ПРА ШТО ПІСАЛІ ЗАМЕЖНЫЯ ГАЗЭТЫ У МІНУЛЫМ МЕСЯЦЫ

posted Dec 12, 2011, 12:27 PM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 12, 2011, 12:27 PM ]
15 лістапада 2011 г. дацкая газэта “Berlingske Tidende” напісала пра дыскусіі паміж парляманцкімі фракцыямі ў Даніі наконт уладкоўваньня тых, хто просіць палітпрытулку ў гэтай краіне. Мяркуецца дазволіць тым, хто знайшоў сябе працу і чакае выніку разгляду ягонай справы, жыць па-за лягерам для імігрантаў і працаваць.

Наш камэнтар: Вядома, што цывілізаваныя краіны захлынаюцца ад сотняў тысячаў шукальнікаў паляпшэньня свайго матэрыяльнага становішча за кошт скарбу гэтых краінаў. Зь Беларусі таксама ёсьць такія. Шэраг зь іх актыўна засьвяціліся на псэўдавыбарах лукашызма, заклікаючы беларусаў удзельнічаць у гэтай фальшыўцы. Потым яны адразу або крыху пазьней зрабіліся палітуцекачамі. Некаторыя зь іх выступаюць цяпер на прэс-канфэрэнцыях у Варшаве і распавядаюць, як яны супрацоўнічалі з КГБ. Некаторыя іншыя ў замежжы ў гэтым не прызнаюцца, а атрымліваюць з помпай міжнародныя прэміі “за барацьбу за дэмакратыю”. Бачым, што датчанаў ужо, відаць, стаміла гэтая фальшывая публіка, яны імкнуцца навесьці парадак у сваёй краіне.

Алесь Хадасевіч


15 лістапада 2011 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” напісала пра дзеяньні лібійскай арміі пасьля перамогі рэвалюцыі. Баявыя часткі з бранетэхнікай уступілі ў бой, каб спыніць узброены канфлікт паміж плямёнамі Завіях і Фэршыфана. Гэтыя часткі — новыя фармаваньні нацыянальнай арміі, якая ствараецца. Паўстанцам, якія ваявалі падчас рэвалюцыі, запрапанавана застацца ў шэрагах арміі або вяртацца дахаты. Канчаткова нацыянальная армія будзе сфармавана праз сем месяцаў, калі адбудуцца выбары ў Нацыянальны сход.

Наш камэнтар: Ёсьць унівэрсальны закон. Армія, якая існавала пад дыктатурай, ня можа заставацца ў тым жа выглядзе пасьля ліквідацыі дыктатуры. Пасьля ліквідацыі антыбеларускай дыктатуры будуць праведзены рэформы ў нацыянальнай арміі. Наша армія будзе ачышчана ад тых начальнікаў, што выконваюць незаконныя загады дыктатуры, ненавідзяць наш народ і нашу Дзяржаву (гэта, як правіла, “гастралёры” з Расеі, што робяць пасьпяховыя кар'еры ў нашай акупаванай краіне). У адноўленай Беларускай арміі будзе ацэнены патрыятызм і прафэсіяналізм беларускіх афіцэраў і падафіцэраў. Яны, а не бяздарныя гастралёры, будуць камандваць нашымі ўзброенымі сіламі.

Юрка Марозаў


15 лістапада 2011 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” паведаміла з Сірыі. У рэгіёне Дара адбыўся 4-гадзінны бой. Узброеныя паўстанцы спалілі некалькі бранемашын і забілі 34 вайскоўцы рэжыму. Мэтай атакаў паўстанцаў ёсьць армейскія часткі і спэцслужбы .

Наш камэнтар: Калі народ бярэцца за зброю, рэжым не ўратуюць нават танкі. Асабліва, калі цэлыя армейскія аддзелы пераходзяць на бок паўстанцаў.

Юрка Марозаў


15 лістапада 2011 г. славацкая газэта “SME” пісала пра працэс у Менску над двума людзьмі, якіх абвінавачваюць у арганізацыі выбуха ў менскім мэтро. Пракуратура запатрабавала для іх сьмяротнага пакараньня. Газэта напісала: “У беларускіх турмах прызнаньні, паводле праваабарончых арганізацый, вымушаюцца катаваньнямі або іншым ціскам. На думку многіх беларусаў магчыма, што ў тэракт ўмяшана тайная служба КГБ альбо іншыя структуры ўладнага апарату. Такім чынам рэжым можа спрабаваць адхіліць увагу людзей ад крызісу, які пануе ў краіне”.

