ЗАМЕЖНЫ ДРУК (24-28.01.2012)

posted Feb 7, 2012, 7:45 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 7, 2012, 7:45 PM ]
Прапагандысты благога

24 студзеня 2012 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” напісала з Расеі. Прэзыдэнцкая кампанія ў РФ суправаджаецца цудамі. Пачала “міраточыць” ікона з выявай сьвятога Пуціна. Так распавядае матушка Фацінья. Былая чыноўніца чыгуначнага транспарту на пэнсіі заклала сваю сэкту, сабрала там людзей, якія перадалі ёй сваю маёмасьць і жыльлё. Сэктанцкая матушка сказала журналістам: “Пуцін — гэта шлях Расеі. У адным з сваіх мінулых жыцьцяў ён быў князем Уладзімірам і хрысьціў Русь. Цяпер Уладзіміра Уладзіміравіча чакае заданьне пахрысьціць нашую паганскую зямлю”. Мясцовы бацюшка РПЦ не прызнаў гэтую сэкту.

Наш камэнтар: У Расеі любяць такіх “сьвятых” і такую містыку. Апошнім часам гэтую лухту спрабуюць навязаць і беларусам. У грамадзкім транспарце нейкія матушкі пачалі галёкаць: “Над Лукашенко благодать! Каждая власть от Бога!” Але стомленыя маразмам людзі сьмяюцца з гэтых прапагандыстаў.

Алесь Хадасевіч


Крывадушная заява

25 студзеня 2012 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала з Брусэлю: “Камісар Эўразьвязу у справах пашырэньня ЭЗ і дачыненьнях з суседнімі краінамі Штэфан Фюле сустрэўся з прадстаўнікамі беларускіх праваабарончых арганізацый. Ён заклікаў прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку вызваліць усіх палітвязьняў”.

Наш камэнтар: На працягу апошніх дзён “незалежныя дэмСМІ” у Беларусі перадаюць пра Фюле і іншых з эўраструктураў, якія і так і гэтак “апэлююць да Лукашэнкі”. Аднак ніхто з гэтых эўрадзеячаў анісловам не згадаў пра дзікія зьдзекі рэжыму над патрыётам-фронтаўцам Сяргеям Каваленкам. Крывадушная, двухаблічная эўрапалітыка.

Юрка Марозаў


Расейская рэзэрва

27 студзеня 2012 г. латвійская газэта “Diena” напісала, што расейскі ЦВК афіцыйна адмовіўся рэгістраваць Г. Яўлінскага кандыдатам на прэзыдэнцтва. Маўляў, у яго падпісных лістах шмат несапраўдных подпісаў.

Наш камэнтар: Даўно вядома, што подпісы за вылучэньне “рысуюць” усе. Справа ня ў тым. Проста Яўлінскі ўжо выканаў сваю ролю ў лубянскім электаральным сцэнары. Ён на працягу 20 гадоў мабілізаваў “дорогіх россіян” на выбарчыя фарсы, арганізаваныя Крамлём, але ўжо прыеўся ўсім. Яго накіроўваюць у рэзэрвы. Надзьмуты фэномэн пад назовам “русская демократія” з пшыкам здзьмуваецца...

Алесь Хадасевіч


Гаварыльня ў Расеі

28 студзеня 2012 г. румынская газэта “Adevarul” апублікавала артыкул пад тытулам “Гарбачоў хоча новай “Гласності”. Апошні лідэр СССР М. Гарбачоў запрапанаваў у Маскве правесьці рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі РФ, якая дазволіла ўзьнікнуць аўтакратычнай сістэме начале з Уладзімірам Пуціным. Рэфэрэндум дасьць магчымасьць стварыць новую партыю, якая возьмецца за рэформы.

Наш камэнтар: Бачым, што Гарбачоў прапануе ліквідаваць лубянскую сістэму на рэфэрэндуме, арганізаваным гэтай аўтакратычнай сістэмай і лічно тав. Пуціным. Мякка кажучы, арыгінальныя прапановы... Нават многія расейцы здагадаліся, што адзіным спосабам ёсьць байкот гэтай сістэмы і яе “выбараў”.

Алесь Хадасевіч


Фальшывая інфармацыя

28 студзеня 2012 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” паведаміла з Казахстана. У Алматы адбылася дэманстрацыя казахскай апазыцыі. Каля тысячы чалавек пратэставалі супраць спрэчных выбараў і супраць нядаўняй расправы ўладаў над рабочымі-нафтавікамі. Паліцыя затрымала кіраўнікоў апазыцыі, якіх асудзілі да 15-18 сутак арышту.

Наш камэнтар: Аўстрыйская газэта неяк “забылася” паведаміць, што людзі ў Алматы патрабавалі таксама, каб Казахстан выйшаў прэч з такзванага “Мытнага саюзу з РФ і РБ”. Проста аўстрыйцы сьпісалі паведамленьні з Алматы з маскоўскіх паведамленьняў, а тыя анісловам не згадалі пра гэтае сутнаснае патрабаваньне пратэстуючых. Масква ніколі не паведаміць, што казахі выступаюць супраць маскоўскіх імпэрскіх хаўрусаў.

Юрка Марозаў


Нікчэмная інфармацыя

28 студзеня 2012 г. славацкая газэта “SME” напісала, што ў Екацерыбурзе тысячы людзей дэманстравалі сваю падтрымку Пуціну. На іхных транспарантах было напісана “За моцнага прэзыдэнта і моцную Расею”.

Наш камэнтар: Расейскія журналісты ўжо абвясьцілі на ўсю РФ, што тысячы людзей у Екацерынбурзе былі прымусам і подкупам сагнаныя мясцовымі ўладамі на гэтую дэманстрацыю. Гэтага ня ведаюць толькі славацкія і іншыя заходнія журналісты, якія хуценька счырыкалі паведамленьне пра “дэманстрацыю за Пуціна” з паведамленьняў афіцыйных (або падстаўных) маскоўскіх агенцый.

Алесь Хадасевіч


Сірыйцы разабраліся

28 студзеня 2012 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра вэто Расеі ў Радзе Бясьпекі ААН на праект Лігі арабскіх краінаў па ўрэгуляваньню сытуацыі ў Сірыі. Тысячы людзей ў сірыйскіх гарадах пратэстуюць супраць дыктатуры Асада. У руках дэманстрантаў таксама вялікія плакаты-карыкатуры на Пуціна і з праклёнамі Маскве.

Наш камэнтар: Яшчэ адзін народ разабраўся, што Расея — саўдзельнік у антынародным злачынстве.

Юрка Марозаў