РУСІФІКАЦЫЯ. КРАМЛЁЎСКІ ЦІСК НА БЕЛАРУСЬ

posted Jan 16, 2012, 12:28 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 16, 2012, 12:28 PM ]
(Студзеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

15 студзеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ (апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Выступоўцы выказалі трывогу ў сувязі з цяжкім станам, у якім знаходзіцца за кратамі ў Віцебску сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Сяргей Каваленка. Кіраўніцтва і сябры Партыі заклікалі і заклікаюць яго спыніць галадоўку. Нельга галадаць у канцлягеры. Неабходна арганізаваць грамадзкі пратэст у Беларусі супраць крымінальных дзеяньняў антыбеларускага рэжыму, які судзіць патрыёта, што амаль месяц трымае галадоўку. Сяргей Каваленка павінен быць пераведзены ў шпіталь, яму неабходная мэдычная дапамога. Але рэжым трымае аслабленага чалавека, які мае хваробу сэрца, за кратамі амаль месяц, а на працягу апошніх двух тыдняў у карцары. Кіраўніцтва і сябры Партыі будуць прыкладаць усе намаганьні дзеля арганізацыі палітычнага пратэсту з боку дэмакратычных краінаў супраць гвалтоўных, злачынных дзеяньняў рэжыму.

Мы заклікаем таксама аказаць матэр'яльную падтрымку сям'і Сяргея Каваленкі, якая ня мае сродкаў на існаваньне пасьля таго як за краты кінулі Сяргея, ад якога найбольш залежыла забесьпячэньне сям'і. Просім перадаваць дапамогу непасрэдна ў рукі маці і жонкі сп. Каваленкі альбо кіраўніцтву КХП — БНФ (якое тэрмінова перадасьць дапамогу ў сям'ю сп. Каваленкі) і не карыстацца іншымі спосабамі.

Выступоўцы адзначылі таксама, што шэраг незалежных СМІ, якія выходзяць у Беларусі, дапусьцілі недакладнасьці ў адлюстраваньні драмы Сяргея Каваленкі і ягонай сям'і. З некаторых матэр'ялаў, напрыклад, вынікае, што сп. Каваленка нібыта спыніў галадоўку. На самой справе галадоўка працягваецца

Трэба адзначыць, што ўсе службовыя асобы, якія ўзялі ўдзел у крымінальных дзеяньнях супраць Сяргея Каваленкі і ягонай сям'і, павінны панесьці адказнасьць па закону. Міне час і адказваць прыйдзецца.

Сябры Сойму адзначылі далейшае паглыбленьне сацыяльна-эканамічнага крызісу ў нашай краіне. Заявы амбасадара Расеі сп. Сурыкава аб неабходнасьці ўвядзеньня ў Беларусі расейскага рубля і аб умяшаньні Расеі ў эканамічныя працэсы ў нашай краіне зьяўляюцца агрэсіўнымі імпэрыялістычнымі заявамі расейскага дыпламата, які павінен быць абвешчаны “пэрсонай нон грата”.

Захоп расейскім мафійным капіталам важнейшых прадпрыемстваў і вытворчых інфраструктураў у Беларусі набывае ўсё большую інтэнсіўнасьць. Усе гэтыя “зьдзелкі” і “дамовы” Масквы з нелегітымным антыбеларускім рэжымам зьяўляюцца юрыдычна нікчэмнымі. Пасьля ліквідацыі акупацыйнага рэжыму і дэмакратызацыі Беларусі ўсе гэтыя лукашыстоўска-маскоўскія “зьдзелкі” будуць адменены і нацыянальная маёмасьць будзе вернута нашаму народу і нашай дзяржаве.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра дзікую палітыку русіфікацыі, якую праводзяць рэжымныя структуры. Сябры паведамілі таксама пра дзеяньні псэўдаапазыцыйных структурак і дзеячаў, якія ўжо пачалі прапагандысцкую кампанію за ўдзел у чарговым выбарчым фарсе антыбеларускага рэжыму. Людзі сьмяюцца з гэтай публікі і гоняць яе ад сябе. Беларусаў нельга падманваць увесь час. Народ ужо ня верыць гэтым няшчырым асобам, якія зарабляюць свае грантаўскія грошы на падмане людзей.

Сойм прыняў заяву “Карная сістэма антыбеларускага рэжыму мэтанакіравана нішчыць здароўе палітычнаму зьняволенаму Сяргею Каваленку” (публікуецца).

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

15 студзеня 2012 г.