ПАМІЖ СЦЫЛАЙ І ХАРЫБДАЙ

posted Feb 13, 2012, 9:29 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 13, 2012, 9:29 PM ]
(Ліст на Сойм КХП — БНФ)

Нядаўна я атрымаў ліст ад добрага чалавека, у якім ён паведамляе мне, што аднаму са спарынг-партнёраў Лукашэнкі і суб'екту электаральнай правакацыі выбараў 19 сьнежня 2010 года амэрыканскае тэлебачаньне задало традыцыйнае сваё амэрыканскае пытаньне: “Чым Амэрыка можа дапамагчы беларускаму народу?” І што б на гэта адказаў я, пытае мяне добры чалавек?

Таму, хто чуў такое ад амэрыканскіх чыноўнікаў, палітыкаў і журналістаў сотні разоў, нельга было ні ўсьміхнуцца. Але адказ мой стаўся такі: “Дапамагчы выратаваць беларускага героя Сяргея Каваленку”. Гэта ўсё, чаго мы ад Амэрыкі жадалі б. І чаго яна ня зробіць. І мы гэта ведаем.

Пакінем пакуль у баку амэрыканскую тэму і ня будзем даваць ёй ацэнак. Замест гэтага я хацеў бы зьвярнуцца да Сяргея Каваленкі, каб спыніў галадоўку, якая адбываецца пад гвалтам прымусовага кармленьня. Сэнс галадоўкі скончыўся тады, калі лукашысты, парушыўшы ягонае права і закон, сілай яго зьвязалі і пачалі (насуперак яго волі) уводзіць яму харчаваньне ў арганізм. Прымусовае харчаваньне галадоўніка руйнуе яго здароўе. Нішчачы чалавека, каты ствараюць сабе бандыцкае алібі ў выпадку лятальнага зыходу. Маўляў, а мы яго ратавалі. Галадоўку гвалтам спынілі Каваленку яны — ягоныя турэмшчыкі-гвалтаўнікі. Таму цяпер трэба прыняць рашэньне разумна выходзіць з галаданьня самому і рыхтаваць зварот у пракуратуру аб зьдзеках над яго асобай у турме, аб парушэньні яго права на галадоўку пратэсту. Гэта трэба рабіць, каб ніхто з катаў і абслугі рэжыму потым ня здолеў адмыцца.

* * *

Мы зьяўляемся сьведкамі голасных спрэчак ў Беларусі і на Захадзе на тэму байкоту выбараў і санкцыяў супраць рэжымных чыноўнікаў. Акрамя звычайнага зацікаўленьня пытаньнем тут відаць яшчэ праява нэрвовай актывізацыі агентуры, якая паказвае, наколькі небясьпечным здаецца беларускі байкот для антыбеларускага рэжыму і лубянскай Масквы.

Асобы, якія на працягу шматлікіх гадоў сістэматычна выступалі супраць байкоту і нашай фронтаўскай нацыянальна-вызвольнай палітыкі, раптам дружна пачалі казаць пра байкот з выглядам людзей, якія толькі што нарадзіліся на сьвет.

Але гэта тыя самыя асобы, якія ў 2004 годзе зрабілі самае вялікае злачынства псэўдаапазыцыі — сарвалі байкот галасаваньня і дапамаглі Лукашэнку правесьці незаконны рэфэрэндум аб бестэрміновых паўнамоцтвах яго на ўладу ў Беларусі. Пралангацыя рэжыму адбывалася з рыторыкай антыбайкоту і пад лёзунгам: “Иди и скажи свое нет!”. І пайшлі. Што сказалі — ужо ня важна. Лічыліся не галасы, а ўдзел у галасаваньні. І яны тое ведалі.

Фігуранты гэтай справы нясуць адказнасьць за ўзурпацыю улады Лукашэнкам побач з функцыянерамі і злачынцамі антыбеларускага рэжыму.

Цяпер некаторыя зь іх, што адмовіліся ад байкоту 2010 года, ўдзельнічалі ў выбарах у ролі кандыдатаў і ў рэжымнай правакацыі 19 сьнежня, нечакана для сябе апынуліся ў турме ў якасьці разьменнай манеты дзікунскай улады, але сумняваюся, ці разумеюць яны сваю ролю ў палітыцы гэтай цемры.