Наш камэнтар: Эўропа назірае за разьвіцьцём народнай драмы ў Беларусі.

Юрка Марозаў


15 лістапада 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла, што варшаўская пракуратура ўзбудзіла сьледства ў справе зьбіцьця дэманстранта паліцэйскім падчас сутычак 11 лістапада ў Варшаве. На здымку: паліцэйскі б'е нагой чалавека, які не супраціўляецца, сядзіць і закрывае твар рукамі. Гэтыя здымкі былі выкладзены ў Сеціва і зьвярнулі на сябе ўвагу пракуратуры. Пракуратура зьвярнулася праз СМІ з заклікам да пацярпелага падключыцца да справы.

Наш камэнтар: Пасьля ліквідацыі акупацыйнага антыбеларускага рэжыму Беларуская пракуратура таксама будзе разглядаць шэраг справаў па антычалавечай паліцэйшчыне цяперашняга рэжыму. Збачэнцы і садысты ў пагонах і без пагонаў не адкруцяцца ад народнага суда. Фота- і відэаматэр'ялаў у людзей назапашана дастаткова.

Юрка Марозаў


16 лістапада 2011 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведаміла: “Дызэрціры з сірыйскай арміі атакавалі раніцай у аўторак комплекс спэцслужбаў у сталіцы Дамаску”.

Наш камэнтар: Дзіўна, што заходнія СМІ называюць “дызэрцірамі” тых, хто пакінуў дыктатара і пачаў ваяваць за народ. Гэта і ёсьць сапраўдная нацыянальная армія, якая ўсё больш імпэтна атакуе Асадаву гэбэ.

Алесь Хадасевіч


16 лістапада 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала: “Больш за 20 тысячаў сэрбаў з Косава папрасілі Маскву дапамагчы ім атрымаць расейскае грамадзянства”. З гэтай пэтыцыяй яны зьвярнуліся ў амбасаду РФ у Белградзе. Галоўнае, што яны шукаюць у Расеі — гэта асабістая бясьпека.

Наш камэнтар: Бедныя, падманутыя людзі... Шукаць бясьпекі ў расейскім імпэрскім катле?

Алесь Хадасевіч


16 лістапада 2011 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” напісала пра падзеі ў Кувэйце. Там адбылася дэманстрацыя з патрабаваньнем адстаўкі прэм'ер-міністра краіны. Дэманстрацыя была жорстка разгромлена паліцыяй. Пасьля гэтага тысячы людзей уварваліся ў будынак парляманту. Дэпутат апазыцыі Мусалам аль-Барак заявіў, што дэманстранты патрабуюць роспуску парляманту.

Наш камэнтар: Відэакадры паказалі, што дэманстранты не грамілі залю паседжаньняў парляманту. Яны добра напалохалі “празасядаўшыхся”, а потым засьпявалі нацыянальны гімн. Людзі дзейнічаюць пасьлядоўна і разумна. Калі адбываецца палітычнае пераўтварэньне, павінны сысьці ў адстаўку і ўрад і парлямант, што давялі краіну да крызісу.

Пра гэта 20 гадоў таму не хацелі слухаць многія ў Беларусі. У выніку засталіся на сваіх месцах савецка-урадавая групоўка Кебіча і Вярхоўны Савет БССР. С. Шушкевіч сваімі дзеяньнямі незаконна сарваў ініцыятыву рэфэрэндуму па роспуску ВС БССР, на якую мабілізаваў грамадзтва Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”. У выніку засталіся старыя савецкія структуры. У хуткім часе яны выкінулі на сьметнік Шушкевіча і працягнулі былую антыбеларускую палітыку. Менавіта яны адкрылі дарогу лукашызму.

Памылка не павінна паўтарыцца. Дыктатарскія псэўдапарляманцкія “палаткі” павінны быць распушчаны. Павінен распачацца новы пэрыяд у нашым палітычным разьвіцьці.

Алесь Хадасевіч


16 лістапада 2011 г. французкая газэта “Liberation” напісала пра мэмарыяльныя мерапрыемствы ў Францыі з нагоды ўгодкаў заканчэньня І Сусьветнай вайны. Прэзыдэнт Сарказі ўрачыста адкрыў новы музэй, прысьвечаны вайне, у мястэчку М'ё, дзе двойчы адбыліся лютыя баі на рацэ Марне — у 1914 і 1918 гг.

