НЯ БУДЗЕ ВЕЧНЫ ХАМ НА НАШАЙ ЗЯМЛІ

posted Dec 12, 2011, 12:29 PM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 12, 2011, 12:29 PM ]
(Сьнежаньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

11 сьнежня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Вышэйшая мера” (апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Выступоўцы правялі аналогію паміж цяперашнімі падзеямі ў нашай краіне і вакол яе і падзеямі, якія разгарнуліся на тых жа абшарах 20 гадоў таму. Тады — у 1990-91 гг. — многім, вельмі многім ня верылася, што набліжаецца абвал савецкай маскоўскай імпэрыі разам зь яе мясцовымі сатрапамі. Крэмль, КПСС, КГБ СССР здаваліся непахіснымі і магутнымі. У ценю гэтых калосаў хаваліся намэнклатуршчыкі БССР, якія спадзяваліся камфортна перажыць “перастройку і гласнасьць”. Толькі Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і ягоны Старшыня Зянон Пазьняк заяўлялі, што Беларусь ідзе да незалежнасьці, і заклікалі рыхтаваць кадры і структуры для самастойнага нацыянальна-дзяржаўнага жыцьця.

Калі ўрэшце саўдэпія ляснула ў жніўні 1991 г., то разгубленая і напалоханая намэнклатура пад ціскам Фронту прагаласавала ў Вярхоўным Савеце за забарону сваёй кампартыі і за абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі. Вера фронтаўцаў у перамогу над імпэрскім ворагам была тады ня проста рамантычным настроем, а самай адэкватнай формай барацьбы за вызваленьне ад камунізма і імпэрыі. Кіруемая з Масквы намэнклатура скрала ў народа гэтую перамогу і арганізавала ў нашай краіне рэжым дыктатуры гэбізма. На працягу двух дзесяцігоддзяў (асабліва інтэнсіўна з 1994 г., калі ў краіне ўсталяваўся лукашызм) акупацыйны марыянэткавы рэжым разбурае і разрабоўвае нашую краіну.

Апошні этап сацыяльна-эканамічнага крызсу ўрэшце раскрыў вочы многім нашым людзям на тое, што адбываецца зь імі і з краінай. У многіх ад адчаю апусьціліся рукі, у душы пасяліліся нявер'е і расчараваньне. Зноў маскоўская імпэрыя і яе мясцовыя сатрапы здаюцца магутнымі і непераможнымі. Праз 20 гадоў паўтараюцца тыя ж ілюзіі расчараваных людзей. Патрыёты-фронтаўцы — авангард нашага грамадзтва — павінны вярнуць народу веру ў сябе, сваю праўду і сваю сілу. Беларусы ў салідарным супрацьстаяньні злу павінны не дапусьціць, каб купка нягоднікаў, кіруемых ворагам, завяршыла маскоўскі праект па ліквідацыі Беларусі і генацыду нашага народу.

Постсавецкая сістэма дэманструе свой поўны правал ня толькі ў Беларусі. Грамадзкі супраціў гэбізму, які набірае сілу нават у Маскве, сьведчыць аб тым, што людзі бясконца стаміліся ад афіцыёзнай хлусьці, гэбоўскага гвалту і бяздарнага кіраўніцтва “злодзеяў і жулікаў” (як людзі называюць існуючы рэжым лубянскай алігархіі). Вырасла новае пакаленьне, якое ня ведае саўдэпіі і не ідэалізуе яе. Маладыя хочуць пазбавіцца ад здушальнага прыгнёту канторы.

У бліжэйшыя месяцы ў Расеі (як і 20 гадоў таму) адбудуцца драматычныя падзеі, якія паламаюць гэбоўскі праект кіраваньня паняволенымі народамі. Як і ў 1991 годзе, беларусы не павінны згубіць свой шанец. Пакуль Масква будзе занятая сабой, наш народ павінен цывілізаванымі мэтадамі вырашыць свае праблемы і вывесьці сваю краіну з крызісу. Першым крокам кансалідацыі нашага грамадзтва ў гэтай працы павінен быць татальны Народны Байкот усіх фальшывых манеўраў антыбеларускага рэжыму — перш за ўсё “выбараў”, якія наладжвае, кантралюе і фальсіфікуе рэжым. Няхай самы лукашысты ды падстаўная псэўдаапазыцыя (лебедько-калякіны-марголіны-рымашэўскія) гуляюцца ў электаральны фарс — на пустых выбарчых участках. Толькі байкот зьяўляецца эфэктыўным спосабам супрацьстаяньня дыктатуры. Усё астатняе ёсьць формай падтрымкі і ўмацаваньня дыктатуры. Больш ім ня ўдасца надурыць беларусаў дэмагогіяй і хлусьнёй, як яны зрабілі гэта ў сьнежні 2010 года.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны таксама выказалі думку аб падабенстве цяперашніх падзеяў з тэндэнцыямі, што назіраліся ў 1990-91 гадах. Завяршаецца чарговы гістарычны пэрыяд. Што будзе за ім, якой дарогай пойдзе Беларусь у сучасным сьвеце — гэта залежыць толькі ад волі самога беларускага народу. Разумныя, адукаваныя, прыстойныя, актыўныя беларускія людзі ёсьць у кожным рэгіёне нашай краіны, у кожным горадзе і вёсцы. Неабходна толькі аб'яднаць іх на грунце нашага агульнага нацыянальнага інтэрасу, нашай культуры, мовы і Дзяржавы. Беларуская Салідарнасьць — непахісная моц нашага народу, які больш не дазволіць падманваць сябе і маніпуляваць сабою.

З розных куткоў краіны паступаюць зьвесткі пра ўзмацненьне антыбеларускай палітыкі рэжыму. Варожы, антыкультурны рэжым праз свае стркутуры спрабуе дэскрыдытаваць беларускую мову і культуру, навязаць дзецям і моладзі стэрэатыпы рускай папсы (“святой Русі”), зрабіць з новага пакаленьня беларусаў манкуртаў і цынікаў, верных прыслужнікаў усходняй імпэрыі. Кожная сям'я павінна супраціўляцца гэтым правакацыям. Трэба выкарыстоўваць нават даступныя легальныя сродкі супраціву — падаваць у пракуратуру на выканаўцаў і арганізатараў антыбеларускіх дзеяньняў. Трэба прымушаць рэжым лічыцца з воляй людзей. І самае галоўнае, трэба пераконваць людзей, што ня будзе вечна антыбеларускі хам куражыцца на нашай зямлі. Вызваленьне ўжо набліжаецца!

Сойм разглядзеў пытаньне аб крымінальным злачынстве рэжыму — незаконнай здачы Лукашэнкам энэргетычнай сістэмы краіны Белтрансгаз ва ўласнасьць Расеі. Адбылося абмеркаваньне праблемаў. Сойм прыняў па гэтай тэме інфармацыйную заяву “Вышэйшая мера пакараньня” (публікуецца). Зробленыя высновы.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

11 сьнежня 2011 г.