ШЫЗІК АБРЫДНУЎ УСІМ

posted Dec 11, 2011, 6:46 AM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 11, 2011, 6:46 AM ]
(сцэны з жыцьця пры позьнім лукашызме)

“Усплыў” акупанцкі генэрал. Быў такі расейскі генэрал В. Фралоў, якога гадоў 10 таму паслужлівыя “незалежныя, дэмакратычныя” СМІ вывелі ў авангард сваёй рэкламы “белорусской демократіі”. Мілітарысцкі мастадонт падаваўся ў якасьці барацьбіта, ягоныя “заслугі” (невядома, праўда, якія) усхваляліся ў інфармацыйнай прасторы. Адзін менскі паэт нават назваў Фралова “беларускім Дэголем”. Гэты “Дэголь” некалькі гадоў пакруціўся ў асяродку мілінкевічаў-вінцучкоў, пазасядаў на іхных “аб'яднаных апазыцыях”, а потым раптам паслаў іх “куда подальше”, грукнуў дзьвярыма і пайшоў працаваць на рэжым. Лукашэнка ўзяў яго ў сакратары па касьмічных справах (?!). Народнае вершаскладаньне адрэагавала на гэты генэральскі манэўр зьедлівым вершыкам ад Ляпіса-Трубяцкога:

Гаўрыла меў штаны ў лампасах, / Гаўрыла генэралам быў/ І ў апазыцыі служыў.

Пасьля вяртаньня генэрала ва ўлоньне антыбеларускага рэжыму Ляпіс-Трубяцкі напісаў:

Гаўрыла прымяраў скафандр,/ Гаўрыла касманаўтам быў./ Рэжыму верна ён служыў.

Сьмех-сьмехам, а “Гаўрыла”-Фралоў зноў засьвяціўся ў сваіх лампасах. Ён выступіў на рэжымным сходзе ў Менску, прысьвечаным савецкаму сьвяту — Дню ракетных войскаў і артылерыі. Прысутным (у асноўным афіцэрам) ён заявіў, што будзе ўтвараць “Офіцерское собраніе”. Цытуем выступ гэтага асадніка: “Сегодняшние проблемы в белорусской экономике не исключают социального взрыва. Имея определённый вес и влияние в своих кругах, мы можем обозначить своей целью недопущение бессмысленных и беспощадных бунтов...” Як альтэрнатыву Фралоў запрапанаваў падтрымку экс-кандыдата на прэзыдэнта Д. Уса, які патрабуе рэфэрэндума па зьменах у Выбарчым кодэксе. Фралоў агучыў таксама задачу ўдзелу ў парляманцкіх выбарах рэжыму, а самому рэжыму ён запрапанаваў афіцэрскую дапамогу “у мацаваньні тэрытарыяльнай абароназдольнасьці”.

Цікава, што напіша цяпер менскі паэт пра гэтага “Дэголя”? Мабыць назаве яго Цэзарам і Напалеёнам. Але справа сур'ёзная. Рэжымная агентура кшталту Фралова ўжо падбухторвае афіцэрскія кадры да ўступленьня ў “тэрытарыяльную армію” Лукашэнкі. А гэта як? Афіцэры будуць удзень служыць у Беларускай арміі, а пасьля службовага дзяжурства ісьці ў “тэрытарыяльную армію” дыктатара? Ці туды будуць запісваць толькі адстаўных пэнсіянераў? Чаму рэжымныя клоўны кшталту экс-генэрала Фралова гукаюць цяпер пра ўдзел у дыктатарскіх ініцыятывах? Спадзяемся, што патрыятычныя беларускія афіцэры не паддадуцца на гэтыя гуканьні і праваляць спробу ўцягнуць іх у антынародныя дзеяньні.

19 лістапада ў Сеціве разышлося паведамленьне разам з відэазапісам аб інцыдэнце на платформе станцыі мэтро “Купалаўская”. Тамака пабіліся між сабой дзьве групы футбольных фанатаў. Пасярод калатнечы выбухнулі пэтарды. Гукі выбухаў напалохалі пасажыраў, якія былі на станцыі. Пачалася паніка, людзі ўцякалі ў розныя бакі. Пазьней міліцыя затрымала 9 з гэтых “фанаў”, ім прад'яўлены абвінавачваньні ў дробным хуліганстве.

У сувязі з інцыдэнтам паўстае шэраг рытарычных пытаньняў. Усе карыстальнікі мэтро штодня бачаць, колькі міліцыі знаходзіцца на кожнай станцыі. Часам міліцыянты становяцца ў рашучую позу непасрэдна на платформах і строга ўглядаюцца ў натоўп, які ідзе каля іх. Часта яны перасоўваюцца групамі па двое. Міліцыянт абавязкава стаіць перад апаратамі, праз якія праходзіць на станцыю публіка. У прынцыпе паліцэскі прафэсіянал абавязкава зьвярнуў бы ўвагу на даволі вялікую групу заўзятараў, якія накіроўваліся на платформу і паводзілі сябе крыкліва і агрэсіўна. Інтэр'ёры станцый знаходзяцца пад кантролем відэакамэр. Чаму ніхто не зьвярнуў увагі на крыклівую, стракатую групу маладзёнаў пры ўваходзе на станцыю? Чаму ім дазволілі даволі доўга біцца пасярод платформы і кідаць пэтарды? Чаму ахова станцыі дачакалася моманту, калі паўстала паніка і толькі тады ўмяшалася ў падзеі?

