САЛІДАРНАСЬЦЬ І ЭКЗАТЫЧНЫ “КАЙФ”

posted Feb 7, 2012, 7:44 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 7, 2012, 7:44 PM ]
Вялікі французкі літаратар Рамэн Ралан настолькі быў шакаваны эўрапейскай братазабойчай вайной 1914-18 гг., што вырашыў ня ўдзельнічаць у ёй ніякім чынам, а (як ён вызначыў гэта) “устаць па-над бойкай”. З першых дзён вайны ён выехаў у Швайцарыю і жыў там да канца канфлікту. Свой аўтарытэт, свае сілы і сродкі Ралан выкарыстоўваў на гуманітарныя справы. Ён арганізаваў сістэму гуманітарнай дапамогі палонным і ўцекачам, сіратам і параненым, якая дзейнічала па ўсёй Эўропе. Ягонымі намаганьнямі была арганізавана паштовая сувязь праз Швайцарыю паміж краінамі, што знаходзіліся ў стане вайны. Дзякуючы ягонай ахвярнай дзейнасьці былі выратаваны многія жыцьці, сотні тысячаў сем'яў атрымалі зьвесткі ад сваіх блізкіх, якія апынуліся па другі бок фронту, у палоне і на выгнаньні.

Ёсьць у Ралана невялікі артыкул таго пэрыяду, у якім адлюстраваны групавы партрэт тых, што таксама самаізаляваліся ад вайны ў нэўтральнай і мірнай Швайцарыі. З вакна сваёй кватэры Ралан бачыў іх штодня. Маладыя нашчадкі французкіх і нямецкіх багацеяў з раніцы да вечара каталіся на лыжах, весела куляліся ў сьнезе, абліваліся шампанскім у рэстаранах. Ралан задаваўся пытаньнямі: “Як можна? Зусім побач, па ўсёй Эўропе забіваюць мільёны людзей, паляць гарады, разбураюць помнікі культуры, а ім хоць бы што. Ім весела”. Сумленны чалавек ня мог зразумець, як можна захаваць весялосьць на фоне каласальнай народнай трагедыі.

Вядома, што такія ж пытаньні ставілі перад сабой і грамадзтвам сумленныя людзі ў саўдэпіі падчас Аўганскай вайны. Калі скалечаныя і траўмаваныя жаўнеры і афіцэры вярталіся з Аўгана дадому, яны зьдзіўляліся поўнай адключанасьці людзей, занятых толькі сабой, і абыякавасьці суграмадзянаў да чалавечай драмы ў далёкай экзатычнай краіне. Тое самае перажылі потым вэтэраны Чачэнскіх войнаў, якіх шакавалі расперазанасьць і багацьце маскоўскай дзяржмафіі, што тлусьцела на крыві народаў.

Здаецца, апошнімі гадамі не вядуцца рэгулярныя ваенныя дзеяньні ў нейкай афіцыйна абвешчанай рэгулярнай вайне ні ў Расеі, ні ў Беларусі (дзе пануе прамаскоўскі акупацыйны рэжым). Але з кожным годам разбураецца эканоміка, адбываюцца незьлічоныя чалавечыя драмы, насельніцтва зьмяншаецца на сотні тысячаў душаў — гэта ёсьць сапраўдная статыстыка вайны, якую гэбізм вядзе супраць паняволеных народаў. На постсавецкай сацыяльнай арэне Рамэн Ралан зноў убачыў бы сцэны расперазанай і шалёнай весялосьці. Не ў ізаляванай ад драмы Швайцарыі, а проста пасярод чалавечай драмы. Цэлая праслойка асобаў навучылася камфортна існаваць на народнай бядзе: пабудавала маёнткі, езьдзіць на раскошных аўтамабілях, куражыцца ў рэстаранах, наладжвае сябе калядны адпачынак на экзатычных пляжах.

І гэта не абавязкава нейкія супэрмэны-алігархі (якіх колькасна ня так і шмат). Гэта розныя калібры алігарчыкаў і далучаных да алігархіі, фірмачы і “дзелавыя людзі”, верныя рэжыму адміністратары і службісты. Зьвязвае іх адно — у іх ёсьць шалёныя грашовыя сумы розных памераў, якія яны выдаткоўваюць на розны “кайф”. Адны ў Куршавэлі і Манака, іншыя ў “банальных” 5-зоркавых атэлях Балі і Патаі. І яшчэ адна повязь паміж людзьмі гэтай праслойкі. Скажы ім пра народную бяду, пра неабходнасьць спачуваньня, чалавечай і нацыянальнай салідарнасьці, то яны зарагочуць і пашлюць вас куды падалей. Яны вельмі задаволены сваім сацыяльным месцам у герархіі эпохі гэбізма, яны гэбізму лаяльныя, “нікуды ня лезуць” і ўпэўненыя, што так яно будзе вечна.

