ЗАМЕЖНЫ ДРУК (14-18.02.2012)

posted Feb 24, 2012, 7:57 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 24, 2012, 7:57 PM ]
Пагнаць трэба ўсю пачку

14 лютага 2012 г. румынская газэта “Adevarul” апублікавала артыкул пад тытулам “Ці спрабавалі саветы забіць Чаўшэску ў 1957 годзе?” 4 лістапада 1957 г. афіцыйная дэлегацыя Румыніі прыбыла ў Маскву на сьвяткаваньне 40-х угодкаў кастрычніцкай рэвалюцыі. У аэрапорце Унукава з прычыны благіх мэтэаралагічных умоваў самалёт зьляцеў з пасадачнай паласы і пацярпеў аварыю. Член палітбюро кампартыі Грыгорэ Працяска загінуў, другі член палітбюро Чаўшэску быў кантужаны. У 1965 г., калі Чаўшэску прышоў да ўлады ў Румыніі, ён заявіў, што саветы хацелі забіць яго ў 1957 годзе. Газэта напісала пра ягоны страх быць забітым Масквой.

Наш камэнтар: Гэты страх жыве ў кожным прамаскоўскім дыктатары і мае пад сабой грунт. Ёсьць чаго баяцца. Масква не забіла Чаўшэску тады, то забіла ў 1989 годзе, калі арганізавала партыйны путч супраць яго. Але народ не чакаў, чым скончыцца разборка паміж партыйнымі гангамі. Народ разам з нацыянальнай арміяй разграміў ненавісную прамаскоўскую камуну.

Калі падпарадкаваны Маскве дыктатар становіцца непатрэбным, Масква ліквідуе яго. А потым спрабуе паставіць на яго месца такога ж васала. Важна, каб народ не застаўся пасіўным назіральнікам за гэтымі маніпуляцыямі, а пагнаў бы перад сабой цынічных маніпулятараў.

Юрка Марозаў


Не схаваюцца

16 лютага 2012 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра выставу ў Тэль-Авіве. У мясцовым Музэі Бэйт Хатэфутсот выстаўлены дакумэнты і прадметы, зьвязаныя з апэрацыяй ізраільскіх спэцслужбаў, праведзенай у Буэнас-Айрэсе ў 1960 годзе. Тады “Масад” знайшоў, захапіў і вывез на суд і пакараньне ў Ізраіль Адольфа Эйхмана, аднаго з галоўных гітлерскіх арганізатараў Галакосту, які уцёк з Нямеччын ў 1945 годзе.

Наш камэнтар: Тыя, хто аддае і выконвае злачынныя загады лукашыстоўскага рэжыму, хто катуе беларусаў, павінны ведаць, што іх таксама чакае суд і справядлівае пакараньне. Яны нідзе не схаваюцца ад адказнасьці, нават калі ўцякуць на край зямлі.

Юрка Марозаў


Круцяцца

17 лютага 2012 г. славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейская апазыцыя абвясьціла, што прэзыдэнцкія выбары зьяўляюцца заранёў незаконнымі”. За два тыдні да выбараў крытыкі ўлады і актывісты за правы чалавека заявілі, што трэцяе прэзыдэнцкае кандыдацтва Пуціна выразна супярэчыць духу заканадаўства. Калектыўны дакумэнт на гэтую тэму падпісалі Нямцоў, Касьянаў, Аляксеева і іншыя.

Наш камэнтар: Малойцы апазыцыянэры! Заявілі, што выбары незаконныя. Вельмі сьмела. Але што ж яны маўчаць пра тое, што трэба рабіць людзям у такой сытуацыі? Чаму яны ня кажуць слова “Байкот”? Чаму не заклікаюць людзей не ісьці на псэўдавыбарчыя ўчасткі?

Гэта ёсьць тыя ж паводзіны, што і ў мясцовай псэўдаапазыцыі, якая ратуе лукашызм ад Народнага Байкоту ў Беларусі.

