У МАСКВЕ ЗАГАВАРЫЛІ ПРА БАЙКОТ

posted Dec 11, 2011, 6:42 AM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 11, 2011, 6:43 AM ]
І да і пасьля выбарчага фарсу, які разгарнуўся ў Расеі, беларусы ўбачылі шмат чаго ўжо ўбачанага на лукашысцкіх “выбарах”. Спачатку было амаль татальнае гуканьне псэўдаапазыцыі (“русской демократіі”), каб усе ішлі на выбары і “аддалі свой голас”. Многія схадзілі і аддалі...

Цяпер вядома, што гэбоўска-крамлёўская структура наладзіла на “выбарах” татальную фальсіфікацыю. “Русская демократія” і значная частка публікі расчараваная, раздражнёная і пачуваецца, як апляваная. На заклік гэтай псэўдаапазыцыі падманутыя людзі (у асноўным моладзь), якім абрыдла гэбня, зьбіраюцца на вялікай плошчы ў Маскве. Учорашнія гукальшчыкі “ісьці і аддаць свой голас” цяпер гукаюць з трыбун, што “гэта былі ня выбары, а фарс”. Каяцца перад народам за сваё фактычнае супрацоўніцтва з гэбоўскім рэжымам яны не зьбіраюцца. Нехта з натоўпу крычыць: “Пайшлі на Лубянку!” Але кіраўнікі псэўдаапазыцыі ня хочуць весьці туды тысячы пратэстуючых. Замест гэтага “нехта” арганізоўвае шэсьце на ЦВК. А там ужо чакаюць шыхты амонаў і спэцназаў з падрыхтаванымі аўтазакамі. Больш таго, як піша цяпер расейскае Сеціва, “нехта завёў моладзь у вузкія завулкі і там пачаўся хапун”. Якое ўсё знаёмае!

Гэбоўскі рэжым дэманструе свой зьвярыны лыч. І псэўдаапазыцыя яму ў гэтым вельмі дапамагае.

Зазначым, што ніхто з запісных псэўдаапазыцыйных гукальшчыкаў ані словам не азваўся пра неабходнасьць усенароднага байкоту пуцінскіх псэўдавыбараў. Усе яны маўчаць як вады ў рот набраўшы. Бальшыня элітных асобаў з сьвету культуры і навукі таксама маўчыць. І гэтае нам вельмі знаёмае.

Але вось прагучаў самотны голас папулярнага пісьменьніка Барыса Акуніна (псэўданім Рыгора Шалвавіча Чхарцішвілі). І ягоная аргумэнтацыя нам знаёмая (хаця яна не так добра ўгрунтаваная, як пазыцыя Народнага Байкоту, распрацаваная Беларускім Народным Фронтам “Адраджэньне” і ягоным лідэрам Зянонам Пазьняком). Але важна, што такі голас ужо прагучаў.

Што да першых рэакцый на зварот Акуніна, то і тут мы бачым падабенства. Пачытайце камэнтары: лаканічныя, зразумелыя словы падтрымкі і, з другога боку, слоўнае віхляньне наконт таго, што “на выбары хадзіць трэба”.

Мы ведаем, што будзе далей. Маскоўскія адпаведнікі менскіх лебедько-марголіных-рымашэўскіх-калякіных праз кароткі час пачнуць утвараць кааліцыйныя “шасьцёркі”, каб павесьці людзей на пуцінскія прэзыдэнцкія псэўдавыбары. Вельмі важна, каб людзі і ў Маскве і ў Беларусі абсьвісталі гэтую апазыц-кампанію, якая прадалася рэжыму сто разоў. Бо сапраўды, галоўны рэжымны цырк чакае нас усіх наперадзе. Людзі ўрэшце павінны разабрацца, што іх цынічна падманваюць, і перакуліць Народным Байкотам жульніцкае шапіто.

Публікуем Зварот Барыса Акуніна, зьмешчаны на ягоным блогу.

Янка Базыль


Пачынаецца цікавае

Мне спадабаліся вынікі выбараў.

Па-першае, “партыя жулікаў і злодзеяў” нават паводле афіцыйных дадзеных не далічылася 12 мільёнаў галасоў (у параўнаньні з 2007 г.) — нягледзячы на мухлёж і з агітацыяй, і з галасаваньнем, і з падлікамі. Па-другое, бессаромнасьць гэтага мухляжу моцна папоўніла шэрагі прыхільнікаў нармальнай грамадзянскай супольнасьці.