Трэба нагадаць, што адбывалася гэта на тым самым вузьле мэтро, дзе 11 красавіка сёлета адбыўся тэракт. Дык што гэта было? Выпадковасьць? Адзінкавая праява непрафэсіяналізму міліцэйскай аховы? Паспрабуйце параздаваць на станцыі мэтро ўлёткі на беларускай мове або засьпяваць беларускую песьню. Вы ня скончыце першы куплет, як вас павяжуць службы рэжыму.

Аналіз падказвае зусім наступныя высновы. Інцыдэнт ня быў выпадковым. Гэта была чарговая рэжымная правакацыя з мэтай напалохаць людзей і ўтварыць атмасфэру паўсюднай небясьпекі і панікі. Маладзёнаў проста выкарысталі для гэтай правакацыі. Падобнае ўжо было ў сутарэньнях мэтро. Увесну, пасьля 1.00 уначы (пасьля афіцыйнага закрыцьця мэтро) “група маладых людзей” без перашкодаў увайшла на платформу станцыі мэтро “Маскоўская” і забаўлялася там. Аховы “таксама не было”. Тады зьнялі з працы дырэктара сталічнага мэтрапалітэну. Пазьней, праўда, высьветлілася, што маладзён, які завёў групу на станцыю, зьяўляецца “оказываюшчім содействіе органам” (так у КГБ афіцыйна называюцца стукачы і дробныя агенты).

Наша грамадзтва ўбачыць яшчэ шэраг такіх подлых рэжымных правакацый.

Апошнім часам у беларускім Сеціве вядуцца дыскусіі на тэму расейскай агрэсіі супраць Беларусі. Ніхто ўжо не называе патрыётаў-фронтаўцаў “дзівакамі” за тое, што яны на працягу многіх гадоў папярэджваюць грамадзтва аб небясьпецы расейскага імпэрыялізм-фашызма. Гэтая тэма стала ўжо “сьвецкай” і не патрабуе лішніх доказаў — агрэсія відавочная. Патрыёты, аднак, заўважылі “новыя веянія” у рамках гэтай тэмы. Шэраг камэнтатараў карцінна заламваюць рукі і аплаківаюць лёс нашай краіны, “якую паглыне імпэрыя”. Гэтыя “плакальшчыкі” тэарэтызуюць вакол утвораных імі ж вобразаў “казьляняці і труса, якіх зьесьць пітон імпэрыі, калі яны не пасьпеюць вывернуцца ад яго”. Патрыёты прапануюць зірнуць на гістарычны працэс. Аказваецца, усе да адной імпэрыі (нават самыя магутныя) разваліліся, упалі і спынілі сваё існаваньне. Пра гэта неяк “забываюцца” пісаць згаданыя казьляняці, што палохаюць нас пітонам. Ёсьць такі канторскі прыёмчык: утвараць атамасфэру няўпэўненасьці, страху і паралізаваць нацыянальную волю да супраціву.

Ілюстрацыяй з жыцьця маскоўскага пітона паслужыла мізансцэна, якая разыгралася ў Маскве 20 лістапада. На вялікім крытым стадыёне на 20 тысячаў чалавек адбываліся спаборніцтвы па “дужаньнях без правілаў”. Усіх пабіў-пакуляў папулярны ў публікі спартовец. Заля вітала яго прыязным поклічам. І раптам на рынг выскачыў прэм'ер-прэзыдэнт-элект Пуцін. Яму хацелася пакрасавацца-папіярыцца побач з барацьбітом без правілаў (ён таксама ў палітыцы жыве без правілаў). Ён пачаў свой піярны выступ у жывым тэлеэфіры. А дарэмна, бо трыбуны накрылі ягоныя словы салідарным і пагрозьлівым “у-у-у-у” на нізкіх танах, а таксама звонкім сьвістам. Пуціна асьвісталі. І зрабілі гэта не “палітінтэлектуалы” кшталту Нямцова-Хакамады, а “простые русскіе парні” — іншымі словамі звычайны электарат, зь якім так няўдала паспрабаваў пагуляцца ў дэмагогію лубянскі гном. І ўсе раптам (няхай сабе на імгненьне) убачылі, што ў Маскве надзьмуваецца і разьзяўлівае пашчу не пітон, а дробны канторскі чарвяк, які ўсім ужо абрыднуў нават у імпэрскай сталіцы. Імпэрыя гніе і на вачах усяго сьвету ператвараецца ў карыкатуру самой сябе. Нішто ня выратуе яе.

