УСЕ НА БАРАЦЬБУ З АНТЫНАРОДНЫМ РЭЖЫМАМ!

posted Jan 16, 2012, 12:26 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 16, 2012, 12:26 PM ]
(Выступ на студзеньскім Сойме БНФ і Протыі БНФ)

Паважаныя сябры Сойму, вітаю Вас ў Бацькаўшчыне і віншую з Новым 2012 годам! Зычу ўсім нам у гэтым годзе расквітацца з рэжымам.

Шмат хто зьвязвае з гэтым годам вялікія надзеі на перамены ва ўладзе і палітыцы. Глыбокіх падставаў дзеля гэтага пакуль што няма. Але могуць быць, бо зрухі ёсьць. У век паскудных тэхналёгіяў само праз сябе мала што адбываецца без кантролю ўлады над працэсамі. Але для нас важна адно (як найпярвейшая запаведзь) — усялякія перамены, якія будуць рабіцца бяз нас, абернуцца супраць нас. Перамены павінны рыхтаваць мы, беларусы, і канкрэтна — беларускія нацыянальныя сілы.

Ніякіх ілюзіяў ня трэба мець наконт дэманстрацыяў у Маскве. Яны там не выступаюць супраць сістэмы гэбізму, а толькі супраць Пуціна. Там усё скончыцца пшыкам, бо відаць як кіруе Лубянка. Нават калі заменяць Пуціна — гэбізм застаецца.

Расейская амбасада ў Менску зараз паводзіць сябе дакладна як у канцы XVIII-га стагоддзя калі імпэрыя рыхтавала захоп Вялікага Княства і дыпляматыя дзейнічала як рэзыдэнцыя і штаб падрыхтоўкі акупацыі. Рускі пасол Сурыкаў выступіў з недапушчальнымі агрэсіўнымі заявамі супроць беларускіх інтарэсаў і павінен быць выдалены з нашай краіны. Агрэсія крамлёўшчыны нзіраецца па ўсёй Беларусі.

Цяпер у Віцебску лукашысты схапілі і катуюць у турме чарговага беларуса — нашага мужнага сябра Партыі Сяргея Каваленку. Акупацыйны рэжым даўно ўжо перастаў маскавацца і вядзе адкрытую антыбеларускую вайну супраць нас на вынішчэньне краіны.

Мы зараз стараемся інфармаваць грамадзкасьць аб тым, што адбываецца, каб арганізаваць падтрымку Сяргею Каваленку. Людзі павінны ведаць пра ўсё, што робіць акупацыйны рэжым з нашым патрыётам, бо рэжым скончыцца і тады на месцы патрыётаў сядуць іхныя мучыцелі.

Прапаную Сойму прыняць заяву аб зьдзеках карнай сістэмы рэжыму над Сяргеем Каваленкам. (Праект падрыхтаваны.)

Бліжэйшая наша праца — пытаньне з крымінальнай прадажай Белтрансгазу. Справу трэба давесьці да суду і на гэтай падставе ставіць пытаньне аб крымінальнай і палітычнай адказнасьці Лукашэнкі за зробленае злачынства.

Трэба ўзьняць пытаньне аб выдаленьні дзяржаўных ідэолагаў (фактычна КГБ) з установаў і прадпрыемстваў.

І наступнае: выбары ў палату, намечаныя рэжымам, трэба байкатаваць у кантэксьце агульнага байкоту рэжымнай улады і палітыкі.

Па гэтых накірунках мы мусім зрабіць распрацоўкі канкрэтных дзеяньняў.

Жыве Беларусь!

15 студзеня 2012 г.

Зянон Пазьняк

Старшыня БНФ і КХП — БНФ