Наш камэнтар: Багатая краіна пабудавала яшчэ адзін музэй, прысьвечаны памяці дзядоў цяперашняга пакаленьня. Музэй створаны для таго, каб данесьці праўду аб вялікай чалавечай трагедыі. Калі Францыя ня мела такіх значных сродкаў на будаўніцтва, то і чарговы музэй не будавалі. Даглядалі за магіламі ахвяраў бітвы на Марне, захоўвалі матэрыяльныя сьведчаньні і месцы баёў.

У нашым Менску ззаду за такзванай “Стэлай” (сумніўным па мастацкіх вартасьцях помнікам, пастаўленым у 1984 г.) працягваецца будаўніцтва чарговага “музея ВОВ”, сумніўнага па архітэктурных вартасьцях. Гэты лукашыстоўскі праект — з шэрагу “лядовых палацаў”, пры будаўніцтве якіх раскрадаюцца і марнуюцца грошы. Але галоўнае — навошта?! Зусім недалёка ад “Стэлы” знаходзіцца вялізны будынак Музэю гісторыі гэтай самай ВОВ. І ў гэтым “ВОВ” і ў другім “ВОВ” беларусы не даведаюцца праўду пра падзеі ў 1939-45 гг. Антынацыянальны рэжым будуе пасярод эканамічнага крызісу чарговы музэй няпраўды.

Алесь Хадасевіч


17 лістапада 2011 г. бэльгійская газэта “De Standaard” напісала пра заяву Сірыйскай Вольнай Арміі. На здымку ў газэце кадр з відэакліпа, распаўсюджанага ў Сеціве: група мужчын у ваеннай уніформе са зброяй у руках сабралася на фоне нацыянальнага сьцяга. Яны заявілі аб стварэньні Вольнай Арміі. Цяпер іхнай галоўнай мэтай ёсьць абарона мірных маніфэстацый. Ім належыцца таксама аўтарства заўчорашняй маштабнай баявой акцыі: атакі на цэнтар спэцслужбаў рэжыму ў прыгарадзе Дамаска.

Наш камэнтар: Цяпер сірыйскі народ мае сваю сапраўдную народную армію. Гэтая армія адразу пачала вырашаць галоўнае пытаньне рэвалюцыі — ліквідацыю злачынных спэцслужбаў дыктатуры. Пры чым, патрыёты не раскідваліся на драбніцы. Яны адразу атакавалі башараўскую Лубянку. Атакавалі пасьпяхова, Лубянка загарэлася, гэбэшнікі разьбягаліся ў розныя бакі. Цяпер яны ня змогуць беспакарана страляць у людзей.

Юрка Марозаў


17 лістапада 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала пра выступ у Маскве генэрала Макарава, начштабу расейскіх узброеных сілаў. Ён сказаў, што калі НАТО будзе разбудоўваць свой супрацьракетны шчыт ў Эўропе, то Расея можа выйсьці з Новай дамовы з ЗША аб абмежаваньні стратэгічных узбраеньняў, падпісанай Абамам і Медведевым у 2010 годзе. Расейскія захады могуць быць наступнымі: разьмяшчэньне ядзернай зброі у Прыбалтыцы, пабудова сеткі супрацьракетнай абароны ў Расеі і павелічэньне звычайных узброеных сілаў на Захадзе Расеі.

Наш камэнтар: Пагрозьлівыя заявы расейскага мілітарыста з генштабу сьведчаць пра крамлёўскі курс на супрацьстаяньне з Захадам. Імпэрскаму рэжыму нічога не застаецца рабіць: каб выратаваць сваю ўладу, Крэмль-Лубянка будуць зноў жорстка мабілізаваць народ імпэрыі на барацьбу з Захадам. Гэтай барацьбой можна будзе апраўдаць любыя злачынствы супраць чалавечнасьці, голад і галечу ў імпэрыі — “абы нас баяліся”. Толькі вось сумніўна, што гэтым разам у Крамля-Лубянкі атрымаецца мабілізаваць цяперашняе пакаленьне постсавецкіх людзей, асабліва расейскую моладзь, якая зусім не жадае паміраць за крамлёўскіх бонзаў. Вельмі важна, каб наша Беларусь не была ўцягнута Масквой у гэты крывавы разлом.

Алесь Хадасевіч