Увечары 18 лістапада адбылася паліцэйская аблава на моладзь у Крупках Менскай вобласьці. Аўтазак пад'язджаў да дыскатэкаў і начных клюбаў, зь яго выбягалі міліцыянты, урываліся ў памяшканьні і накідваліся на маладых людзей. Іх без лада прычыны і без разбору зьбівалі дубінкамі і нагамі, валілі на падлогу, а потым валаклі ў аўтазак і адвозілі ў мясцовае аддзяленьне міліцыі. Дагэтуль ніхто афіцыйна не патлумачыў, што адбылося ў гэтым раённым горадзе і чаму так жорстка дзейнічалі “праваахоўныя” ворганы. Крупкі даволі даўно вядомыя зьверствамі паліцэйшчыны. Яшчэ ў 80-90-я гады ў мясцовых засьценках было закатавана некалькі юнакоў і мужчын. Заўважым, што барацьба супраць наркаманіі і хуліганства паліцэйскімі сродкамі вядзецца ў цывілізаваных краінах іншымі мэтадамі. Нідзе ў сувязі з гэтымі антысацыяльнымі праблемамі не змагаюцца гвалтам без разбору і пагалоўным зьбіцьцём кліентаў легальных забаўляльных установаў. Мяркуем, што ў Крупках (дзе ёсьць гатовая да зьверстваў паліцэйшчына) антыбеларускі рэжым правёў свайго роду “манеўры” па запалохваньню грамадзтва. Рэжым прадэманстраваў сваю “рашучасьць” у дзеяньнях супраць народу, перш за ўсё моладзі.

Такія высновы падказвае нам досьвед апошняга дваццацігоддзя. На прадвесьні 1990 года падобная паліцэйская апэрацыя застрашэньня была праведзена ў Пухавічах. Міліцыя таксама трэніравалася на маладых. Юнакоў вывелі з дыскатэкі, зьбівалі і зьдзекваліся зь іх. Калі яны паспрабавалі абараніцца ад гвалту, міліцыя пачала страляць над галовамі з аўтаматаў. Той пэрыяд ў жыцьці “савецкай страны” вельмі падобны на нашу цяпершчыну. Гарбачоўская “перастройка” давяла эканоміку да глыбокага, разбуральнага крызісу. Імпэрскі рэжым хістаўся і шукаў паратунку ў паліцэйска-гэбоўскім здушэньні і застрашэньні людзей. Тое самае мы назіраем цяпер, праз 21 год пасьля тых падзеяў. Лукашызм хістаецца, людзі ўжо адвярнуліся ад дыктатуры, ніхто ня верыць яе звонкай дэмагогіі. У такой сытуацыі рэжым пачаў рэалізоўваць праграму тэрору.

Зь беларускіх прадпрыемстваў паступаюць зьвесткі пра актывізацыю канторскай агентуры. Шэраг гэтых асобаў (многія зь іх ужо даўно вядомыя працоўным як стукачы) раптам забегалі пасярод станкоў і ў курылках ды пачалі выдаваць маналогі: “Рабочіх не поднімешь. Рабочіе не інтересуются політікой. Нам не надо політіческіх партій, мы ім не верім нікому. Рабочім надо участвовать в профсоюзной борьбе. Вот все в Свободный профсоюз... Мы ім покажем!”

Такое было б цалкам лагічным у цывілізаваных краінах, дзе прафсаюзныя структуры сапраўды прадстаўляюць працоўных і бароняць іх інтарэсы. У Беларусі сапраўдныя прафсаюзныя структуры былі разгромлены рэжымам ужо больш за 10 гадоў таму. З Свабоднага прафсаюза Беларусі былі выдалены сапраўдныя рабочыя лідары — напрыклад, Генадзь Быкаў, і многія іншыя. На іхнае месца заступіла на “баявую вахту” гэбоўская агентура, якая цалкам разваліла дэмакратычны прафсаюзны рух у нашай краіне. Бліскучую кар'ерку на чале Дэмакратычнага кангрэсу прафсаюзаў робіць выраблены лубянскі кадр Ярашук, які езьдзіць па эўрапейскіх сталіцах, “прадстаўляе” беларускі рабочы клас. І вось з канторы паступіла ўводная: не дапусьціць удзелу рабочых людзей у палітычным змаганьні за волю і незалежнасьць. Стукачы замітусіліся, загалдзелі: “Політіка — грязное дело, ребята!” Кепскія, відаць, справы ў антынароднага рэжыму.

25 лістапада антыбеларускі рэжым здаў Маскве каштоўнейшую частку маёмасьці беларускага народу — гіганцкі і прыбытковы “Белтрансгаз”. Тэлеканалы паказалі, як у Маскве ў чарговы раз куражыўся перад сваімі паханамі Лукашэнка. Яго немагчыма было спыніць, ён балбатаў і балбатаў. Цяжка было зразумець, пра што гэты бясконцы маналог. Гэта быў сапраўдны матэр'ял для псіхіятрычнага гуртка медінстытута, але студэнтаў на гэты “форум” не пусьцілі. Было заўважана, як Медведев і іншыя нецярпліва круцяцца ў крэслах, чухаюцца і пазяхаюць, слухаючы свайго ненармальнага клінта. Раней яны былі больш стрыманымі. Цяпер яны ведаюць, што яму засталося няшмат. Ён абрыднуў усім, нават у Маскве.

Янка Базыль