Некалі палкоўнік рускага КГБ (ФСБ) Аляксандар Ліцьвіненка зразумеў псіхалёгію Лубянкі, і, калі яго паслалі ў Лёндан забіць Беразоўскага, здаўся Скотланд-Ярду (ведаў, што забіўшы Беразоўскага, будзе забіты сам). Але і гэта не ўратавала яго. Шкода чалавека. Позна апамятаўся.

Цяпер агітатараў за выбарыі і кандыдатаў на выбарах, скарыстаўшыся іх паслугай у забесьпячэньні фармальнага галасаваньня (і магчымасьці фальсіфікацыі), трымаюць за кратамі і катуюць у турме, прымушаюць каб пісалі кату аб памілаваньні і вызваленьні з турмы. Абсурд — чуюцца галасы — сюррэалізм!

Гэта абсурд для нармальнага розуму. Для мазгоў, збочаных гэбізмам, гэта сатанінская палітыка выбіваньня права адзіналічна распараджацца душой чалавека. Напісаць такому кату аб памілаваньні — тое самае, што напісаць д'яблу і прызнаць віну. Вязень робіцца ягоным палітычным таварам, які кат можа прадаць свабодна, без абавязкаў перад пакупніком і законам, па любой цане, з гуманнай маскай на твары.

Такога ня памятае сьвет, бо ніколі не было яшчэ такой гразі на вяршыні ўлады. Гэта тая ўлада, тыя апраметныя дачыненьні, існаваньню якіх яшчэ тады, у 2004 годзе, паспрыялі якраз гэтыя засуджаныя катам асобы (і спрыялі, дарэчы, у 2010-м). Ня ведалі, што тварылі? Ведалі.

Дык хто яны, гэтыя людзі? Безумоўна, ахвяры. Ахвяры д'ябальскай палітыкі, якую яны самаупэўнена не хацелі разглядзець, жывучы ў тумане чужых ілюзій (аплочаных, на няшчасьце, грашыма).

Увесь трагізм людзей, якія калі-небудзь траплялі ў гэбоўскія засьценкі, месьціцца ў тым, што ні псіхіка, ні нэрвы, ні арганізм чалавека не вытрымліваюць катаваньняў. Чалавек альбо ламаецца і гатовы на самаагавор, альбо памірае (адразу ці потым — у выніку страты здароўя). Таму ў праўных краінах катаваньне забаронена.

Палітвязьні савецкага ГУЛАГу (дысідэнты) гэта добра ведалі, і, калі чалавек не вытрымліваў ціску катаў і здаваўся, то паплечнікі яго не асуджалі, успрымалі са спачуваньнем і па-чалавечаму. Адзіная перамена (і цалкам аб'ектыўная) — яго ўжо выключалі з кола сваіх асаблівых палітычных інтарэсаў, не пасьвячалі ў сур'ёзныя і агульныя справы.

Захаваліся сьведчаньні з пэрыяду сталінскага тэрору (тады калі бальшавікі нішчылі адзін аднаго), што некаторыя, ідучы на допыт, перадавалі сукамэрнікам, каб ніхто ня верыў таму, што ён скажа на допыце ў час катаваньняў.

Гэта звычайная зьява на судовых працэсах (таксама цяпер), калі абвінавачаны адмаўляецца ад паказаньняў, дадзеных у час сьледзтва на той падставе, што вымушаны быў агаварыць самога сябе ў выніку катаваньняў. Сытуацыя з лукашысцкімі закладнікамі ў турме такая самая. Разумныя людзі даўно на гэта зьвярнулі ўвагу і раяць ім не гуляць ў напарстак з катам, напісаць яму, што ён хоча — ліст аб памілаваньні. Усе ж ведаюць якім спосабам выбівалі ліст. Маральная цана такога ліста ніякая.

Тут цалкам рацыянальны падыход. Так можна рабіць без істотнай шкоды для сваёй асобы. Але ёсьць яшчэ цана — палітычная — тая “д'ябальшчына” пра якую я пісаў вышэй. Прашэньне не азначае хуткага і гарантаванага вызваленьня. Кат будзе чакаць кан'юнктуры на рынку. У гэты час падпісантам могуць ставіць новыя умовы, прымушаць, напрыклад, супрацрўнічаць з КГБ (хто яшчэ не супрацоўнічае), пераводзіць у Магілёскую турму (дзеля страты здароўя) і г.д.

