СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

posted Jan 28, 2012, 2:25 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 28, 2012, 2:29 PM ]
Такое Мэнгеле ня сьнілася...

У нашай гісторыі Беларусь на заходнюю і ўсходнюю заўсёды дзялілі ворагі і акупанты. Дзялілі (на словах і на справе) нашу краіну паміж сабой. У наш час таксама адбываецца гэты падзел, але без афіцыёзных дэкларацый і структурамі аднаго ворага — лукашыстоўскага акупацыйнага рэжыму, якім кіруе Масква.

Геаграфічныя вектары гэтым разам ні пры чым. Маецца на ўвазе падзел нашай дзяржаўнай тэрыторыі і насельніцтва на чарнобыльскія раёны і абшары, якія лічацца “чыстымі”. Начальнік рэжыму неаднаразова заяўляў, што ён “адмяніў радыяцыю” і “рэабілітаваў яе”. Але ўсе разумеюць, што гэта ёсьць трызьненьне зьнішчальніка народа. Сотні тысячаў беларусаў працягваюць жыць там, дзе нельга жыць людзям, дзе ўсё атручана “мірным атамам” на тысячагоддзі. Многія ў Беларусі і некаторыя ў сьвеце ўжо зразумелі, што над нашым народам, над нашымі дзецьмі праводзіцца антычалавечы экспэрымэнт, маштабам якога пазайздросьціў бы знакаміты доктар Мэнгэле, што вызначыўся зьверскімі экспэрымэнтамі ў Асьвенцыме.

Але паміж Мэнгэле і лукашыстамі ёсьць розьніца. Сотні тысячаў беларусаў жывуць у чарнобыльскіх раёнах не пад асьвенцымскім эсэсаўскім канвоем, не пад кулямётнымі вежамі. Людзей нібыта не прымушаюць жыць у атручаных радыяцыяй мясьцінах, нібыта не прымушаюць працаваць на атручанай зямлі і вырабляць атручаную прадукцыю. Усё нібыта “дабраахвотна”, для людзей жа гэта ёсьць родныя мясьціны.

Тысячы сем'яў, якія эвакуяваліся з чарнобыльскіх раёнаў, “дабраахвотна” вярнуліся на атручаную тэрыторыю. Таму што на новых месцах яны не змаглі жыць нармальна, працаваць, уключыцца ў сацыяльнае жыцьцё і г.д. Яны зразумелі, што антыбеларускі рэжым ня хоча, каб яны жылі па-за Чарнобыльскай зонай. Тым больш, што за паслячарнобыльскія гады гэтыя людзі ўбачылі, як па-рознаму разьвіваюцца рэгіёны Беларусі. Калі чарнобыльскія бежанцы пасяліліся, напрыклад, у Стоўбцах на захадзе Беларусі, то іх адразу ўразіла адсталасьць і затарможанасьць сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця горада і раёна. Працы практычна няма, транспартныя інфраструктуры дапатопнага ўзроўню або зусім не існуюць (у даволі вялікім горадзе Стоўбцах не існуюць гарадзкія аўтобусы). Праз чыгуначныя рэйкі (што ідуць да самага Парыжу) няма пешаходнага маста з часоў ІІ Сусьветнай вайны. Мост пачалі нібыта будаваць у 1990-я гады, але спыніліся на палове палатна. Так цягнікі і едуць гадамі пад гэтым архітэктурным ламаччам. Паўсюль разьбіты асфальт, людзі ламаюць рукі і ногі на сьцяжынах і гінуць пад коламі цягнікоў. А зьезьдзіўшы на радзіму, бежанцы з Калінкавічаў (Гомельшчына) вяртаюцца “натхнёныя і бадзёрыя”. Іх ўразіла тое, што яны ўбачылі там, адкуль яны ўцяклі пасьля катастрофы: рэжым будуе магістралі, палацы культуры з мазаікамі і вітражамі, “у крамах усяго поўна”. Некаторыя з бежанцаў не вытрымліваюць і вяртаюцца з дзецьмі ў свой чарнобыльскі раён.

Відавочна, што антынародным рэжымам пастаўлена задача прыдушыць чалавечае, эканамічнае і сацыяльнае жыцьцё ў заходніх рэгіёнах нашай краіны. Асноўныя сродкі кінуты акупантамі ў Чарнобыльшчыну, каб там “весела жылося з мазаікамі і вітражамі”. Тым больш, што пад палацавыя праекты бонзы рэжыму цудоўна навучыліся раскрадаць мільярды народных сродкаў. Такое Мэнгеле сапраўды ня сьнілася...

Казармавы зьдзек з дзяцей

З правінцыі паступаюць зьвесткі пра падзею пэўнай даўніны. Хто ведае, быць можа гэтая падзея запомніцца беларускім дзецям на ўсё жыцьцё, горкім асадкам застанецца ў душы. Маецца на ўвазе “презідентская ёлка”, якую наладзіў менскі афіцыёз у “Палацы рэспублікі” з удзелам начальніка антыбеларускага рэжыму 27 сьнежня 2011 г.

Адбор дзяцей-удзельнікаў “ёлкі” праводзіўся ў строгіх формах па ўсёй краіне. Прыярытэтам для накіраваньня на сьвята карысталіся дзеці з дзіцячых дамоў, з няпоўных сем'яў, з сем'яў з малым даходам і г.д. Малыя і іхныя пэдагогі ды сямейнікі загадзя рыхтаваліся да паездкі “к презіденту”: шылі з чаго маглі прыгожыя і яркія строі. Ладзілі з падручных сродкаў кароны і іншыя ўпрыгожваньні. Усё гэта складвалася ў скрынку, дзеці з нецярпеньнем чакалі сьвяточнага дня ў сталіцы.

Аднак перад самым ад'ездам у Менск па ўсёй краіне разьляцеліся дэпэшы з загадам: “Никаких излишеств, всем детям прибыть в Минск в одинаковых нарядах — чёрный низ, белый верх”. Дзеці заплакалі над сваімі скрынкамі і паехалі ў сталіцу без казачных строяў. Іх так і сабралі некалькі сотняў у “дворце с презідентом” — уніформную масу, усе хлопчыкі ў чорных портках і белых кашулях, усе дзяўчынкі ў чорных спаднічках і белых блюзках.

Аказалася, што іх запрасілі на сьвята не як удзельнікаў, а як статыстаў. Яны стаялі, а перад імі круціліся ў адрэжысіраваных танцах некалькі дзясяткаў мясцовай “дзіцячай эліты”: выхаванцы розных танц-клубаў для сталічных дзяцей. “Эліта” сьмяялася, гарэзіла ў прыгожых строях, а бела-чорныя простыя беларусы ціснуліся пад “презідентскую ёлку”.

Дзеці і дарослыя, што іх суправаджалі, вярнуліся ў родныя мясьціны глыбака ўражаныя перажытым. Гэта былі выключна адмоўныя ўражаньні. Рэжым глыбака абразіў нашых дзяцей. Рэжым прадэманстраваў сваю натуральную сутнасьць. Лукашызм — гэта адзін з відаў казарменнага фашызму.

Янка Базыль