“ЗАКАЛОЦЬ КАБАНЧЫКА”

posted Dec 29, 2011, 11:11 PM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 29, 2011, 11:11 PM ]
У трэцяй дэкадзе сьнежня па ўсёй Беларусі пачалася хваля аблаваў. Не, не ўначы, не на “чорных варанках”, без грукату каваных ботаў малойцаў з НКВД. Хваля ідзе ўдзень, павольна і ня ўсе нават пачулі яе хлюпаньне. На аблавы выйшлі ціхія, далікатныя людзі — супрацоўнікі падатковай існпэкцыі рэжыму. Яны нікому не грубяць, нікога не чапляюць (пакуль што). Інспэктары ўважліва аглядаюць жыльлёвыя будынкі грамадзянаў і тэхніку, якая стаіць каля гэтых будынкаў. Падатковая ціхамірна шукае грамадзянаў, якія “не расплаціліся” з рэжымам.

Пра магчымасьць гэтых драматычных падзеяў чуткі папаўзлі з сярэдзіны сьнежня. З нетраў падатковай інспэкцыі ў грамадзтва прасачыліся зьвесткі, што толькі за студзень-верасень 2011 г. грамадзяне РБ закупілі замежных аўтамабіляў у тры разы больш, чым за кожны з папярэдніх гадоў. Падатковая нагадала таксама, што “яна ведае: многія ў краіне атрымліваюць заробкі ў капэртах” і “зь імі трэба разабрацца”. Вось і пачалася падрыхтоўчая стадыя да гэтага “разбору”. Падатковая праз сваіх начальнікаў ужо папярэдзіла грамадзтва, што сумы, выдаткаваныя на пакупкі звыш рэальных даходаў грамадзянаў, будуць абкладзены падаткам у 12%.

Выказваем упэўненасьць, што рэжымных бонзаў з “вертыкалі” і гэбэ гэтая аблава не закране. Па той простай прычыне, што яны самы гэтую аблаву і арганізоўваюць. Дастанецца ўсім іншым з ліку тых грамадзянаў, якія доўга думалі і казалі, што “эканоміка не залежыць ад палітыкі”, і лічылі сябе суцэльна лаяльнымі падданымі сістэмы лукашызма. Яны сапраўды атрымлівалі большую частку сваіх даходаў у капэртах, каб не дзяліцца з “абрыдлым калхозьнікам”. Такі сфармаваўся кур'ёзны від сацыяльных паводзінаў: не любіць рэжым, абзываць яго, не плаціць яму чынш, але ў цэлым быць яму лаяльным — “не соваться в політіку”.

Пасьля сфальшаванага выбарчага фарсу сьнежня 2010 года шэраг разумных і практычных людзей зразумелі, што пайшоў абвал і вырашылі выгадна ўкласьці свае “капэртныя” грошы. Яны дабудавалі свае вілы і прыкупілі за мяжой аўтамабілі, прадчуваючы набліжэньне эканамічных цяжкасьцяў. Яны толькі недаацанілі рэжым згаданага “калхозьніка”, які вёў свой па-ленінску дакладны “учёт і контроль”. У рэжыма цяпер узьніклі цяжкасьці з пабудовай новых гіганцкіх лядовых палацаў і дэльфінарыяў. З рабочых і сялян і так дзяруць тры скуры, значыць, засталіся “нэпманы”. Настала чарга тых, каму рэжым на працягу шэрагу гадоў даваў нейкую магчымасьць разьвіцьця ўласнага камфорту. У крымінальных колах гэтая трансакцыя называецца вельмі макабрычна: “адкарміць і закалоць кабанчыка”.

Патрыёты даўно папярэджвалі гэтых практычных і рэалістычных людзей, што дарога прыстасаванства да антычалавечай і антынацыянальнай дыктатуры вядзе ў яму. Але практычныя ад беларускамоўных адмахваліся: “Вы нас уже двадцаць лет пугаете. І где он, ваш этот крізіс?” Адмахваліся і рабілі па-свойму, без аглядкі да лёс Бацькаўшчыны, роднай культуры і мовы.

Йдзецца сапраўды не пра нейкіх злыдняў ці ненасытных мафіёзаў. Сярод чарговых ахвяраў падатковых аблаваў ёсьць шмат людзей, якія на сёлетнія “фальксвагены” і “мэрсэдэсы” выдаткавалі свае апошнія абмежаваныя рэзэрвы — не давяраючы банкам, яны зрабілі (як ім здавалася) практычны ўклад. Уклад яны зрабілі, але аддаваць кесаравыя 12% ім цяпер няма чым. На гэта ў рэжыму ёсьць правераныя сродкі. За падатковымі аблавамі сьледам ідуць падатковыя канфіскацыі. Цікава, што начальства падатковай інспэкцыі ўжо заявіла: “Ня трэба турбавацца і хадзіць да нас у офісы афармляць паперы. Нашы супрацоўнікі самы зьявяцца ў вашых дамах і офісах”.

Пакуль разгортваецца падрыхтоўчая фаза сучаснай формы раскулачваньня, многія з практычных людзей яшчэ не зразумелі, што адбываецца. Ціхая плынь яшчэ не замачыла ім ногі. Яны спадзяюцца прайсьці празь яе на дыбачках ад парогу дома да свайго аўтамабіля. Яны яшчэ сьмяюцца, калі гучыць словазлучэньне “нацыянальная салідарнасьць”. Ім усё яшчэ камфортна, ім ня верыцца (“ня верыцца” — любімая формула мільёнаў абрабаваных савецкіх людзей 1990-х гадоў).

А тым часам працэс разбурэньня нашай краіны набірае сілу.

Юрка Марозаў