслухоўваньне эфіру, мабілізаваўшы ўсіх сваіх спэцоў і савецкіх грамадзянаў, якія разумелі фінскую мову. Тады радысты ўжылі імправізацыю. Яны пачалі весьці перамовы па-швэдску, а таксама на фінскіх рэгіянальных дыялектах, ужываючы да таго ж розныя сацыяльныя слэнгі. Савецкія перакладчыкі шалелі ад адчаю. Прыстаўленыя да іх афіцэры НКВД трэсьлі над іхнымі галовамі маўзэрамі і мацюкаліся.

19 сьнежня ў сэктары Сума ў танкавых калёнах наступалі цяжкія савецкія танкі КВ (“Клімент Ворошілов”, названыя ў гонар вядомага коньніка, тагачаснага наркама абароны СССР). Яны ўварваліся на вузкія вуліцы мястэчка Сума. Тады фінскія жаўнеры пачалі проста з дахаў дамоў скакаць на жалезных монстраў і страляць з аўтаматаў у амбразуры. Некаторым сьмельчакам удавалася адкрыць люк і кінуць туды гранаты. Градам сыпаліся “кактэйлі Молатава”. На наступны дзень гэтая бойня скончылася. На месцы бою застылі 58 спаленых “кліментаў-варашылавых” і іншых мадэляў. Агулам за тры тыдні баёў у гэтым сэктары Масква страціла каля 250 танкаў. Камандзёр адной з танкавых брыгадаў прышоў здавацца да фінаў, бо баяўся, што яго расстраляюць за праваленую апэрацыю.

Напярэдадні Калядаў стала зразумелым, што першы наступ на Лінію Манэргейма скончыўся катастрафічнай паразай. Толькі на ўчастках Тайпале і Сума саветы кінулі на фінскія пазыцыі сем пяхотных дывізій і дзьве бранетанкавых брыгады. Іх падтрымлівалі 500 гармат і да тысячы самалётаў. 3/5 танкаў былі зьнішчаны абаронцамі. У сьнезе ляжалі тысячы трупаў савецкіх пехацінцаў. Манэргейм назваў лабавыя атакі Масквы “праявай незразумелага эўрапейцам фаталізма”. Уражаныя фіны назіралі, як саветы заганялі цэлыя палкі на мінныя палі і такім чынам “расчышчалі” прастору для наступных атакаў. Камісары прымушалі людзей ісьці наперад узяўшыся за рукі і сьпяваць камуністычныя гімны. У лістах, што фіны знаходзілі ў кішэнях забітых, адлюстравалася цяжкое становішча на савецкім фронце. Жаўнеры пісалі сваім сем'ям пра тое, што па два дні не даюць есьці, пра шматлікіх абмарожаных і хворых. Пра тое ж распавядалі фінам агаломшаныя, згаладнелыя палонныя. Камандваньне гарантавала жаўнерам, што Лінія будзе прарвана да 21 сьнежня, дня народзінаў Сталіна. Але ніхто ўжо ня верыў гэтай прапагандзе.

Фіны, безумоўна, радваліся сваёй першай перамозе. Але ў штабах ішла напружаная праца, вяліся дыскусіі, выпрацоўваліся стратэгічныя і тактычныя пляны далейшага змаганьня. Штабнікі з трывогай думалі над тым, а што будзе, калі Масква пачне выкарыстоўваць танкавыя часткі больш прафэсійна?

У Маскве, аднак, неяк забыліся, што Манэргейм па сваім тэмпэрамэнце быў генэралам наступу, атакі. Яшчэ да пачатку ваенных дзеяньняў ён прадумаў і распрацаваў у агульных рысах праект вялікай наступальнай (дакладней, контрнаступальнай) апэрацыі. Савецкія стратэгі ніяк не чакалі такога абароту справы. Яны, як памятаем, рыхтаваліся да сталінскага бліц-крыгу. Калі 20-21 сьнежня стала зразумела, што наступ чырвоных праваліўся, а іхныя войскі стомлены і аслаблены стратамі, Манэргейм аддаў загад на рэалізацыю свайго праекта. 22 сьнежня перад часткамі былі пастаўлены тактычныя задачы. Да пачатку апэрацыі заставалася ўсяго 18 гадзін.

Меркавалася наладзіць саветам нешта падобнае на разгром рымскага войска карфагенцамі Ганібала пры Канах. З флангаў Лініі павінны былі ўдарыць магутнымі клінамі сканцэнтраваныя войскі, прабіць баявыя парадкі савецкіх, ахапіць іх і заціснуць у вялікі “кацёл” усё тое, што саветы перавялі праз мяжу для штурму Лініі. У прынцыпе такая апэрацыя магла б цалкам удасца, калі б у фінаў было нашмат больш артылерыі і сьвежых войскаў. І момант быў абраны адэкватна: Масква зусім не чакала контрудару.