Ну хто з людзей, што жывуць у Маскве, паверыць, што за “Едіную Россію” у нашым горадзе прагаласавала 46%. У нас гэтую партыю падтрымліваюць толькі самы “жулікі” ды іхная абслуга, а гэта зусім іншыя лічбы.

Бальшыня з вас жыве ў Маскве. Якое адчуваньне ад выбараў было ў вас?

Вынік апытаньня і адказаў 11029 чалавек:
Лічу, што выбары былі справядлівымі: 339 (3,1%).
Лічу, што нас падманулі: 10642 (96,(%).

Галоўны цырк нас чакае наперадзе. Цяпер на авансцэну выйдзе кандыдат у пажыцьцёвыя кіраўнікі. Усе тухлыя памідоры палятуць не ў бутафорскую партыю, а асабіста ў яго, роднага і любімага. Тры месяцы тупыя падхалімы з пуцінскага атачэньня будуць стымуляваць у насельніцтва ваніты сваёй прапагандай. А расплочвацца яму, бедалагу.

Ён будзе езьдзіць па краіне, сустракацца з выбаршчыкамі. Пасьвісьціце яму, ён гэта любіць.

І пазайздросьціце маскоўцам. У нас ёсьць цудоўная магчымасьць дудзець ва ўсе клаксоны, калі нацлідар будзе імчацца паўз спаралізаваныя аўтамабільныя плыні. Ду-ду, Уладзімір Уладзіміравіч. Чуеце нашы галасы? І няхай потым прэс-сакратар патлумачыць, што гэта былі гукі народнага захапленьня.

З нагоды прэзыдэнцкіх выбараў, я думаю, нам паміж сабой спрачацца ня прыйдзецца. Зразумелая справа: байкот.

Каб уся краіна была завешана агітацыйнымі плакатамі, а на ўчастках — пустата. Толькі чаўночаць аўтобусы з “карусельшчыкамі” ды цягнуцца з-пад палкі казённыя нявольнікі, якія ненавідзяць за гэтую зьнявагу асабіста Уладзіміра Уладзіміравіча.

І назіральнікаў ад апазыцыйных партый ня трэба. Няхай “жулікі” ссыпаюць бюлетэні хоць самазвалам. Усяроўна ніякія гэта ня выбары, ніякі гэта ні прэзыдэнт.

Хачу зьвярнуцца да падтанцоўшчыкаў, якія традыцыйна надаюць гэтаму надзьмуваньню добрапрыстойнасьць.

Рыгор Аляксеевіч (Яўлінскі), не ідзіце Вы ў кандыдаты. Прыгадайце, што некалі Вы былі сапраўдным палітыкам. Калі Вы адмовіцеся ўдзельнічаць у гэтай ганьбе, то, магчыма, што яшчэ вернеце павагу і давер.

Генадзі Андрэевіч (Зюганаў), адмоўцеся ад кандыдацтва і Вы. Дзякуючы пратэстнаму галасаваньню ў Вас цяпер зноў зьявілася вялікая фракцыя. Пастаўцеся да гэтага сур'ёзна. Не рабіцеся хлопчыкам для біцьця. Няхай Пуцін спаборнічае з аднымі фрыкамі.

І адным разам (як кажуць, каб два разы не ўставаць) скажу пару слоў і Уладзіміру Уладзіміравічу.

Шкада мне Вас. Кажу гэта без якога-кольвечы сарказма. Ня трэба быць Настрадамусам, каб вызначыць Вашу будучыню.

Непазьбежна ўзьнікне сытуацыя, калі нізы больш ня хочуць, вярхі дарэшты расклаліся, а грошы скончыліся. У краіне пачнецца буза. Сыходзіць па-добраму Вам будзе ўжо позна, і Вы загадаеце страляць, і пральецца кроў, але Вас усяроўна скінуць. Я не жадаю Вам лёсу Муамара Кадафі, шчыра кажу. Адкасілі б Вы пакуль яшчэ ёсьць час, га? Прыгожая прычына заўсёды знойдзецца. Праблемы са здароўем, сямейныя абставіны, зьяўленьне архангела. Перадалі б Вы лейцы пераемніку (інакш Вы ня ўмееце), а ён бы ўжо паклапаціўся аб Вашай спакойнай старасьці.

Уявіце сабе і здрыганіцеся: усеагульная нянавісьць, самота, страх перад заўтрашнім днём, неабходнасьць усё глыбей правальвацца ў гразь, атачаць сябе ўсё больш горшымі мярзотнікамі.

Яно Вам трэба?

Барыс Акунін


Пераклад з расейскай.