БАНДЫТЫ І КРЫВАСМОКІ.

posted Jan 15, 2012, 5:26 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 15, 2012, 5:27 AM ]
Расповяд зь “нялюдзкай зямлі”

(ліст у рэдакцыю)

У Пінску я сустрэў знаёмага, які падгаварыў мяне паехаць у Калінінград, каб зарабіць. Ён сказаў, што быў там на маналітных працах і быццам бы добра зарабіў. 18 кастрычніка 2011 года я разам з 10 іншымі пінчукамі і 25 берасьцейцамі паехаў у Калініград. У інтэрнаце на вуліцы Вагонабудаўнікоў нас сустрэў брыгадзір і пачаў рассяляць у пакоі, прыкладна па 6 чалавек у адзін невялічкі пакой. Некаторыя пакоі былі ў грыбковай плесені і поўныя клапоў. Разам зь беларусамі ў інтэрнаце жылі таджыкі. Нас адразу ж папярэдзілі, каб мы з інтэрнату выходзілі толькі групамі. Мясцовыя расейскія фашысты нападаюць на пасобных людзей, б'юць “чужых”. Гэтыя мярзотнікі ўвесь час казалі, што беларусы сталіся горш за таджыкаў.

На наступны дзень нам выдалі спэцвопратку і павялі на аб'ект: будоўлю цэхаў соевага заводу. Працавалі мы па 10 гадзінаў, таксама і ў начную зьмену, без выходных. Я адпрацаваў так амаль поўных два месяцы. За гэтую нечалавечую рабскую працу на бэтонных работах я атрымаў тысячу даляраў. Больш за 300 даляраў пайшло на харчаваньне. Яшчэ 130 даляраў пайшло на квіток на самалёт у два канцы. Выплату заробку гаспадары рэгулярна затрымлівалі. Мы вымушаны былі па трое сутак галадаць. Я схуднеў на 20 кг. У інтэрнаце, каб памыцца, трэба было пасьпець раней за ўсіх. Пасьля 10 чалавек гарачая вада ў бойлерах заканчвалася і трэба было чакаць 5-6 гадзін або мыцца халоднай вадой.

Да беларусаў, як і да ўсіх гастарбайтэраў, было стаўленьне, як да быдла. Я атрымаў траўму падчас працы, зьвярнуўся да лекара па дапамогу. А ён сказаў, што ў мяне няма страхавога поліса, мэдкарты і рэгістрацыі, таму трэба плаціць за прыём. А ў мяне якраз не было грошай. Мне паказалі на дзьверы. Дзякуй Богу, што траўма аказалася не цяжкой. Праз два дні я неяк ачуняў і выйшаў на працу. Зразумела, што за гэтыя два дні мне не заплацілі. За тыдзень да ад'езду, аднак, высьветлілася, што ў нас усіх былі і рэгістрацыя, і дамова на працу. Паводле дамовы, мы павінны былі атрымаць па 6,5 тысячаў расейскіх рублёў (у два разы блолей за суму, якую нам заплацілі). Мы запыталіся ў гаспадароў, чаму нам так мала плоцяць. Яны патлумачылі, што ведаюць становішча ў Беларусі, колькі нам там плоцяць і як да нас ставяцца. Яны нам сказалі, што мы “лахі”. Калі, маўляў, не падабаецца, то можна яшчэ сотні і тысячы такіх знайсьці для працы, бо ў Беларусі няма куды дзецца.

Раней я не задумваўся над многім, не адрозьніваў Беларусь і Расею, усё было адно. Цяпер я ненавіджу гэтых бандытаў і крывасмокаў. Што ж гэта яны будуць тварыць на нашай зямлі, калі, крый Божа, захопяць яе зноў? Мы для іх не людзі. Дык што нам думаць пра іх?

Андрэй Пількевіч