АБ СУПРОЦЬДЗЕЯНЬНІ АНТЫБЕЛАРУСКАЙ ПАЛІТЫЦЫ

posted Dec 2, 2011, 8:12 PM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 2, 2011, 8:13 PM ]
(зварот)

Падпісаньне ў Маскве чарговых пагадненьняў з Расеяй аб “Эўра-Азіяцкай эканамічнай інтэграцыі”, і дагавору аб “Эўразійскай эканамічнай камісіі”, якая паклікана ствараць “Эўразійскі эканамічны саюз Расеі, Казахстана і Беларусі”, — усё гэта ня можа быць прызнана беларускім народам і міжнароднай супольнасьцю ў якасьці праўных дакумантаў. Пуцінская Расея ў каторы раз плянуе пашырэньне сваёй імпэрыі коштам Беларусі.

Зь беларускага боку дакуманты былі падпісаны кіраўніком улады, якая ні ў якой форме не кантралюецца народам Беларусі і не выяўляе яго інтарэсаў. Гэтая ўлада ў асобе А. Лукашэнкі зьяўляецца нелігетымнай і незаконнай, не прызнаная беларусамі і міжнароднай супольнасьцю. Міжнародныя дакуманты, падпісаныя такой уладай, не павінны мець праўнай сілы.

Самавольныя дзеяньні Лукашэнкі, накіраваныя на падрыў суверэнітэту Беларусі, такія, як ліквідацыя дзяржаўнай мяжы з Расеяй, заключэньне дамовы аб так званай “саюзнай дзяржаве”, падпісаньне пагадненьня аб мытным саюзе з Расеяй і Казахстанам, цяпер — падпісаньне дакумантаў аб Эўразійскай эканамічнай інтэграцыі, плянаваньне ўвядзеньня расейскіх грошай і расейскіх атамных ракет у Беларусь — усё гэта ёсьць чыннасьці дзяржаўнай здрады, якія супярэчаць Канстытуцыі і маюць адпаведную праўную кваліфікацыю.

Прычына такіх паводзінаў Лукашэнкі — імкненьне схавацца ад адказнасьці за развал нацыянальнай эканомікі, фінансаў, адукацыі і культуры, страх страціць уладу і спадзяваньне скарыстаць чужую вайсковую сілу ў змаганьні супроць народа.

Мы заклікаем беларускае грамадзтва і міжнародную супольнасьць не прызнаваць за законныя і сапраўдныя пагадненьні, падпісаныя нелегітымным кіраўніком улады ў Беларусі. Мы зьвяртаемся да ўсіх грамадзянаў Беларусі, да ўсіх арганізацыяў і ўстановаў супроцьдзейнічаць гэтай антынацыянальнай палітыцы ўсімі магчымымі законнымі спосабамі.

Мы заклікаем рыхтавацца да грамадзкіх пераменаў, вынікам якіх стане новае нацыянальна адданае дэмакратычнае кіраўніцтва Беларусі і новы вольны незалежны шлях у культурным і эканамічным разьвіцьці нашай краіны.

Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
Зянон ПАЗЬНЯК
Юры БЕЛЕНЬКІ
Сяргей ПАПКОЎ

23 лістапада 2011 г.