Але артылерыі было надта мала. Калі пяхотныя палкі прасілі артылерыйскага падмацаваньня падчас наступу, артылерысты разводзілі рукамі і тлумачылі, што іхныя снарады не далятаюць на такой адлегласьці (шмат было састарэлых мадэляў гармат). Фінскія часткі таксама былі стомленыя баямі. Некаторыя з тых, што павінны былі рыхтавацца да наступу, яшчэ адбівалі апошнія савецкія атакі.

23 сьнежня а 6.30 фіны зрабілі 10-хвілінную артпадрыхтоўку і пачалі наступ. Умовы былі вельмі цяжкія. Уначы распачалася сьнежная навальніца, тэмпэратура ўпала да мінус 30 градусаў. Слабая сістэма фінскай сувязі ня вытрымала нагрузкі дынамічных дзеяньняў. Ужо праз дзьве гадзіны генэрал Эквіст, які камандваў наступам, згубіў сувязь з многімі часткамі.

Агульнага прарыву на флангах не атрымалася. Некаторыя часткі прарваліся на глыбіню да двух кілёмэтраў і ўбачылі нічым не прыкрытыя савецкія штабы, канцэнтрацыі тэхнікі і склады. Але не было артылерыі, якая магла б зьнішчыць гэтыя варожыя масы. У некаторых месцах саветы ахапіла паніка ад нечаканага ўдару і яны пабеглі ў бок мяжы. Але ў іншых сэктарах жаўнеры пасьпелі закапацца ў сьнег і адчайна адбіваліся ад фінаў. Некаторыя з наступаючых частак патрапілі пад моцны артылерыйскі агонь, які карэктаваўся з аэрастатаў, недасягальных для фінскай зброі.

Беспарадачны бой працягваўся амаль суткі. А 3.00 24 сьнежня фінскі генштаб зразумеў, што “катла” не атрымаецца, і аддаў загад на агульнае адступленьне войскаў на зыходную пазыцыю. Але многія камандзёры пад сваю адказнасьць ужо раней аддалі гэты загад сваім часткам, бачачы іх адчайнае становішча.

Некаторыя мэмуарысты і бальшыня гісторыкаў Зімовай вайны называюць гэтую апэрацыю “шаленствам”, “амаль катастрофай”, “абсурдам”. Фіны панесьлі вялікія страты — паўтары тысячы чалавек. Задачы наступу не былі выкананы.

Але мы мяркуем, што Манэргейм і ягоныя аднадумцы не заслужылі такой крытыкі. Гэтак усю абарончую вайну фінскага народу можна назваць “суцэльным абсурдам”. А можа трэба было саступіць агрэсарам, дамовіцца зь імі, запрасіць тав. Кусінэна на паседжаньне Сэнату і выслухаць ягоныя меркаваньні?.. На працягу ўсяе вайны фіны абвяргалі правілы “здаровага сэнсу”, акадэмічныя стэрэатыпы і класічныя канцэпцыі. І справа ня толькі ў тэмпэрамэнце Манэргейма. Таленавіты палкаводзец добра разумеў, што бесперапынная стратэгічная пазыцыйная абарона адмоўна ўплывае на армію і аказвае пэўны ўплыў на ўсё грамадзтва. Пра гэта сьведчыў увесь цяжкі досьвед І Сусьветнай вайны. На самым пачатку вайны галоўнакамандуючаму надзвычай важна было ня толькі ўмацаваць агульны фронт абароны, але і пераадолець пасіўнасьць і фаталізм.

Саветы павінны былі зразумець, што нават калі ім удасца прарваць Лінію Манэргейма, фіны не перастануць біцца за сваю свабоду. Контрнаступ, — нечаканы і раптоўны, — ламаў усе пляны маскоўскіх стратэгаў. І самае галоўнае, пазьней фіны не адмовіліся ад тактыкі атачэньня і зьнішчэньня ворага ў “катлах”. Толькі ад буйнамаштабнага агульнага “катла” яны перайшлі да больш лакальных апэрацый, у выніку якіх атачалі і грамілі паасобныя савецкія дывізіі.

Ахвяры сьнежаньскага контрнаступу не былі дарэмнымі, гэта даказваюць усе наступныя падзеі.