Алесь Хадасевіч


Яны нічога не разумеюць

17 лютага 2012 г. ангельская газэта “Telegraphe” напісала: “Памкненьні Ірану авалодаць зброяй масавага зьнішчэньня пагражаюць распаліваньнем “новай халоднай вайны”, якая нясе яшчэ большую пагрозу ядзернага канфлікту, чым супрацьстаяньне паміж СССР і Захадам, — папярэджвае Уільям Хэйг”.

Наш камэнтар: Папярэджваньні міністра замежных справаў Вялікай Брытаніі Хэйга сваечасовыя і адэкватныя. Але чаму эўралідары маўчаць пра ядзерную пагрозу з боку Расеі, якая паступова захоплівае Беларусь? На тэрыторыі Беларусі, пад самым бокам у Польшчы і Летувы Масква разбудоўвае сваю атамную станцыю (фактычна каласальную атамную бомбу), якая будзе пагражаць зьнішчэньнем эўрапейскім краінам. Масква падпарадкоўвае беларускую армію свайму камандваньню і разгортвае на нашай тэрыторыі сваю зьнішчальную зброю — на сотні кілёмэтраў бліжэй да эўрапейскіх краін, чым раней. І ўсе маўчаць! А калі не маўчаць, то запрашаюць на канфэрэнцыі па эўрабясьпецы ў свае сталіцы псэўдаапазыцыйную публіку з Беларусі кшталту Лебедько-Мілінкевіча. Эўрапейцы зьбіраюцца з гэтай публікай ратаваць сваю цывілізацыю? Ці разумеюць яны, што твораць? (Яны нічога не разумеюць).

Алесь Хадасевіч


Гадавіна паўстаньня

18 лютага 2012 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала з Лібіі. Там адбываюцца сьвяточныя мерапрыемствы з нагоды першай гадавіны пачатку народнага паўстаньня супраць дыктатуры Кадафі. Рэвалюцыя перамагла пасьля шасьці месяцаў змаганьня. Заходнія краіны прышлі на дапамогу паўстанцам. Людзі сьвяткуюць пад забароненымі пры дыктатуры нацыянальна-дзяржаўнымі сьцягамі. Але ў краіне застаецца шмат праблем.

Наш камэнтар: Год таму лібійскі народ пачаў вырашаць самую галоўную праблему: вызваленьня ад антынароднай дыктатуры шалёнага Кадафі. Толькі з вырашэньнем гэтай праблемы можна было вырашыць астатнія праблемы нацыі. І лібійцы пайшлі шляхам вызваленьня, не зважаючы на пагрозы і лямант з Масквы.

Юрка Марозаў


Словы адказнага нацыянальнага палітыка

18 лютага 2012 г. латвійская газэта “Diena” напісала: “Старшыня Саэйма (Парляманту Латвіі) Салвіта Абалцыня на суботнім рэфэрэндуме прагаласавала супраць расейскай мовы як другой дзяржаўнай мовы. Пасьля таго, як яна прагаласавала, Абалцыня заявіла, што задаволена актыўнасьцю выбаршчыкаў сёньняшняй раніцай. Калі яе спыталі, чаму павінны навучыцца на гэтым рэфэрэндуме палітыкі і грамадзтва, яна сказала, што па-першае, трэба зразумець, што гэта ёсьць правакацыя. “Мяркую, што бальшыня грамадзтва гэта таксама разумее. У 1918 годзе Латвію заснавалі людзі розных нацыянальнасьцяў. А цяпер неабходна, каб усе разам змагаліся за латышскую мову, якая ёсьць асновай Латвійскай дзяржавы. Латвія — адзінае месца, дзе можна размаўляць па-латышску, вучыць дзяцей. Латвія — месца, дзе трэба вывучаць і мацаваць латышскую мову”.

Наш камэнтар: Словы адказнага нацыянальнага палітыка. І, сапраўды, лекцыя для латышскага грамадзтва і іншых грамадзтваў: нельга дапускаць, каб пад выглядам дэмакратыі чужынцы-асаднікі наладжвалі правакацыі супраць дзяржаўнай мовы і падрывалі асновы Дзяржавы.

Алесь Хадасевіч