МІЛІЦЭЙСКІ НАПАД НА КАВАЛЕНКУ

posted Nov 26, 2011, 9:54 AM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 26, 2011, 9:54 AM ]
Антыбеларускі рэжым па-свойму адзначыў 15-я ўгодкі антыканстытуцыйнага путча, арганізаванага Лукашэнкам 24 лістапада 1996 года. Тады з дапамогай маскоўскіх начальнікаў Чарнамырдзіна і іншых, якія тэрмінова прыбылі ў Менск ратаваць Лукашэнку ад імпічманту, аўтакратар разагнаў Вярхоўны Савет Беларусі, паламаў Канстытуцыю і ўсталяваў у краіне прамаскоўскую дыктатуру.

24 лістапада 2011 года а 20.05 у кватэру Сяргея Каваленкі ўварваўся міліцэйскі нарад і прымусіў яго ісьці зь імі. На пытаньні сп. Каваленкі, ягонай жонкі і маці куды яго накіроўваюць, міліцыя адмовілася даваць адказ. Міліцыя склала пратакол “аб правапарушэньні”, але адмовілася азнаёміць з пратаколам сп. Каваленку і ягоную сям'ю. Сп. Каваленку зьвезьлі з дому ў невядомым накірунку. Сям'я ня ведае, дзе ён знаходзіцца.

Сяргей Каваленка — сябра Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Ён пасьлядоўна і мужна змагаецца за беларушчыну і незалежнасьць нашай краіны. Уся Беларусь даведалася імя патрыёта, калі ён зьдзейсьніў свой подзьвіг на пачатку 2010 года — узьняў над галоўнай каляднай ялінай Віцебска сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. З таго часу рэжым узмацніў рэпрэсіі супраць сп. Каваленкі. Яго неаднаразова арыштоўвалі і кідалі за краты, арганізоўвалі супраць яго паліцэйскія і гэбоўскія правакацыі. Але рэжым ня здолеў зламаць патрыёта-фронтаўца.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

24 лістапада 2011 г.