“ЗАМЕЖНЫ ДРУК (14-15.12.2011)

posted Dec 17, 2011, 1:19 PM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 17, 2011, 1:19 PM ]
Лібэральныя дзікуны ў заходняй Эўропе

15 сьнежня 2011 г. бэльгійская газэта “De Standaard” напісала пра тэракт, што днямі адбыўся ў цэнтры фламандскага горада Льежа. Забойца людзей Нардзін Амрані быў датэрмінова выпушчаны з турмы, бо адміністрацыя палічыла, што “ён не прадстаўляе сабой грамадзкай небясьпекі і ня здольны на антысацыяльныя дзеяньні”.

Наш камэнтар: Чытаеш такое і вачам сваім ня верыш. Афрыканскага экзота (з бэльгійскім пашпартам у кішэні) арыштавала была паліцыя, бо ў ягоным доме знайшлі 9800 адзінак зброі і амуніцыі. Яму далі некалькі гадоў турмы. Праз год яго выпусьцілі датэрмінова на волю (“потому что на завтрак он хорошо кушал ёгурт і говоріл “спасібо”). Экзот вярнуўся ў свой дом і пачаў зноў зьбіраць зброю, назьбіраў шмат. Потым забіў у гэтым доме мясцовую жанчыну, выйшаў на цэнтральную плошчу Льежа, закідаў гранатамі і расстраляў з аўтамата людзей.

Інфантылізм і дзікунства лібэральнай сістэмы дзяржавы на Захадзе (якая бароніць не грамадзтва, не ахвяры, а забойцу) набывае сапраўды дзікія, антычалавечыя кшталты. Пра гэта даўно ўжо паведамляюць сваім грамадзтвам правыя народныя і хрысьціянскія партыі, заклікаючы ратаваць радзімы ад “шматкультурніцкага” балагану.

Алесь Хадасевіч


Нідэрляндцы супраць звычаяў мусульман

14 сьнежня 2011 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” напісала пра заяву лідара нідэрляндскіх нацыяналістаў Гээрта Вілдэрса. Справа ў тым, што ніжняя палата парляманта краіны — Другая палата — прагаласавала супраць забароны правядзеньня на тэрыторыі каралеўства рытуальных забойстваў жывёл. Вілдэрс адрэагаваў на гэта словамі: “Трэба ліквідаваць гэты клюб!” Заяву ў парлямант на забарону забойстваў падала нідэрляндская Партыя Абароны Жывёлаў. Вілдэрс лічыць, што ў парляманце дастаткова Сэнату, а Другая палата дэскрэдытавала сябе.

Наш камэнтар: Маюцца на ўвазе перш за ўсё рытуальныя ахвярапрынашэньні, якія робяць на свае сьвяты мусульмане. Эўрапейцы мяркуюць, што няхай яны ў сябе на радзіме і робяць гэта. Нідэрляндскіх людзей шакуюць сцэны Рамадана: мусульмане рэжуць жывёлу проста на вуліцах іхных гарадоў, кроў цячэ плынямі, паўсюль дзікія перадсьмяротныя рыкі жывёлы. Гэта бачаць і чуюць малыя дзеці, ды і дарослым робіцца млосна. Ну, не прынята так у Эўропе.

Паспрабавалі б хрысьціяне-эўрапейцы ў якой-небудзь Савудаўскай Аравіі проста выйсьці з крыжамі на вуліцу. Іх бы самых прынесьлі ў ахвяру. А мільёнам чужынцаў, якія атабарыліся ў Эўропе на запросіны лібэралізма, усё можна. Патрыётам усё гэта абрыдла.

Алесь Хадасевіч


Эўрапарлямант прыняў рэзалюцыю

14 сьнежня 2011 г. французкая газэта “Le Monde” паведаміла, што Эўрапарлямант прыняў рэзалюцыю па апошніх выбарах у Расеі. Эўрапарлямант запатрабаваў правядзеньня новых выбараў з абавязкавай рэгістрацыяй усіх апазыцыйных партый, бо “былі шматлікія парушэньні пры галасаваньні”.

Наш камэнтар: У заяве канстатавана, што выбары “не адпавядалі агульнапрынятым стандартам”. У Маскве гэта выклікала шок. Цяпер яны там апынуліся ў амплуа непрызнаных лукашыстоўскіх “палатак”. Ранішнія выпускі навінаў 15 сьнежня па расейскіх тэлеканалах нават слоўцам не згадалі пра гэтую ўчорашнюю падзею. Можна ўявіць сябе, як у Крамлі сабраўся лубянскі арэапаг ды ламае галаву над тым, якім чынам прадставіць гэтую сэнсацыю народу і сьвету.

