ЗАМЕЖНЫ ДРУК (05-06.01.2012)

posted Jan 9, 2012, 9:01 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 9, 2012, 9:02 AM ]
Тэст на агентуру

5 студзеня 2012 г. ангельская газэта “Guardian” напісала пра падрыхтоўку ўрачыстых мерапрыемстваў у гонар 600-годдзя з дня нараджэньня Жаны Д'Арк. Калі ў Францыі цяжкія часы і крызісы, вобраз Арлеанскай дзявіцы набывае асаблівую сілу як увасабленьне нацыянальнага гонару. У 15-м стагоддзі вясковая дзяўчына ўзначаліла французкую армію і павяла яе да перамогі над ангельскімі захопнікамі падчас Стогадовай вайны. 6 студзеня сёлета ў яе роднай вёсцы Дамрэмі-ля-Пусэй адбудуцца ўрачыстасьці з удзелам прэзыдэнта краіны Сарказі, лідэра Нацыянальнага Фронту Марын Лё Пэн і іншых палітыкаў. Уся краіна будзе адзначаць юбілей нацыянальнай гераіні.

Наш камэнтар: Калі нацыя ўшаноўвае сваіх герояў і сваю мінуўшчыну, значыць яна жыве нармальным чалавечым жыцьцём і мае будучыню. Нездарма акупанты і захопнікі заўсёды стараюцца здэградаваць акупаваныя народы, фальсіфікуючы народную гісторыю.

Мы назіраем гэта ў акупаванай Беларусі. Патрыёты навучыліся адрозьніваць стукачоў і гэбэшнікаў. Апошнім часам, калі беларусы размаўляюць між сабой пра сваю гісторыю і сваіх герояў, канторская шваль пачынае галёкаць: “Надо думать о будушчем! О будушчем!”

Алесь Хадасевіч


Эўра-дзікунства

5 студзеня 2012 г. нарвэжская газэта “Dagbladet” апублікавала артыкул пад тытулам “У хуткім часе я пакіну Нарвэгію”. Мула Крэкар прыбыў у Нарвэгію ў 1991 г. ў рамках квоты на ўцекачоў з Іраку. Тут жыве таксама ягоная жонка і дзеці, цяпер яны грамадзяне Нарвэгіі. Мула заснаваў ісламісцкую арганізацыю “Ансар аль-Іслам” і публічна падтрымаў Асаму Бэн Ладэна. Неаднаразова ён выязджаў на Сярэдні Усход і вяртаўся ў Нарвэгію. Вышэйшы суд краіны прыняў рашэньне аб дэпартацыі Мулы з краіны. Але ўлады не зрабілі гэта, бо “не было дастатковых гарантыяў бясьпекі Мулы ў Іраку”. Цяпер на здымку ў газэце Мула сьмяецца і абяцае вярнуцца ў свой Курдыстан.

Наш камэнтар: Фантастыка! На Усходзе гінуць нарвэжскія жаўнеры ў змаганьні з ісламісцкімі тэрарыстамі, а самой Нарвэгіі куражыцца абаронены “гарантыямі” камандзёр і ідэёлаг забойцаў. Урэшце ён зарагатаў і паабяцаў выехаць з краіны (бо ў яго такая прыхамаць, але ён можа і перадумаць). Лібэралізм у чарговы раз дэманструе сваё дзікунства і няздольнасьць абараніць краіну і людзей.

Алесь Хадасевіч


Мубарака могуць павесіць

5 студзеня 2012 г. угорская газэта “Nepszabadsag” паведаміла, што пракурор запатрабаваў для зрынутага эгіпецкага дыктатара Мубарака кары сьмерці праз павешаньне. Былога прэзыдэнта краіны абвінавачваюць у карупцыі і ў тым, што ён аддаў загад страляць па дэманстрантах.

Наш камэнтар: Учора дыктатар крупнік вячэраў, а сёньня зубы ашчэрыў... Ёсьць адпаведнікі гэтаму песеннаму вобразу і ў эгіпецкім, і ў беларускім фальклоры.

Алесь Хадасевіч


Лібійцы лечацца ў Румыніі

5 студзеня 2012 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” напісала, што 42 параненых з Лібіі прыбылі ў Румынію, каб лячыцца ў шпіталях у Бухарэсьце.

Наш камэнтар: Калі народ змагаецца супраць антынароднай дыктатуры, іншыя народы прыходзяць яму на дапамогу.

Алесь Хадасевіч


Сірыйцы не давяраюць Арабскай Лізе

5 студзеня 2012 г. славацкая газэта “Pravda” напісала пра заяву камандуючага Вольнай сірыйскай арміі Рыжада аль-Асаада. Ён запатрабаваў, каб з Сірыі была выведзена місія назіральнікаў ад Арабскай Лігі, а за ўрэгуляваньне ўзялася ААН. Арабскія назіральнікі аказаліся ня здольнымі спыніць дыктатарскі гвалт у Сірыі.

Наш камэнтар: Беларусы таксама наглядзеліся былі на розных “назіральнікаў” ад розных структураў. Тыя ўсё “выхоўвалі” антыбеларускі рэжым, нешта казалі пра “правы чалавека” і вадзілі карагоды з падстаўной псэўдаапазыцыяй. Штораз рэжым вытурваў іх (нават такога заслужанага “назіральніка”, як Ганс Вік), але яны так нічаму і не навучыліся. (Праўда, і не зьбіраліся вучыцца.)

Юрка Марозаў


Перасьлед хрысьціян

5 студзеня 2012 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала, што арганізацыя “Open Doors” апублікавала сваю штогадовую справаздачу. У справаздачы напісана, што ў 50 краінах сьвету перасьледвалі 100 мільёнаў хрысьціян. Згадваецца Беларусь: “Улады абцяжарваюць практыкаваньне рэлігіі. Пратэстанцкія і каталіцкія актывісты знаходзяцца пад даглядам тайных службаў”.

Наш камэнтар: Наша акупаваная краіна ў справаздачы разам з такімі гуманітарнымі няшчасьцямі, як Савудаўская Аравія, Самалі, Іран, Узбэкістан. У нас адна дарога — тэрмінова вяртацца ў эўрапейскую хрысьціянскую цывілізацыю.

Юрка Марозаў


Змучыліся ад эўрабалагану

6 студзеня 2012 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” паведаміла з Францыі. Старшыня Нацыянальнага Фронту Мары Лё Пэн заявіла, што ў выпадку яе перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах яна будзе выводзіць краіну з зоны валюты эўра і рабіць стаўку на палітыку пратэкцыянізму.

Наш камэнтар: Нацыянальныя сілы Францыі будуць выводзіць радзіму з брусэльскага эўрабалагану. Паўсюль у Эўропе народы ўжо стаміліся ад фальшывай эўрапублікі.

Алесь Хадасевіч