Парады вязьням, якіх катуюць нечалавечымі ўмовамі, даваць ня проста і нават рызыкоўна. Ім вядома больш. Кожны свае паводзіны выбірае сам. (Галоўны крытэр — не зрабіць шкоды іншым). Прыняць іхную пазыцыю самазахаваньня трэба з разуменьнем, па-людзку, без асуджэньня. Невядома, як паводзілі б сябе мы, апынуўшыся на іх месцы. Але адно зразумела. Антычалавечая, антынацыянальная ўлада ўзурпатара мусіць быць ліквідавана як найхутчэй. Вось першасная імпэратыўная задача беларусаў.

Калісьці, гадоў 10-15 таму, разумныя людзі казалі, што калі антыбеларускі рэжым з вар'ятам начале захаваецца доўгі час, то вернуцца і калючы дрот, і тэрор, і ГУЛАГ. І вось мы ўжо зноў абмяркоўваем праблему катаваньняў, зьдзеку над народам і самаўпраўства КГБ.

Каб разумець палітыку гэбісцкага сатанізму, патрэбна шмат што, але найперш — ведаць Біблію і быць перакананым беларусам. Без адданасьці нацыянальнай ідэі ў барацьбе з антыбеларускім рэжымам палітыкам няма чаго рабіць, бо аб'ектыўна яны будуць яму спрыяць. З антынацыянальным сэнсоўна змагацца можа толькі нацыянальнае. З антыбеларускім — беларускае. Усё астатняе — ад лукавага.

* * *

Вяртаючыся да агентурнага ажыятажу на тэму байкоту і да цяперашніх выказваньняў закаранелых апазыцыянэраў-антыбайкатоўшчыкаў пра неабходнасьць байкоту, ня цяжка прадбачыць, у які бок пацягнуць гэтае ўзбуджэньне.

Яны “клясычна” падзеляцца на некалькі групаў. Адна будзе за байкот, другая — супраць, трэцяя — за выбары, але галасаваць супраць усіх, чацьвертая — за ўдзел у выбарчай кампаніі, але за тыдзень да галасаваньня зьняць кандыдатуры і аб'явіць байкот і г. д. Тэхналёгія банальная. Гэты спэктакль ужо пачынаецца, падключаюцца нават агенты з расейскага ведамства Караганава (Суздальцаў дык проста перапісвае некаторыя нашыя палажэньні. Яго роля — за байкот). Нават Ганс Вік вылез на сцэну з глыбокай пэнсіі (яго роля адваротная — супраць байкоту).

Увогуле, хутка мы ўбачам адзінства Масквы і Эўропы ў падтрымцы псэўдавыбараў у Беларусі. Для нас гэта не навіна. Такое было.

Псэўдаапазыцыя, як звычайна, будзе шкодзіць у справе байкоту ўжо па самой сваёй прыродзе. З той групай “псэўда”, якая стане за байкот, нам, зразумела, таксама нельга будзе сур'ёзна супрацоўнічаць (яны намі не кіруемыя і могуць заваліць працу на любым этапе). Хаця нейкія функцыі можна скарыстаць і прадугледзець. Галоўнае для нас, аднак, — стане праца з новымі людзьмі.

Ідэалёгія і асьветніцкая частка байкоту, распрацаваная намі і выпрабаваная раней, застаецца тая самая. Да гэтай працы трэба ўжо прыступаць. Што датычыць іншых канкрэтных дзеяньняў, арганізацыі і ініцыятываў, то пра гэта — у канцы ліста.

* * *

Правакацыя 19 сьнежня 2010 года і наступны за ёй разгром беларускай грамадзянскай супольнасьці — гэта толькі адна частка разбуральнага пляну спэцслужбаў. Другая частка (уцекачы ад Лукашэнкі і палітэміграцыя) была падрыхтавана таксама даволі прадумана. У Вільні, Варшаве, у Бэльгіі і іншых месцах імгненна ўзьніклі па 2-3 так званыя “беларускія цэнтры”, “офісы за дэмакратыю” і т. п., начале якіх раптам апынуліся “знакомые агентурные лица”, прытым некаторыя — зь беларусафобскім багажом, “русским языком” і легендамі пра перасьлед. Гэтыя “цэнтры” і “офісы” тут жа атрымалі ад уладаў краінаў ЭЗ памяшканьні, рыштунак і немалое фінансаваньне, ды прыступілі да імітацыі справы.