Адчуваецца, што Захад ня хоча дапускаць крывавага Пуціна на крамлёўскі трон і робіць Маскве выразныя намёкі. Падобна, што доўгі балалаечны канцэрт на тэму “русской демократіі” скончыўся без апладысмэнтаў. Няўжо настае ацьверазьвеньне?

Юрка Марозаў


Узаемная нянавісьць

14 сьнежня 2011 г. італьянская газэта “Repubblica” паведамляе з Фларэнцыі. Там 50-гадовы італьянец у цэнтры горада застрэліў двух сэнэгальскіх бадзяжных гандляроў, а потым застрэліўся сам. У Фларэнцыі, Рыме і Мілане на вуліцах дэманструюць дзесяткі тысячаў афрыканцаў. Яны патрабуюць ад уладаў захадаў бясьпекі, а таксама пагражаюць разграміць цэнтры правых італьянскіх арганізацый.

Наш камэнтар: Лібэральны балаган, наладжаны па ўсёй Эўропе (“шматкультурнасьць” і “шматнацыянальнасьць” традыцыйных эўрапейскіх грамадзтваў), прывёў толькі да лютай узаемнай нянавісьці зьмяшаных народаў. Крывавыя эксцэсы становяцца ўсё больш частымі ў эўрапейскіх гарадах. Правыя партыі мабілізуюць людзей на разумнае выйсьце з гэтай сытуацыі. Лібэралы надрываюцца крыкам, абзываючы патрыётаў расістамі. Але эўрапейскія грамадзтвы ўжо адварочваюцца ад брусэльскіх балбатуноў і патрабуюць абароны эўрапейскай хрысьціянскай цывілізацыі.

Алесь Хадасевіч


14 сьнежня 2011 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” напісала ў артыкуле “Супрацькандыдат з багаслаўленьня Пуціна”: “Расейскі мільярдэр Міхаіл Прохараў выступіць на прэзыдэнцкіх выбарах у сакавіку наступнага года як супернік Уладзімера Пуціна. Многія расейцы мяркуюць, што яго кандыдатура была падсунута тымі, хто трымае ўладу, каб надаць перамозе Пуціна выгляд легітымнасьці”.

Наш камэнтар: Урэшце ў заходніх СМІ пачалі зьяўляцца сапраўды аналітычныя артыкулы пра крамлёўска-лубянскі фальш і адэкватнае рэагаваньне на фальш многіх у Расеі, дзе магутнее падтрымка байкоту будучых прэзыдэнцкіх выбараў.

Алесь Хадасевіч


“Проста бізнэс”

14 сьнежня 2011 г. ангельская газэта “Guardian” напісала з Францыі. Там унукі Луіса Рэно распачалі судовую справу, патрабуючы вярнуць добрае імя свайму продку, уладальніку магутнага картэлю па вырабу аўтамабіляў, і зьняць зь яго абвінавачваньні ў калабаранцтве з гітлерцамі. На здымку ў газэце: Луіс Рэно бадзёра распавядае Гітлеру пра новую мадэль машыны ў цэху сваёй фабрыкі. У 1945 г. Дэголь падпісаў быў дэкрэт аб нацыяналізацыі “Рэно” у сувязі з абвінавачваньнямі ў забеспячэньні гітлерскай Нямеччыны тэхнікай падчас вайны. Сам Луіс Рэно быў арыштаваны і памёр у турме ў 1944 г., не дачакаўшыся суда.

Наш камэнтар: Калабаранты забясьпечвалі акупанта ўсім неабходным, пакуль патрыёты ў Францыі і за мяжой пад кіраўніцтвам генэрала Дэголя вялі змаганьне за вызваленьне ад акупацыі. Потым Дэголь вярнуўся ў Францыю, разгарнулася ачышчэньне роднай зямлі ад акупантаў і іх прыслужнікаў. Праз дзесяцігоддзі нашчадкі прыслужнікаў спрабуюць даказаць, што гэта быў “проста бізнэс”. Мяркуем, што нашчадкі патрыётаў і вэтэраны паставяць на месца гэтых нахабнікаў.

Той, хто робіць антыбеларускі “бізнэс” з ворагам беларускага народу на шкоду нашых нацыянальных інтарэсаў, таксама не павінен разьлічваць на спачуваньне грамадзтва.

Юрка Марозаў


Пуцін абрыднуў усім

14 сьнежня 2011 г. нарвэжская газэта “Aftenposten” апублікавала артыкул пад тытулам “Руская зіма”. Журналіст К'ель Драгнэрс напісаў пра настроі людзей у Расеі супраць вяртаньня Пуціна на прэзыдэнцтва і масавыя дэманстрацыі супраць сфальшаваных парляманцкіх выбараў. На здымку ў газэце: пажылы чалавек трымае пасярод дэманстрантаў плакат з партрэтам Пуціна (стылізаваным пад 80-гадовага генсека) і надпісам “2050 год. Не!”