І вось у Маскве адбылася звычайная для Расеі падзея: ляснула фірма. Турыстычная фірма “Латрана-тур”. Што праўда, буйнейшая ў РФ турыстычная фірма, хутчэй турыстычны сіндыкат, які выглядаў магутным і добра адладжаным. У інфармацыйную прастору пайшло паведамленьне, што “Латрана” збанкрутавала. Людзі, што ўклалі ў яе грошы, кінуліся ў яе бюро ў Маскве і іншых гарадах РФ. А там на дзьвярах вісяць вялікія замкі, вакенцы для прыёму кліентаў (і валюты кліентаў) заклеены скотчам. Міліцыя кажа, што начальніца фірмы і яе намесьнікі “скрылісь в неізвестном направленіі”, іх шукаюць.

Аказалася, што ўжо на працягу гадоў “Латрана” разбудоўвала фінансавую піраміду, круціла жульніцкія афёры, падманвала кліентаў і замежных партнёраў. Тысячы людзей ужо заплацілі немалыя грошы, закупіўшы турпаездкі за некалькі месяцаў наперад, а ім пад нос вісячы замок...

Але гэтыя сцэны нельга нават параўнаць з тым, што адбываецца цяпер у вышэйзгаданых Балі і Патаі, а таксама ў Індыі, Італіі і Францыі. Тэлеканалы паказалі, як там па вуліцах і пляжах блукаюць некалькі тысячаў русскоговоряшчіх постацяў, замотаных у прасьціны і пледы. Гэта кліенты збанкрутаванай “Латраны”. Іх вытурылі з гатэляў і рэстаранаў, не даюць есьці і кажуць, што іхныя квіткі на зваротны авіярэйс ануляваны і трэба купляць новыя. Людзі ў адчаі. Іх, як кажуць у Маскве, “здорово кінулі”. Нам цікава, што сярод гэтых няўдачнікаў апынулася некалькі дзесяткаў ( а можа і сотняў) беларусаў. Яны спрабуюць сунуцца ў піцэрыю (дзе ўсё нібыта аплочана “Латранай”), а іх штурхаюць і груба гукаюць: “Russo, vai via!” (“Рускі, пшёл вон!”). Беларусы на сваёй скуры адчулі, што такое пабыць “рускім” і што ёсьць адсутнасьць чалавечай салідарнасьці. Толькі ці зразумеюць яны нешта? (Нічога не зразумеюць.)

Ці зразумеюць яны, што ў выпадку такой бяды нацыянальна сьведамыя народы (швэды, немцы, амэрыканцы, італьянцы і г.д.) адразу б пачалі зьбірацца разам у нацыянальныя групы, вызначаючы сваіх перш за ўсё па роднай мове? Разам такой групе было б прасьцей вырашыць свае праблемы і дамагчыся сваіх правоў. Нацыянальна сьведамыя ўрады адразу б выслалі ў зону бяды самалёты, каб эвакуяваць сваіх грамадзянаў. Імі б займаліся, кінуўшы ўсе свае справы, нацыянальна сьведамыя амбасады і кансулаты гэтых краін. Суграмадзяне б ні дня не бадзяліся па вуліцах чужых гарадоў.

Кансулаты РФ у краінах турыстычнага бізнэсу робяць нейкія заявы і не сьпяшаюцца апекавацца сваімі курортнікамі. Лукашыстоўская гора-дыпламатыя нават не пачухалася. Прыкметна, што і ў шырокіх слаях беларускага грамадзтва таксама няма праяваў спачуваньня постацям у прасьцінах. Некаторыя нават кажуць, што “так ім і трэба...” І дадаюць некалькі рэзкіх словаў.

Людзі не спачуваюць тым, хто “кайфаваў” з маскоўскай жульніцкай фірмай на фоне нашай народнай бяды. Прыкра ўсё гэта...

Янка Базыль