Такая хуткасьць, адкрытасьць дзеяньняў і арганізаванасьць “офісаў” тады мяне зацікавіла. І аказалася — каго там толькі няма: прадстаўнікі ўсіх кантор, толькі не беларускага палітычнага змаганьня. І ўсе, каму трэба, ад Брусэля да Варшавы, пра тое ведаюць.

Зараз у Эўразьвязе фармуецца шызоідная думка, што кантактаваць у Беларусі трэбе не з “апазыцыяй” (якую яны дзеля сябе стварылі і якую здалі), а з разумнымі чыноўнікамі лукашысцкага рэжыму і з “інтэлектуаламі” КГБ, каб там знайсьці процівагу аўтарытарызму Лукашэнкі. А дзеля гэтага трэба наладжваць “дыялёг” з уладай.

Пражэкцёры дурных ідэй аказаліся настолькі бяздарнымі, што першае, што зрабілі, — гэта (відаць, таго не падазраючы) спалілі сваіх прыхільнікаў — гэбісцкую агентуру у якасьці нейкага чарговага квазі-беларускага офіса “за демократию”, разьмешчанага ў Брусэлі, які выступіў за перагляд і скасаваньне санкцый для злачынных чыноўнікаў антыбеларускага рэжыму. Цяпер уся гэтая камарыльля сварыцца.

Падсумоўваючы агляд новага вітка “эўралукашызму”, зьвяртаю ўвагу на поўную беспэрспэктыўнасьць і шкоднасьць цяперашняй эўразьвязаўскай палітыкі дзеля волі, свабоды і нацыянальна-дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі.

Эўразьвяз арганізоўваў і спрыяў расколу і зьнішчэньню нацыянальна-дэмакратычных сілаў Беларусі (найперш — БНФ), гэта значыць рэальнай альтэрнатывы антыбеларускаму рэжыму. Адначасна Эўразьвяз у супрацоўніцтве з КГБ (Ганс Вік і інш.) выцягнулі на палітычную паверхню прамаскоўскіх зрусіфікаваных маргіналаў і стварылі падпарадкаваную сабе квазі-дэмакратычную апазыцыю, якую кантраляваў фінансава і ідэёва Эўразьвяз. Але рэальны кантроль над ёй (па дэфолту, па вызначэньню) мела агентура КГБ і рэжым Лукашэнкі.

Гэтая разбуральная, эгаістычная і шмат у чым таксама антыбеларуская палітыка Эўразьвязу прынесла вялікія перавагі Маскве, яе зьнішчальнаму ўплыву на Беларусі, падрыхтавала прадпасылкі для расейскага захопу беларускай эканомікі, зьнішчэньня культуры, русіфікацыі і падпарадкаваньня нашай краіны.

Становішча і ўся наша найноўшая гісторыя паказваюць, што ў тым супроцьстаяньні сілаў, якія выявіліся вакол Беларусі ў нашай частцы Эўропы, любая моц, што выступае супраць антынароднага русіфікатарскага рэжыму Лукашэнкі і якая не стаіць на нацыянальных пазыцыях Беларускай ідэі (бачачы ў рэжыме толькі антыдэмакратызм), кожная такая сіла, рана ці позна, стане спрыяць нішчэньню Беларусі, стане прыладай Брусэлю, Масквы, КГБ, лукашызму ці ахвярай сваёй палітычнай дурноты. Перамагчы антынацыянальны рэжым можа толькі нацыянальная сіла, якая ўсьведамляе сябе нацыянальнай.

Байкот ашуканцкіх выбараў антыбеларускага рэжыму можа стаць першым шырокім грамадзкім крокам для нацыянальнай кансалідацыі пратэсту ўсіх беларусаў.

12 лютага 2012 г.

Зянон ПАЗЬНЯК

Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