Талваерві і Кола

Першы тыдзень баявых дзеяньняў ставіў перад Манэргеймам цяжкія задачы. Абсалютная бальшыня малодшых афіцэраў палявых частак была мабілізавана з рэзэрваў, з цывільнага жыцьця. Яны ўпершыню апынуліся пад агнём і танкавай навалай саветаў. Ці здолеюць яны вытрымаць гэты першы шок і паказаць прыклад сваім падначаленым, бальшыня зь якіх таксама былі рэзэрвістамі? Стратэгічнай задачай была таксама неабходнасьць утварыць цэльны фронт, кантралюемы з цэнтру і забясьпечаны ўсім неабходным для вядзеньня вайны. Генштаб працаваў не марнуючы часу, арганізоўваючы разам з урадавымі структурамі дзеяньні арміі і грамадзтва. Манэргейм разумеў, што кліны расейскага наступу на цэнтральным участку фронту былі небясьпечнымі. Але там наступ адбываўся даволі павольна, фінскія часткі мелі час на перагрупоўку і падрыхтоўку абароны.

Неадкладная небясьпека ўзьнікла з першых дзён вайны ў Карэліі, на поўнач ад Ладажскага возера, дзе савецкія дывізіі прарываліся па дарозе, што вяла да мястэчка Талваерві. З гэтага ўчастку паступалі вельмі трывожныя паведамленьні. Фінскія часткі ня вытрымалі навалы 155-й савецкай ударнай дывізіі і адступалі да вельмі важнага вузла дарог каля Іламантсі. З поўдню наступала 139-я савецкая дывізія. Яны маглі захапіць стратэгічна важную чыгунку і ўтварыць пагрозу для тылоў Лініі Манэргейма.

Удары саветаў былі настолькі магутнымі, што фінскі штаб на цэлыя суткі згубіў сувязь з сваімі часткамі. Камандзёр гэтага ўчастку палкоўнік Рэсэнэн вымушаны быў накіравацца на перадавую і некалькі дзён знаходзіўся на пазыцыях разам з жаўнерамі, даючы ім прыклад асабістай мужнасьці. Фінскія часткі групы “R” (ад першай літары прозьвішча камандзёра) панесьлі вялікія страты і практычна ня мелі артылерыйскай падтрымкі. Але яны рабілі ўсё, што маглі, каб стрымаць ворага. Напрыклад, па дарозе на Колу адзін разьлік з буйнакалібэрным кулямётам “Лахці” на некалькі гадзінаў спыніцў вялізную калону саветаў, якія заляглі ў сьнег і не падымалі галавы, думаючы, што сутыкнуліся зь вялікімі сіламі.

Саветы імкнуліся як мага хутчэй ліквідаваць малалікую групу “R” (каля 4 тысячаў чалавек), але тая арганізавана адступала і не дазваляла сябе зьнішчыць. Генштаб накіраваў на гэты ўчастак падмацаваньні пад назовам “асобны 112-ты батальён”. Камандваньне групы сустрэла гэтую адзінку з непрыхаваным недаверам і іроніяй. Батальён быў сфармаваны падчас апошняй мабілізацыі з рэзэрвістаў, не прайшоў ніякага навучаньня і быў кепска экіпіраваны.

3 сьнежня на загад Манэргейма група “R” пачала контрнаступ. Саветы не чакалі такога імпэту і пачалі беспарадачна адыходзіць. Але надвячоркам да месца прарыву падышлі савецкія танкі і паўстала пагроза поўнага атачэньня і зьнішчэньня наступаючай групы. Фронт выратаваў 112-ты батальён, які атакаваў савецкія часткі і прымусіў іх хавацца ў лесе. Але на наступны дзень фіны працягнулі арганізаванае адступленьне. Манэргейм загадаў ім выкарыстаць рэльеф мясцовасьці і арганізаваць лінію абароны каля Эглеерві. Стомленыя жаўнеры ледзь трымаліся на нагах, але капалі траншэі да раніцы 5 сьнежня. Аднак, слабы фінскі авангард быў хутка разгромлены савецкім наступам. Палкоўнік Рэсэнэн аддаў загад працягнуць адступленьне, каб выратаваць людзей. Прыкрываць адступаючыя часткі было даручана 112-му асобнаму батальёну, зь якога ўжо ніхто не кпіў. На працягу ўсяе вайны 112-ты кідалі на самыя цяжкія ўчасткі фронту, дзе паўставала адчайнае становішча.

Стратэгічная ініцыятыва была ў расейскіх руках, змардаваныя фінскія часткі адступалі, але Манэргейм глядзеў на карту і выказваў парадаксальныя меркаваньні сваім штабнікам. Маршал убачыў, што расейскія дывізіі наступаюць у Карэліі шчыльнымі калонамі пасярод сьнежных гурбаў і густых лясоў...

Валеры Буйвал

(працяг будзе)