Наш камэнтар: На Захадзе заўважылі, што Пуцін абрыднуў усім разам з лубянскай кодлай, якая апанавала імпэрыю. Захад чакае, што расейскае грамадзтва пагоніць прэч гэтую навязьлівую групоўку. У многіх сапраўды ёсьць адчуваньне, што Расея стаіць на парозе драматычных падзей.

Алесь Хадасевіч


Паганства, непісьменнасьць і працяглы пшык

14 сьнежня 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведаміла пра конкурс праектаў помніка Міндоўгу, які мінкультуры РБ мяркуе ўсталяваць у Наваградку. Газэта патлумачыла чытачам: “Наўгардукас (Наваградак), што знаходзіцца ў Заходняй Беларусі, быў заснаваны каля 1116 года. Прыкладна з 1219-1239 гг. да 1795 г. ён належаў Летуве і быў адной з рэзыдэнцый вялікіх князёў Летувы”.

Наш камэнтар: Вось як, аказваецца. Ёсьць шмат ахвотных чытаць пра фальшыўкі. А гэтыя ўсё супакоіцца ня могуць. Хаця іх можна зразумець: а што застанецца, як аддаць забранае з Беларускай гісторыі? Паганства, непісьменнасьць, працяглы пшык да самага 19-га стагоддзя...

Юрка Марозаў


Каб было “как в Кітае”

14 сьнежня 2011 г. латвійская газэта “Diena” напісала пра выступ сакратара Савета Бясьпекі РФ Патрушава. Ён заявіў, што ў Расеі трэба абмежаваць доступ у Сеціва, “як гэта робіцца ў Кітаі”.

Наш камэнтар: Гэбоўскі генэрал Патрушаў хоча, каб было “как в Кітае”. А там карыстальнікаў інтэрнэту расстрэльваюць. Лубянская кантора панічна баіцца інтэрнэту і наагул свабоднага распаўсюджваньня інфармацыі. Мяркуем, што сутаргавыя жэсты канторы ў спробах заткнуць Сеціва выклікаюць толькі яшчэ большае жаданьне моладзі пазбавіцца ад пуцінізма. Дарэчы нам у Беларусі трэба чакаць такіх жа жэстаў ад мясцовай канторы і такой жа рэакцыі маладых.

Алесь Хадасевіч


Розныя прэміі

15 сьнежня 2011 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” паведаміла пра ўручэньне Эўразьвязам Прэміі імя Сахарава тром дзеячам сёлетніх народных рэвалюцый на арабскім Усходзе.

Наш камэнтар: Усе лаўрэаты вызначыліся падчас народных рэвалюцый. Адзін зь іх — Ахмэд аль-Сэнусі — 33 гады быў увязьнены ў турме рэжымам Кадафі. Сапраўдныя героі народнага супраціву.

У сувязі з гэтым успамінаецца лаўрэат Сахараўскай прэміі 2006 года А. Мілінкевіч. Прамінулі гады, а беларусы так і не зразумелі, за што далі былі геройскую прэмію гэтаму былому намэнклятуршчыку. Але мы добра памятаем, што пасьля ўручэньня той прэміі пачалася лепка вобразу “адзінага лідара беларускай дэмакратыі”. Праз пару гадоў “адзінаы” скурчыўся, але пасьпеў затлуміць галовы многім людзям.

Алесь Хадасевіч


“Трэба вызваляць паасобныя тэрыторыі”

15 сьнежня 2011 г. іспанская газэта “ABC” апублікавала рэпартаж з Сірыі. Рэпарцёр газэты прабраўся ў зону, якую кантралюе паўстанцкая Народная армія Сірыі. Ёсьць у краіне некалькі невялікіх тэрыторый, якія ўжо вызвалены ад рэжыму Асада. Там трымаюць абарону і падтрымліваюць грамадзкі парадак аддзелы Народнай арміі. Байцы кажуць: вельмі важна, што ёсьць такія тэрыторыі, куды могуць уцякаць дызэрціры з дыктатарскай арміі. Іх было б больш, але многіх людзей у арміі рэжыма яшчэ трымае страх. Часткі Народнай арміі перасоўваюцца не па галоўных, а другасных дарогах, каб пазьбегнуць лішніх стратаў. Ім дапамагаюць мясцовыя жыхары. Ідзе народнае змаганьне, Народная армія верыць у перамогу.

Наш камэнтар: Сірыйскае змаганьне дае ўнівэрсальную лекцыю: калі народная рэвалюцыя ня можа адразу вызваліць усю краіну, трэба вызваляць паасобныя тэрыторыі. Яны будуць базай для канчатковай перамогі над дыктатурай.

Алесь Хадасевіч